Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Лаўрык: На раскопкі Вітушка зьявіўся зь вялікім натоўпам талакоўцаў


Сяржук Вітушка выступае на ІІ Вальным сойме, які адбыўся ў Вільні

Сяржук Вітушка выступае на ІІ Вальным сойме, які адбыўся ў Вільні

Пра Талаку і яе лідэра Сержука Вітушку згадвае Юрась Лаўрык:

У 1985 годзе я, адвучыўшыся адзін год на бібліятэчным факультэце Менскага інстытуту культуры, быў пакліканы на службу ў войска. У гэты час мой сябра Мікола Касьцюкевіч паступіў на філфак БДУ, дзякуючы чаму мы даведаліся, што апрача нас у Менску існуе яшчэ цэлая папуляцыя беларускамоўных асобінаў, і што яны па восені зьбіраюцца ў стаі. Адной з такіх стаяў – і найбуйнейшай – была Талака.

Я вярнуўся з войска ўлетку 1987-га, а паколькі да пачатку навучальнага году заставалася яшчэ троху часу, уладкаваўся па старой памяці працаваць на раскопкі да Зянона Пазьняка. Пазьняк «капáў» тады ў Верхнім горадзе – перад былым касьцёлам бэрнардынак і каля кляштару базылянак. У канцы жніўня склалася сытуацыя, што рабочых рук не хапала, а раскопкі трэба было хутка згортваць (ня памятаю, зь якой прычыны – мабыць, праводзілі 2-ую лінію мэтро). У размове з Пазьняком я згадаў пра Талаку, і ён папрасіў мяне зь імі зьвязацца.

Я раздабыў у некага са знаёмых філфакаўцаў (здаецца, у Бараніча) тэлефон Вітушкі і патэлефанаваў яму з просьбай дапамагчы. Сяржук на просьбу адгукнуўся, і ў прызначаны дзень – гэта была адна з суботаў – зьявіўся зь вялікім натоўпам талакоўцаў (хоць яшчэ ня ўсе студэнты вярнуліся ў Менск пасьля лета). Ад тых раскопак у мяне засталася пара фотаздымкаў, якія я пасьля перадаў у Архіў найноўшае гісторыі; нешта з тых здымкаў было апублікавана на сайце «Вытокі».

Першае ўражаньне ад Вітушкі? Малады сьветлавалосы хлопец; спакойны, але камунікатыўны і энэргічны. Падчас тае сустрэчы Сяржук запрасіў прыходзіць на сходы Талакі, і я зь ягоных запросінаў скарыстаўся. Пачаткова Талака, каб не паўтарыць лёсу Майстроўні, удавала ахвоту да супрацоўніцтва з камсамолам, і першыя мае наведзіны суполкі адбыліся яшчэ ў гаркаме камсамолу на плошчы Леніна (пасьля Талака «пераехала» ў актавую залю Дому культуры на вул. Маскоўскай).

На час майго вяртаньня з войска ў Інстытуце культуры ўжо было колькі беларускамоўных студэнтаў (Андрэй Федарэнка, Ларыса Сьвянцецкая, Ірына Коваль, Зьміцер Садаўнічы). Мы зьбіраліся ў інтэрнаце бібфаку, а пасьля разам ішлі на пасяджэньні Талакі, якія адбываліся па аўторках. Фармальна мы да суполкі не належалі (неяк пра гэта нават і не задумваліся), але бралі ўдзел ва ўсіх талакоўскіх пасяджэньнях і акцыях – «лістападах», імпрэзах, мітынгах, раскопках (нешта з гэтых падзей усплывае ў Федарэнкавай «Гісторыі хваробы»). Талака зьяўлялася цэнтрам прыцягненьня беларускамоўнай моладзі: у арбіту яе ўзьдзеяньня траплялі і члены іншых менскіх суполак, і, так бы мовіць, «беспартыйныя». Падтрымліваліся таксама і кантакты зь сябрамі зь іншых гарадоў: Горадні, Гомеля, Віцебска, Наваполацка...

Скажу трохі пра формы дзеяньня Талакі; бадай, сёньняшняя моладзь, што выгадавалася ў зусім іншых палітычных умовах, папросту будзе ня ў стане некаторыя зь іх зразумець – як, напрыклад, «лістапады». Так назваліся ў той час акцыі, мэтай якіх было праз публікацыю ў СМІ данесьці да шырокае грамадзкасьці нейкае нязручнае для ўладаў пытаньне. Перабудова і «галоснасьць» былі, быццам бы, у разгары, аднак насамрэч у Беларусі іх ня надта было відаць: інтэрнэту тады не існавала, а ўсе СМІ знаходзіліся пад партыйным (камуністычным) кантролем; нават такія прагрэсіўныя на той час выданьні як «ЛіМ», не заўсёды маглі публікаваць тое, што хацелі. Таму было знойдзена выйсьце: пісаліся лісты на актуальную тэму, пад імі зьбіраліся подпісы, і ўсё гэта дасылалася ў газэту – а рэдакцыя была вымушаная на гэты матэрыял рэагаваць.

Для мяне першай акцыяў стаўся менавіта «лістапад»: на адным з верасьнёвых 1987 году пасяджэньняў Талакі было арганізаванае чарговае «бамбардаваньне лістамі» рэдакцый – з прычыны руйнаваньня Верхняга гораду. Вітушка зьвярнуўся да прысутных «беспартыйных» падтрымаць гэтую акцыю, што мы зь іншымі «кулькоўцамі» і зрабілі: пісалі лісты, выступалі перад калегамі-студэнтамі, зьбіралі подпісы.

Аб’яднаньне высілкаў нацыянальна сьвядомай моладзі рабілася ўсё болей актуальным, і неўзабаве (увосень 1987 году) Талака выступіла з ідэяй скліканьня Вальнага сойму беларускіх «нефармальных» арганізацый, які б дапамог каардынаваць сумесныя дзеяньні. Фармальна сойм ладзіўся пад пратэктаратам ЛКСМБ, аднак ад пачатку было зразумела, што «камсамол – верны памочнік партыі» і яго галоўнай задачай будзе гамаваньне ўсялякай нацыянальнай ініцыятывы.

Прынцып фармаваньня дэлегацый на Сойм быў вызначаны ад нізавых арганізацый, а паколькі камітэтаў камсамолу было значна болей, чым грамадзкіх суполак, то такія суполкі трэба было ствараць. Ад таго часу пачынаецца хваля зьяўленьня ўсё новых і новых маладзёвых нацыянальных арганізацый пры навучальных установах, а нават і пры прадпрыемствах. Тады ж была створаная і грамадзка-асьветная суполка «Зьніч» у Менскім інстытуце культуры, старшынём якой абралі мяне.

Сойм пасьпяхова адбыўся напрыканцы кастрычніка 1987 году, аб’яднаўшы нацыянальна сьвядомыя сілы і засьведчыўшы іх моц. Пасьля былі штогадовыя Купальлі і Каляды, ІІ Вальны сойм і стварэньне Канфэдэрацыі беларускіх суполак, «Дзяды» 1988 году і мітынгі на Верхнім горадзе ды на стадыёне «Дынама», стварэньне Мартыралёгу і Народнага фронту, а таксама шмат чаго іншага. Усе гэтыя падзеі, у большай ці меншай ступені, былі арганізаваныя і праведзеныя пры ўдзеле Талакі, якая сталася генэратарам ідэй для маладзёвага руху канца 1980-х гадоў.

XS
SM
MD
LG