Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тое, што прапаноўвае Ян Максімюк у сваім блогу --> http://www.svaboda.org/content/transcript/24626377.html  — прызнаць расейскую мову за частку беларускай культуры — інакш як капітуляцыяй не назавеш.

МОВА ЯК ГЛЕБА ДЛЯ КУЛЬТУРЫ

Умоўна кажучы, замест спробаў тварыць па-беларуску так, каб чыталі/глядзелі/слухалі (як Караткевіч і Быкаў, N.R.M і Ляпіс Трубецкой), нам прапаноўваюць пагадзіцца, што які-небудзь Чаргінец, Серёга і менская папса таксама належаць да нашай культуры.

Добра, што далей? Адмяніць беларускамоўнасьць як крытэр адбору на Басовішча? Перакласьці песьні Лявона Вольскага на мову «вялікага брата»? Зрабіць расейскую вэрсію сайту «Свабоды»?

Калі для Кулінковіча, якога ўзгадвае аўтар, пераход на беларускую мову быў складаны, то для новага пакаленьня, якое не застала савецкія аўтаматы з газіроўкай, усё прасьцей. Новыя зоркі — Vinsent, Паліна Рэспубліка, Amaroka, Akute і дзясяткі іншых — ад пачатку сьпявалі па-беларуску.

Ня трэба далёка ісьці. На пытаньне спадара Максімюка адказаў Андрэй Курэйчык у сваім фільме «Вышэй за неба». Паміж сабой музыкі гавораць збольшага па-расейску, але сьпяваюць па-беларуску. Ні ў кога не ўстае нават пытаньня, пакуль вакаліст Стас не прапануе: «Хлопцы, а давайце працаваць на Расею, зарабляць грошы». Гурт расколваецца. Стас пачынае рабіць расейскую папсу, а галоўны герой стварае новы беларускамоўны гурт з прыгожай вакалісткай — «Вышэй за неба».

Стас сьвядома робіць выбар на карысьць расейскай культуры.

Ведаю шмат беларускіх гуртоў, якія пераходзілі з расейскай на беларускую мову (тыя ж Ляпісы і Нейра Дзюбель), не магу прыгадаць адваротных выпадкаў. Факты — рэч упартая, шаноўны Ян.

Беларуская культура расьце толькі на ўрадлівай беларускай мове. Хаця не: расьці, можа і на іншай, але квітнець — толькі на беларускай.

І вы зноў скажаце: а як жа Адамовіч?

Так, вядома, Алесь Адамовіч — беларускі пісьменьнік. Беларускі, савецкі і расейскі. Гэтаксама, як Адам Міцкевіч — беларускі, польскі, літоўскі паэт. Як і фільм «У тумане» Сяргея Лазьніцы паводле Быкава, прадстаўлены ў Канах, — таксама на стыку розных культураў.

Прыкладаў міжкультурных праектаў процьма. Але такая культура, на жаль, ня здольная кансалідаваць нацыю. Дарэчы, двумоўны Адамовіч, як і Валянцін Тарас, і людзі блізкага да іх кола ніколі не выказваліся за тое, каб расейская мова сталася роднаю для ўсіх беларусаў. Расейскамоўны карэнны мянчук Кастусь Тарасаў урэшце цалкам перайшоў на беларускую.

МОВА ЯК ЧЫНЬНІК КАНСАЛІДАЦЫІ

Ян Максімюк задае пытаньне: «Чаму расейская мова ня можа быць мовай беларускай культуры? Якім чынам расейская мова пагражае беларускай культуры і беларускай незалежнасьці».

Ня можа. Гэтаксама як і польская мова НЯ МОЖА быць мовай беларускай культуры. Хаця польская мова, заўважце, цяпер пагражае нашмат менш беларускай культуры, чым расейская.

Нашая нацыя яшчэ дафармоўваецца, яна не такая зьдзейсьненая, як любая заходнеэўрапейская. Няма канфэсійнай еднасьці, адрозна ад ірляндцаў (да якіх апэлюе Максімюк), няма памяці пра вайну за незалежнасьць, як у іх.


Для беларусаў мова — галоўны чыньнік кансалідацыі і культурнай ідэнтыфікацыі.

Нацыі няма бязь межаў. Межы абазначаюцца мовай. Гіганцкая расейскамоўная мэдыяпрастора начыста сьцірае адчуваньне мяжы. І пазначаць адметнасьць найперш трэба ад яе. Ад іншых прасьцей.

Дзяржавы дбаюць пра захаваньне моўнай ідэнтычнасьці. Валійцы апошняе дзесяцігодзьдзе актыўна адраджаюць валійскую мову, швайцарцы дбаюць пра захаваньне ўнікальнай рэтараманскай і мясцовых дыялектаў «вялікіх» моваў, для Каталёніі мова — зброя ў змаганьні за незалежнасьць. А вось Бэльгія, якая так і не вызначылася з моўным пытаньнем, фактычна на мяжы дзяржаўнага расколу.

Расейская, адрозна ад ангельскай, не ўсясьветная і ўжо нават не рэгіянальная lingua franca. У Грузіі і Літве ўвогуле вырасла пакаленьне, якое па-расейску не разумее. Казахстан паступова і няўхільна ўмацоўвае казаскую мову. Усе мы бачым цяпер мабілізацыю ўкраінскай грамадзянскай супольнасьці супраць палітычна абумоўленай русыфікацыі.

ЭКСПАНСІЯ Й ІНКАРПАРАЦЫЯ

Вось, напрыклад, на вайне, які галоўны чыньнік распазнаваньня свой-чужы?

Правільна, мова.

Беларуская культурная прастора цяпер вядзе няроўны бой з расейскай экспансіяй. Экспансія праводзіцца рукамі аўтарытарнай улады. (закрыцьцё ліцэю, Арт Сядзібы, газэты «Раніца», «аптымізацыя» Інстытуту мовазнаўства, русыфікацыя школы, тэлебачаньня). Наступны этап — апошні — інкарпарацыя. Не, не зьліцьцё, а менавіта інкарпарацыя беларускай культуры ў расейскую.

ПЕРШАЯ — РАСЕЙСКАЯ, РОДНАЯ— БЕЛАРУСКАЯ

Але давайце вернемся да Міхалка. Што яго чалавека, які ўсё жыцьцё сьпяваў расейскую амаль-папсу, прымусіла выбіць сабе наколку пад грудзінай «Ня быць скотам» і засьпяваць Янку Купалу? Што расейскамоўнага журналіста Віктара Марціновіча прымусіла напісаць раман па-беларуску?

«Родная мова» і «першая мова» ў нашай сытуацыі розныя — у мільёнаў беларусаў.

Калі я быў у Моладзі БНФ, да нас прыходзіла шмат 15-18-гадовых актывістаў, бальшыня — расейскамоўныя. Але мінала пару месяцаў — і яны без прымусу пераходзілі на беларускую.

У войску некаторыя салдаты усьлед за мной спрабавалі размаўляць, нават давалі вайсковыя каманды па-беларуску. Адзін нават пачаў пісаць вершы па-беларуску і зьбіраецца выдаць зборнічак.

Дакуль у сьвядомасьці ўтрымліваецца ідэал «беларус — па-беларуску», датуль будуць пераходзіць на беларускую. Галоўнае — спрыяльнае асяродзьдзе.

Бальшыня беларусаў і грамадзянаў Беларусі спакойна прызнаюць беларускую мову за родную — незалежна ад сваіх моўных паводзінаў. Праблемы ў камунікацыі паміж беларуска- і расейскамоўнымі ў Беларусі НЯМА.

МОВА Ў АБМЕН НА НАФТУ

Палітычная сытуацыя для мовы страшная.

Лукашэнка прадае мову за нафту. Расейцы ўкладаюць велізарныя грошы і намаганьні для вяртаньня расейскай мовы на постсавецкую прастору

У адзін дзень прыйшлі дзьве навіны. У Горадні адкрываецца Цэнтар расейскай мовы і адначасова там жа чыноўнік рассылае цыркуляр супраць «прымусовай беларусізацыі».

Дыскусія, каб беларусы прызналі расейскую мову сваёй, працягваецца ўжо два стагодзьдзі. Па пытаньні ўжо выказаліся Мураўёў-Вешальнік («Что не доделал русский штык, доделает русская школа»); праславуты дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Руслан Игнатищев, які выпусьціў брашуру «Родной ли белорусам русский язык? — Родной!»; урэшце сам Аляксандар Лукашэнка (тут і так зразумела).

Усе аргумэнты за/cупраць выказаныя. Цяпер кожны займае пазыцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG