Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская ваенная дактрына паводле рыторыкі больш агрэсіўная, чым расейская — экспэрт Рыгор Ніжнікаў


Аляксандар Лукашэнка, Рыгор Ніжнікаў, каляж
Аляксандар Лукашэнка, Рыгор Ніжнікаў, каляж

Што галоўнае ў новай беларускай ваеннай дактрыне? Ці азначае ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі, што ўцягваньне Беларусі ў вайну непазьбежнае? Чым адрозьніваюцца беларуская і расейская ваенныя дактрыны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае экспэрт Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў.

— Усебеларускі народны сход прыняў новую ваенную дактрыну Беларусі і канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі краіны. Гэтыя дакумэнты апублікаваныя. Якія моманты ў іх найбольш важныя?

— Ваенныя і ваенна-палітычныя тэмы былі галоўнымі на гэтым сходзе. Тое, як гэтыя дакумэнты былі прадстаўленыя, якія заявы рабіліся на УНС, паказвае, якой бачыць рэжым сваю будучыню. Ён да свайго апошняга дня будзе жыць у сытуацыі ваенна-палітычнага напружаньня, якое будзе нарошчваць, эскаляваць. І рэжым будзе мілітарызаваць краіну. Гэта тое, на чым ён будзе ўмацоўваць сваю ўладу ў краіне.

З апублікаваных дактрыны і канцэпцыі мы не даведаліся нічога новага. Бачым, што рэжым цалкам пагадзіўся ўсяляк дапамагаць Маскве. І апублікаваныя дакумэнты толькі падмацоўваюць гэтую субардынацыю. Яны падмацоўваюць тое, што ўжо ёсьць.

Бачаньне пагрозаў, сьветапогляд, адносіны да Захаду як галоўнага ворага — аднолькавыя з Масквой.

З гэтых дакумэнтаў вынікае, што мілітарызацыя Беларусі будзе працягвацца.

Гэта адбываецца ўжо некалькі гадоў. Зараз такая палітыка замацаваная ў асноўных дакумэнтах, якія вызначаюць кірунак гэтай палітыкі на будучыню.

— У дактрыне ёсьць пункт пра тое, што ў выпадку нападу на частку саюзнай дзяржавы Беларусь абавязваецца аказваць дапамогу, у тым ліку і вайсковую, ахвяры нападу. Расея трактуе баявыя дзеяньні ўкраінскага войска, скажам, у Запароскай і Херсонскай вобласьцях як напад на тэрыторыю РФ. Ну, і ўдары па Белгарадзе, па расейскіх НПЗ таксама могуць трактавацца як напад. Паводле новай ваеннай дактрыны Беларусь адкажа на гэта Ўкраіне вайсковай сілай?

— Не, гэта так не працуе. Юрыдычны бок тут другасны, галоўнае — гэта «паняцьці». Калі б Масква палічыла, што вайсковы ўдзел Беларусі ў вайне патрэбны, то беларускі бок сапраўды трактаваў бы сытуацыю так, што нібыта меў месца напад на «нашую агульную дзяржаву» і Беларусь мусіць ваяваць.

Але Масква зараз такога ўдзелу Беларусі ў вайне не патрабуе, і таму такая выснова, пра якую вы сказалі, з ваеннай дактрыны Беларусі ня робіцца.

— Чым адрозьніваюцца ваенныя дактрыны Беларусі і Расеі?

— Адрозьненьні грунтуюцца на тым, што беларуская дактрына была прынятая цяпер, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай. Расейскую прынялі да пачатку расейскага ўварваньня. У выніку беларуская дактрына больш агрэсіўная па сваёй рыторыцы, чым дзейная расейская.

У адрозьненьне ад расейскай, беларуская дактрына фактычна наўпрост называе, хто галоўны вораг для беларускага рэжыму. Папярэдняя беларуская ваенная дактрына была больш памяркоўная.

Але фактычна мы назіраем поўную сынхранізацыю ваеннай палітыкі расейскага і беларускага рэжымаў.

— Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі разглядае паняцьце гэтай бясьпекі вельмі шырока, у ёй шмат гаворыцца пра ўнутраныя пагрозы. Што яна абяцае тым беларусам, якія ня згодныя з палітыкай Лукашэнкі?

— Пра ўнутраныя пагрозы шмат гаворыцца і ў ваеннай дактрыне. Калі ў гэтых дакумэнтах пра вайну з краінамі Захаду гаворыцца як пра гіпатэтычную, то вайна беларускай апазыцыі ў замежжы ўжо абвешчаная. Пагрозы з боку гэтай апазыцыі ў замежжы пакуль даволі віртуальныя, але для рэжыму гэта ці не галоўная пагроза.

Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі прадугледжвае шэраг мераў для барацьбы нават не з апазыцыяй, а зь беларускім народам, каб прадухіліць яшчэ адно паўстаньне і патэнцыйную зьмену рэжыму.

— Вы сказалі пра мілітарызацыю. Сапраўды, у бюджэце Беларусі на 2023 год выдаткі на нацыянальную абарону былі прадугледжаныя ў памеры 2,77 млрд рублёў , а ў бюджэце на 2024 год — ужо ў памеры 3,57 млрд рублёў . Рост на 28%.

Аднак нядаўна Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньняў міру (SIPRI) апублікаваў справаздачу пра вайсковыя выдаткі ў краінах сьвету. Паводле дадзеных SIPRI, у 2023 годзе выдаткі на абарону як доля ад ВУП склалі ў Беларусі 1,8%, у Латвіі — 2,3%, у Літве — 2,8%, у Польшчы — 3,8%, у Расеі — 5,9%, ва Ўкраіне — 36,7%. Хіба гэта сьведчыць пра мілітарызацыю Беларусі?

— SIPRI працуе з адкрытымі афіцыйнымі дадзенымі. Істотная частка беларускіх бюджэтных выдаткаў засакрэчаная, і мы ня ведаем, як ён разьмяркоўваецца насамрэч. Да таго ж гэтая статыстыка ня ўлічвае тую вайсковую дапамогу — і фінансавую, і бязвыплатную — якую аказвае Расея. Я мяркую, што калі б мы маглі пабачыць гэтыя засакрэчаныя дадзеныя — і беларускія бюджэтныя выдаткі, і расейскую вайсковую дапамогу, то ўбачылі б, што рэальныя беларускія выдаткі на нацыянальную абарону істотна большыя, чым гэтыя 1,8% ВУП.

— У ваеннай дактрыне не паведамляецца пра парадак ужываньня расейскай ядзернай зброі, разьмешчанай у Беларусі. У першы дзень працы УНС Лукашэнка на адпаведнае пытаньне адказаў: «Мэханізм не прапісаны. Гэта наша справа з Пуціным»

Раней Масква заяўляла, што ТЯЗ у Беларусі будзе знаходзіцца пад яе кантролем, Лукашэнка гаварыў: «Кіраваць усім, што ёсьць у Беларусі, будзем мы тут, гэта наша зброя».

Дык хто ж ёю будзе кіраваць?

— Масква, толькі яна. Лукашэнка шмат чаго гаворыць. Але трэба глядзець на тое, што ён робіць. Ён прыняў сытуацыю, у якой яму трэба проста падпарадкоўвацца Маскве. Разьмяшчэньне расейскай ТЯЗ вельмі выгаднае Маскве. І зразумела, што Лукашэнку да яе ніхто не падпусьціць.

Таму гэтая рыторыка больш разьлічаная на ягоных прыхільнікаў унутры краіны, каб прадэманстраваць ягоную нібыта самастойнасьць.

— Ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі на УНС, яго нядаўняя заява «Мы рыхтуемся да вайны» — гэта і сапраўды падрыхтоўка да вайны як да непазьбежнасьці, ці як да імавернага сцэнару? Ці наагул запалохваньне пэрспэктывай вайны і выкананьне ролі ратавальніка ад яе — гэта спроба заваяваньня грамадзкай падтрымкі?

— Прынамсі адна з мэтаў ягонай ваяўнічай рыторыкі — сапраўды, паказаць грамадзтву, што Лукашэнка — адзіны, хто стаіць паміж Беларусьсю і вайной, хто ратуе краіну ад вайны. У беларускім грамадзтве ёсьць кансэнсус адносна самога Лукашэнкі — яго ненавідзяць і хочуць ягонага сыходу. Але ягоныя спробы даказаць, што ён ратуе краіну ад вайны, у спалучэньні з рэпрэсіямі дэмабілізуюць беларускае грамадзтва.

Ён разумее, што стаў настолькі залежным ад Масквы, што ваяваць, можа, і сапраўды давядзецца. Масква можа запатрабаваць ад яго большага ўдзелу ў вайне. І ён пойдзе на гэта, каб захаваць уладу.

Аднак у яго наагул вельмі кароткі гарызонт плянаваньня. Ён ведае, што заўтра Беларусь ваяваць прымушаць ня будуць. І спадзяецца, што неяк пранясе. Але куды гэтая залежнасьць завядзе яго і краіну, ён ня ведае.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG