Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: Сяржук ішоў з самым цяжкім заплечнікам наперадзе грамады і яшчэ пры гэтым сьпяваў


Вясельле Людвікі Кардзіс і Сержука Вітушкі

Вясельле Людвікі Кардзіс і Сержука Вітушкі

Пра Сержука Вітушку згадвае Ірына Дубянецкая. У часы Талакі яна была выпускніцай Інстытуту замежных моваў. Цяпер – дырэктарка Беларускага калегіюму.

Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

Я б назвала яго сьветлым анёлам Адраджэньня. Ён зьнешне быў падобны да нашых герояў 19 і 20 стагодзьдзяў. Ён чымсьці быў падобны і да Кастуся Каліноўскага, і да Алеся Гаруна, да Янкі Купалы і Якуба Коласа. Такі зборны вобраз беларускага адраджэнца. Адкрыты, добразычлівы, іранічны. Яго абаяльнасьць прыцягвала моладзь, ды і старэйшых людзей таксама, відаць, ня менш, чым тыя ідэі беларускасьці, якія ён нёс. Яму ўдалося пашырыць Талаку і зрабіць яе ня клюбам, а хутчэй цэнтрам, дзе ўсё, што тычылася Беларусі – яе слаўная, але схаваная гісторыя, яе недазволеныя сымбалі, яе забытыя героі, недасьледаваная культура, фальклёр, шляхецкія традыцыі, рабіліся адкрытымі, рабіліся асабістым досьведам таго, хто іх шукаў. Прычым, досьведам, як духоўным, інтэлектуальным, так і досьведам вонкавым альбо падзеевым, бо гэта былі бясконцыя сьпеўкі, дыскусіі, вандроўкі, раскопы, якія ядналі людзей, давалі адчуваньне супольнай мэты і каштоўнасьцяў, жаданьня рабіць сваё далей і болей.

Сяржук як сапраўдны герой Адраджэньня быў і кампэтэнтны ў гісторыі, і вельмі таленавіты, і вельмі творчы. Ішоў з самым цяжкім заплечнікам наперадзе грамады і яшчэ пры гэтым сьпяваў, а калі каму была патрэбная дапамога, то ён даваў яе.

Ён быў першы ў сьпевах. Ведаў шмат песень, але іх шмат хто ў Талацэ ведаў. Ён жа езьдзіў па вёсках і сам запісваў фальклёр, а таксама сам складаў песьні – дзе словы, ці музыку. Асабліва любіў прыпеўкі, са словамі гуляўся, зачароўваючы прыгажосьцю мовы. Але заўсёды ставіўся да сваёй творчасьці троху іранічна. Маўляў, гэта ня вершы, а вершыкі, ня казкі, а казачкі. Нават калі ў 1990 годзе мы ўзяліся рабіць часопіс «Унія», ён яго называў «часопчык». Зь яго падачы мы дагэтуль так пра «Унію» гаворым – часопчык.

У тэатры Галіны Прымы ён быў яркім акторам – граў Васіля Ветра ў пастаноўцы «Маці ўрагану» паводле Караткевіча.

Часта ўзгадваю яго радкі:

Час гадзінай паўзе паволі,

а я па волі недасяжнай плачу.

Гадзінаў марных не вярнуць ніколі,

Плачу я за памылкі дзён юначых.

Сяржук Вітушка разам зь Зянонам Пазьняком капаў Курапаты, калі Зянон адкрыў іх. І ўвесь жах таго вусьцішнага адкрыцьця ён прапускаў празь сябе. Навонкі адкрыты, вясёлы і добразычлівы чалавек – мала хто ведаў, што творыцца ў яго душы. Будучы хворым чалавекам, ён цяжка перажываў гэта фізычна, але так, каб гэтага ніхто ня бачыў. Яму трэба было абавязкова рабіць ін’екцыі, ён заўсёды гэта рабіў так, каб ніхто ня бачыў. Безумоўна, гэта на ім адбівалася, бо ён літаральна згараў знутры.

Так сталася, што ў першай палове 90-х нашыя шляхі разышліся. Мы з Каралінай Мацкевіч паехалі вучыцца ў Ангельшчыну, Сяржук ажаніўся і паехаў у Вільню. Тады мы ўжо радзей сустракаліся – калі бывалі ў Менску. Натхненьне 80-х гадоў, якое выбухнула беларускай незалежнасьцю, зьмянілася глыбокім расчараваньнем і трывогаю. Ён казаў: «Дык а што ж ты хочаш? Мы ж зьехалі. Як мы можам наракаць на тое, што адбываецца ў Беларусі?»

З усіх вясельляў, на якіх я прысутнічала, вясельле Сержука і Людвікі – самае прыгожае. Уся энэргія, якая традыцыйна бывае ў вясельных рытуалах, пра якія мы толькі чулі і чыталі, і пра якія запісвалі ўзгадкі старых людзей, раптам выбухнула навонкі. Процьма дзяўчат, якія ў свой час былі закаханыя ў Сержука, хлопцы, якія яго вельмі любілі, – усё гэта выбухнула ў сапраўдны магутны вясельны рытуал. Напэўна, нават Сяржук і Людвіка не чакалі, што гэта так прыгожа атрымаецца.

Для людзей старэйшых Сяржук быў тым, кім бы яны, беларусы, хацелі сябе бачыць. Такім, якім самі беларусы ўяўлялі беларуса ў ідэале. Як кіраўніка Талакі, Сержука бясконца штрафавалі за парушэньні розных савецкіх законаў, выклікалі на адміністрацыйныя камісіі. У гэтым камісіях заўсёды былі адны і тыя людзі, старэйшыя за нас кабеты, якія ўжо вельмі добра ведалі Сержука. Яны давалі яму штрафы, бо не маглі рабіць інакш, але пасьля прыходзілі дадому і расказвалі, які цудоўны хлопец Сяржук Вітушка і якая цікавая Талака, і былі вельмі радыя, калі іх дзеці пачыналі туды хадзіць.

Калі Сяржук страціў зрок, то я прыяжджала да яго ў Вільню. Мяне ўражвала, як ён захоўвае магутную веру і аптымізм. Так і застаўся сьветлым анёлам. Страціўшы зрок, ён узяўся рабіць экскурсіі па Вільні для сьляпых. Ён разумеў, што трэба сьляпому, як можна навобмацак адчуваць сусьвет. А як ён добра ведаў Вільню! Калі мы разам ішлі па горадзе, то ён расказваў мне, што я бачу, і не памыляўся ні на мэтар. Да гэтага часу самыя яркія ўражаньні ад Вільні – гэта тое, што сьляпы Сяржук мне паказваў. Будучы сьляпым, ён заставаўся відушчым. Гэта неверагодна.

Адзін зь вершыкаў Сержука вельмі добра характарызуе і яго іранічнасьць, і кампілятыўнасьць, і шчырую любоў да Беларусі:

На пашпарце золатам ВКЛ

І віза зь мінуўшчыны ў нові.

Чытайце, зайздросьце – я грамадзянін

Вялікага Княства Любові.

XS
SM
MD
LG