Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Ткачова: Прычынай таго, што ў Талацэ так шмат народу, быў Сяржук


Сяржук Вітушка (справа) адкрывае шэсьце на Гуканьні вясны. Канец 1980-х

Сяржук Вітушка (справа) адкрывае шэсьце на Гуканьні вясны. Канец 1980-х

Пра Сержука Вітушку і Талаку згадвае колішняя талакоўка, цяпер дызайнэр Алена Ткачова.

Алена Ткачова

Алена Ткачова

Гэта быў клюб для тых, хто хацеў даведацца пра сваю гісторыю, этнаграфію, спадчыну, вывучаць беларускую мову, гісторыю разьвіцьця права ў нашай краіне. Былі розныя фракцыі для гэтых кірункаў: мова, права, этнаграфія, фальклёр, археалёгія… Але ўсіх аб’ядноўвала цяга да спадчыны той краіны, у якой мы жывем.

Я ўжо прыйшла ў Талаку ў 1989 годзе мастаком, таму гэты кірунак быў натуральным для мяне. Мы нешта майстравалі, рабілі беларускія народныя строі, да сьвятаў рыхтавалі атрыбутыку – маскі, калядныя зоркі. Быў вельмі цікавы від дзейнасьці, які патрабаваў працы мастакоў, – батлейка. Яна ўзьнікла ў Талацэ на прапанову Сержука Вітушкі, які напісаў сцэнары для спэктакляў і ўвогуле вельмі быў захоплены гэтай справай.

Найбольш захоплівала тое, што гэта было беларускамоўнае асяродзьдзе. Беларускую мову мы ведалі на ўзроўні школы і вучэльні – такі ня вельмі размоўны варыянт. Таму нам хацелася навучыцца па-сапраўднаму размаўляць па-беларуску, нязмушана.

Ня толькі школьнікі, але і студэнты ці маладыя спэцыялісты, якія ўжо мелі прафэсійныя навыкі, у Талацэ маглі іх разьвіваць, але рабіць гэта па-беларуску. Мова аб’ядноўвала нас усіх.

Вітушка быў безумоўным лідэрам Талакі. Але лідэрам незвычайным. Сьветлы, вясёлы, кантактны. Мы ўсе да яго цягнуліся. Ён – зь ліку такіх лідэраў, якія ня думаюць пра лідэрства, але лёс складваецца так, што яны бяруць на сябе абавязкі лідэра. Прыняць тое, што ўжо колькі гадоў яго няма, я не магу. Дзякуючы яму нават тыя, хто да Талакі толькі дакранаўся, прырасталі да яе вельмі моцна. Напэўна, менавіта таму ў Талацэ было так шмат народу. І прычынай гэтаму быў Сяржук Вітушка.

Амаль 10 гадоў, зьвязаныя з Талакой, – гэта адзін цудоўны ўспамін, які са мной заўсёды. Гэта і сябры, і сьвяты, і вандроўкі, і будзённыя справы. Да гэтага часу сябрую і сустракаюся з колам дзяўчат, зь якімі я пасябравала ў Талацэ. Лёс раскідаў нас па сьвеце, але на сьвяты мы зьбіраемся, сьпяваем, сьвяткуем, падтрымліваем адна адну.

XS
SM
MD
LG