Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: «Права беларусаў карыстацца роднай мовай паўсюдна парушаецца»


Алег Трусаў

Алег Трусаў

Старшыня Таварыства беларускай мовы, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Алег Трусаў згодны з высновамі справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША ў галіне правоў чалавека ў сьвеце адносна таго, што ў Беларусі цягам году «існавала дыскрымінацыя тых, хто імкнецца карыстацца беларускай мовай».

Алег Трусаў: «Так, існуе такая дыскрымінацыя, парушаюць правы тых, хто імкнецца карыстацца беларускай мовай. У Беларусі гэта ўсе ведаюць — не выконваюцца вынікі славутага рэфэрэндуму пра роўнасьць моваў. Скажу, што ня трэба і паперы амэрыканскія чытаць, дастаткова выйсьці на вуліцу, у краму зайсьці ці ў нейкую ўстанову, каб пераканацца, што яны парушаюцца».

Карэспандэнт: «Назіральнікі адзначаюць, што наяўнасьць штогадовых справаздачаў Дзярждэпартамэнту дазваляе бачыць сытуацыю ў дынаміцы. Адносна дынамікі сытуацыі зь беларускай мовай што вы можаце сказаць?»

Алег Трусаў: «Дынаміка тая, што ў галіне адукацыі ідзе відавочны спад. З кожным годам колькасьць беларускамоўных вучняў зьмяншаецца, і якія б мы намаганьні ні рабілі, Міністэрства адукацыі робіць адваротныя крокі. Вось, напрыклад, нядаўна міністар паабяцаў вярнуць выкладаньне гісторыі і геаграфіі па-беларуску, а ягоны намесьнік днямі абверг уласнага міністра. Дык пра што можна казаць? Праўда, у рэкляме трошку ёсьць зрухі да лепшага, ёсьць пэўныя зрухі ў разьвіцьці беларускай мовы на транспарце, мова ў інтэрнэце даволі актыўна разьвіваецца. Прыватнае выданьне беларускіх кніг павялічваецца. Але самая жахлівая праблема застаецца ў адукацыі. Тут дастаткова зайсьці ў любую школу, і мы ўбачым, што ўсё гэта парушаецца».

Карэспандэнт: «Ці можна сказаць, што нешта ўсё ж робіцца, але не намаганьнямі дзяржавы, а грамадзтва?»

Алег Трусаў: «Ну чаму толькі гэтак? Вось, прыкладам, Міністэрства культуры можна пахваліць. Адзіны міністар, які паўсюдна размаўляе па-беларуску, чаго раней не было. Такім чынам, і ў дзяржаве сёе-тое ёсьць, нельга і дзяржаву, як у нас некаторыя, за ўсё таптаць. Ёсьць яшчэ некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі на месцах, якія вельмі спрыяюць беларушчыне. Прыкладам, у Лідзе. Даволі добра ставяцца кіраўнікі Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцей. Таму і клясы пачалі стварацца беларускія на Гарадзеншчыне. Па-рознаму адбываецца».

Карэспандэнт: «Скажыце, а калі публічна згадваюць тых кіраўнікоў, якія спрыяюць беларушчыне, ці не пашкодзіць гэта ім? То бок я пытаюся пра тое, ці ня ёсьць беларуская мова паказчыкам пэўных палітычных пазыцый?»

Алег Трусаў:
«Ёсьць, вядома. Яна ўжо трыста гадоў ёсьць такім паказчыкам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG