Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караліна Мацкевіч: Ён укладаў сябе ў людзей, гадаваў дух


Сяржук Вітушка з нацыянальным сьцягам

Сяржук Вітушка з нацыянальным сьцягам

Пра Сержука Вітушку і Талаку піша Караліна Мацкевіч, былая талакоўка і каардынатарка Канфэдэрацыі беларускіх суполак, цяпер дасьледчыца Бібліі, сакратар управы Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі:

Караліна Мацкевіч

Караліна Мацкевіч

Зь Сержуком я ўпершыню сустрэлася падчас талакі ў Строчыцах увесну 1987 году. Да таго я ўжо даўгі час шукала беларускамоўны асяродак. Аднойчы сяброўка, якая выпадкова напаткала кагосьці, хто ведаў Гэніка Лойку, прынесла мне ад яго цыдулку з двума сакрамэнтальнымі словамі «Сяржук Вітушка» і з нумарам тэлефона, які лёгка зарыфмаваўся ў памяці. Цяпер сьмешна згадаць, але ў той момант я глядзела на цыдулку і не разумела, дзе там імя, а дзе прозьвішча, бо з іменем «Сяржук» ніколі не сутыкалася. Голас у слухаўцы быў вельмі цёплы і прыязны, і адразу ж запрасіў на некалькі талокаў, у тым ліку на замчышча на Нямізе (дзе йшоў «аварыйны» археалягічны раскоп перад пракладкай мэтро) і на Строчыцкі музэй драўлянага дойлідзтва.

Знаёмства пачалося яшчэ ў музэйным аўтобусе, поўным беларускамоўнай моладзі. Сяржук заводзіў сьпевы, і ў нейкі момант я, набраўшыся сьмеласьці, запыталася ў яго, ці ня ведаюць талакоўцы сьпеву «пра коней», які мне, малой, бацька пяяў як калыханку. Сяржук усьміхнуўся ў вусы, а тады абвясьціў на ўвесь аўтобус, што новая дзяўчына просіць пасьпяваць «Пагоню». І тады, сьледам за ім, яны грымнулі... Колькі б разоў я пасьля ні чула (і ні сьпявала) «Пагоню», гэтае аўтобуснае ўражаньне засталося наймацнейшым.

Пасьля таго былі шматлікія сходы, талокі, вандроўкі і фэсты, дзе Сяржук нязьменна быў рухаючай сілай, палымяны і натхнёны, і ў той жа час сьціплы і шляхотны. Ён ня быў галоўным ідэолягам тагачаснага моладзевага адраджэньня, але ў яго была натуральная мудрасьць і надзвычайная ўнутраная сіла, што рабіла яго выключным лідэрам. У ім мы пазнавалі рамантычны вобраз змагара Кастуся, але жыў у ім і Гервасі Выліваха, які жартаваў, гарлаў прыпеўкі ды застольныя песьні, заводзіў гульні. «Дзе пачую Талаку, туды ногі валаку!» За ім «валачы ногі» было лёгка і весела. Таго зараду, які я тады ад яго атрымала, хапіла, каб праз гады закласьці ў лёнданскім беларускім асяродку традыцыю Батлейкі і Купальля, дзе брытанскія беларусы дагэтуль пяюць ягоныя песьні і, як ён калісьці, гуляюць у «суворыя мужчынскія гульні» і ў «Падушачку». А на Дзень мовы ў 2013-м лёнданскія дзеці зрабілі невялічкі спэктакль па ягонай «Казцы пра герб».

Сяржук быў вельмі сонечны, і калі думаеш пра яго, самі сабой паўстаюць вогненныя асацыяцыі: ад купальскага вогнішча і полымя паходні да «грамнічнай сьвечкі прад Богам» (зь верша Жылкі, які Сяржук чытаў дваццаць пяць гадоў таму на вечарыне часопіса «Унія»). Ён сапраўды гарэў. Магчыма, таму фэномэн Сержука цяжка патлумачыць тым, хто яго ня ведаў, і плён ягоны цяжка зрахаваць, зьвесьці ў сьпіс. Ён укладаў сябе ў людзей, гадаваў дух, і рабіў гэта лёгка і нязмушана, хоць напэўна, плаціў за гэта ўласным здароўем. Ён трансфармаваў сьвядомасьць цэлага пакаленьня беларусаў, і мы рабіліся лепшымі, гледзячы на яго. Памятаю, неяк Сяржук сказаў, што ўяўляе сябе сталкерам, правадніком, які водзіць людзей у забароненую Зону – Беларусь. Гэта было трапнае параўнаньне: той сьвет, які ён для нас адкрываў, незваротна мяняў нас саміх. Ня ведаю, ці меў ён таксама на ўвазе трагізм сталкерства... А пасьля вось гэтак жа, ужо сьляпым, працягваў вадзіць людзей па Вільні, адкрываць для іх беларускую прастору.

XS
SM
MD
LG