Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Радкевіч: Сяржук быў нібыта ціхі, але яго хацелася слухаць


Сяржук Вітушка праводзіць экскурсію ў музэі

Сяржук Вітушка праводзіць экскурсію ў музэі

Пра Сержука Вітушку піша колішняя талакоўка, а сёньня журналістка Радыё Свабода Алена Радкевіч:

Алена Радкевіч

Алена Радкевіч

Талака была пратэстам супраць таго, што ляпіла з нас сыстэма. Супраць тухлага і цьмянага быцьця, якім даражылі ўжо некалькі пакаленьняў: жыцьця, дзе сэрвант і сэрвіз, а плата – страх іх згубіць. Але права на яркую будучыню патрабавала падмурку велічнай мінуўшчыны. Яе не давала нам школа, і толькі мала каму – сям'я. Талака – быў супольны пошук.

І тут адкрыліся скарбы, пра якія мы нават не маглі марыць. Адчайныя ваяры і прыўкрасныя князёўны, нязломныя паўстанцы і лепшыя ў сваёй эпосе мудрацы, готыка сабораў і вянкі на вадзе – аказалася, усё гэта некалі было нашым. І мы кінуліся расчышчаць сваё мінулае: з радасьцю адшуквалі чарапкі на раскопках, дапамагалі аднаўляць саборы і будынкі, пратэставалі супраць зьнішчэньня таго, што сілкавала нашыя мары. Усім нам было па 20-25: мы, як расьліны, гатовыя былі распускацца пасьля зімы – толькі для гэтага трэба было знайсьці непашкоджаныя карані. Вучыліся гаварыць па-беларуску, знаходзілі і далучалі да свайго сьвету каханых і сяброў, выхоўвалі дзяцей, сьпявалі і сьвяткавалі , хадзілі ў вандроўкі, адкрываючы для сябе край. Але жылі не адраджэньнем мінуўшчыны, а нараджэньнем будучыні.

Сяржук Вітушка – гэткая талакоўская «папараць-кветка». Узгадайма купальскую легенду: на яе сыходзіць агонь Перуна, і апоўначы, у Купальскую ноч яна зацьвітае на некалькі імгненьняў вогненным кветам. Вось і Сяржук, які нічым зьнешне ня быў падобны на ваяра і героя, палыхнуў такім агнём. Зырка і каротка. У яго нават на твары заўсёды быў такі румянец на ўсю шчаку – дотык Перуна, ня йначай. Ён ня быў ні гучным, ні патасным – але вядомы гэты эфэкт: чым цішэй гавораць людзі, тым больш да іх прыслухоўваюцца. Таму і на старшыню Талакі ён падыходзіў як ніхто іншы: быў чысты і нібыта ціхі. Але яго хацелася слухаць.

XS
SM
MD
LG