Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Кранальны тэкст Усевалада Сьцебуракі пра асаблівае месца ў беларускім сусьвеце тых, каму цяпер 30 (+/ - 5 год), паставіў на дыбкі ўвесь Інтэрнэт. Што ня дзіва, бо вельмі добра напісана. Пагадзіўшыся з інтанацыямі Сьцебуракі, катэгарычна аспрэчу асноўныя тэзы. Не таму, што крыўдна за нас (мне таксама 30 (+/ - 5)). А таму, што крыўдна за тых, каму 20.

1. Я не сьпяваў Мельнікава і Воюша пад гітару. Прыкладна ў тыя гады, калі сябры Ўсевалада вучылі песьні Воюша, я трэнькаў на чатырох акордах на лаве пад домам «The grass was greener \ The light was brighter \ With friends surrounded \ The nights of wonder» — з альбому Division Bell «Пінк Флойда».

Але хіба ж я не беларус, Усевалад? Хіба можна адмаўляць у беларускасьці тым, каго не перакуліла хваля адраджэньня 90-х? Тых, хто не зьмяняў уласныя імёны — зь Віктара — на Вітаўт, бо лічыў гэта безгустоўным? Мы не сталі беларускамоўнымі паэтамі, мы не атрымалі «Залатых літар» з рук Адама Глобуса. Некаторыя з нас прыйшлі да мовы пазьней, калі гэта перастала быць трэндам. Іншыя (і такіх большасьць, Усевалад!) на мове не размаўляюць наогул. Яны ня слухалі НРМ, Краму, Ulis, яны лічылі, што беларускіх «Дэпэшаў» няма, як няма беларускай «Нірваны», беларускіх «Бітлоў» і шмат чаго яшчэ. Яны не беларусы, Усевалад? Іх вы ня возьмеце ў пакаленьне LAST?

2. Мы — тыя, каму 30 (+/ - 5) — нічым не адметныя. Так, вучыліся па беларускамоўных падручніках. Аднак у вёсцы я натрапіў на падручнік па біялёгіі майго бацькі (бацьку цяпер 57 гадоў). Падручнік быў беларускамоўны. Ня трэба лічыць, што мы былі першыя. Тым больш ня трэба лічыць, што мы — апошнія. Выкладаньне ў Акадэміі мастацтваў ды Інстытуце культуры ў самыя махровыя гады вялося па-беларуску. Так, колькасьць нацыянальных школ скарачаецца, аднак, Усевалад, хіба ж у 1985 годзе (я быў у другой клясе) мы маглі дапусьціць, што беларускія школы ў беларускай сувэрэннай дзяржаве наогул будуць існаваць?

І хто нам сказаў, што мы можам ганарыцца тым, што засьпелі міліцыянтаў у канфэдэратках? Міліцыянты ў канфэдэратках забясьпечвалі парадак падчас рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўных сымбаляў у 1995 годзе.

Подласьць застаецца подласьцю незалежна ад таго, ці мае той, хто яе робіць, нашыўку «Пагоня» на рукаве ці не.

Мы нарадзіліся ў СССР. Мы былі піянэрамі. Мяне не пасьпелі прыняць у камсамол, бо ляснуўся Саюз. Але гэта — выпадковасьць. Дык хіба савецкая піянэрыя можа складаць соль беларускасьці? Ганарыцца ўласнай асаблівасьцю, адметнасьцю? Ставіць сябе вышэй за тых, хто не насіў на кашулях ды пінжаках выяву Леніна? Усевалад, нашая «асаблівая беларускасьць» была нечым кшталту «асаблівай беларускасьці» тых, каму пашэнціла жыць пры БНР: так, пачэсна, але ж надта коратка!

У 1991 мы перасталі быць падлеткамі СССР. У 1994 годзе мы перасталі быць падлеткамі незалежнай, беларускамоўнай, бел-чырвона-белай Беларусі. Тры гады, Усевалад! Усё, што мы маем, усё, што робіць нас асаблівымі — тры гады. Якія былі афарбаваныя асаблівасьцямі панаваньня такога «адраджэнца», як Кебіч.

3. Мы нарадзіліся ў СССР. Мы дагэтуль у пашпартах — Віктары, Аляксандры, Вітаўтамі ды Алесямі нас робіць уласны рамантызм. Так, людзі нашай генэрацыі называлі дзяцей Вінцукамі ды Альгердамі. Аднак сапраўднымі беларусамі — так атрымліваецца — зьяўляюцца менавіта дзеці. Тыя, хто не нудзіўся ля піянэрскага вогнішча ў лягерах адпачынку (слаўцо якое — «лягер»!). Хто не стаяў на лінейках і ня слухаў пра пакарэньне космасу «нашым Гагарынам».

4. Мы — не пакаленьне LAST. Мы — пакаленьне FIRST. Першыя, хто пабачыў незалежнасьць. Першыя, хто даведаўся пра сапраўдную ролю НКВД у станаўленьні беларускай нацыі. Пра той самы начны расстрэл, які зьнішчыў большасьць годных пісьменьнікаў.

Да нас былі больш сталыя адраджэнцы. Пагаварыце, Усевалад, з прадстаўніком «старой хвалі» беларускай эміграцыі — з героямі 1990-х: Сяргеем Дубаўцом, Сяргеем Харэўскім, Сяргеем Шупам, і вы пачуеце аб людзях нашага ўзросту прыкладна тыя самыя рэчы, якія вы пішаце пра тое пакаленьне, якое ідзе за намі. Мы не адраджалі «Нашай Нівы» у эміграцыі, Усевалад. Мы не зьяжджалі пасьля забароны «Пагоні». Мы не захлыналіся ад дэфіцыту беларускасьці ў Менску 1996 году. Нам было нармалёва. Нам было «цярпіма». А яны — захлыналіся. Яны — зьяжджалі. Яны — зьбіралі архівы, выдавалі кніжкі за ўласныя грошы, корпаліся па бібліятэках, нарыхтоўваючы тыя зьвесткі пра беларускую дзяржаўнасьць, якія намі — 30-ці гадовымі — нават яшчэ не ўсьвядомленыя як крытычна важныя. У гэтым сэнсе ваш тэкст можна ўспрымаць як тэкст не пра беларускасьць як такую, а пра вечны канфлікт пакаленьняў, кожнае зь якіх лічыць папярэднікаў дурнямі, несьвядомымі, несамавітымі балванамі. Аднак ці варта?

5. Мы з вамі — нават не пакаленьне FIRST. Мы — пакаленьне ZERO. Пакаленьнем FIRST сталі Вінцукі ды Альгерды па пашпартах, а не па сьветаўспрыманьні — тыя, хто нарадзіўся пасьля абвяшчэньня незалежнасьці. Тыя, каму цяпер 21 і меней.

Пра нас з вамі, Усевалад, напісана шмат кніг ды зьнята шмат фільмаў. Бо зьнікла вялікая таталітарная дзяржава. І кожны сталы чалавек пачаў задаваць пытаньні: хто ён? На якой мове размаўляць? Да якой гісторыі (інтэрпрэтацыі гісторыі) прыстасоўвацца?

Для тых, хто нарадзіўся ў 1991-м, такіх пытаньняў не стаіць. Яны — беларусы, грамадзяне незалежнай беларускай дзяржавы. Для іх Беларусь — не прадукт штучнай савецкай сэлекцыі («Песьняры», «Зуброўка», «Белавеская пушча»), а — неаспрэчны факт. Яны ня лічаць, што на беларускай мове размаўляюць толькі «калхазаны», як лічылі ў нашых з вамі сярэдніх школах. Для іх мова — маркер «апазыцыйнасьці», «пратэстнасьці», «далбанутасьці». Маркер, дарэчы, высакародны, бо страх пройдзе, а флёр застанецца. І гэта гарантуе, што сярод іх заўсёды знойдуцца тыя, хто будзе гаварыць выключна па-беларуску.

6. Ня трэба ставіцца да іх з пагардай: «грамадзяне РБ», «жыхары», «не беларускія». Маю гонар выкладаць у ЭГУ ў Вільні і сутыкаюся з гэтай генэрацыяй: яны ня горшыя за нас, Усевалад! Сярод іх ёсьць тыя, хто слухае Вольскага, аднак ёсьць і тыя, што «пруцца» ад бі-лінгвістычнага Міхалка. Сярод іх дастаткова беларускамоўных — ня меней, чым было ў нашай з вамі генэрацыі. Іх адносіны да нацыянальнага — прасьцейшыя, чым у нас з вамі. Але — і натуральнейшыя. Без барабаннага бою і літаўраў. 30-гадовыя яшчэ пакутуюць пытаньнем: ці беларусы мы? Гэтыя кажуць: ну так, мы беларусы, што далей?

Хіба вы скажаце, што Наста Палажанка — не беларуска, а «грамадзянка РБ»? Ці Наста Шулейка — «жыхарка»? Ці Зьміцер Дашкевіч — «не беларус»?

Яны дачакаюцца сытуацыі «пасьля». Мы — можам не дачакацца. Бо «пасьля» наступіць не праз год і не празь дзесяць.

Іх чакае ўласная «Перабудова» ды адліга.

Мы сваю «Перабудову» ды адлігу не скарысталі так, як павінны былі. Таму мы прабачэньня ў іх павінны прасіць, а не вінаваціць у дэфіцыце беларускасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG