Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя выдаткі ў 2023 годзе вырасьлі ва ўсіх рэгіёнах сьвету, — SIPRI


Гэта адна з высноваў штогадовага дакладу пра вайсковыя выдаткі краінаў сьвету, падрыхтаванага Стакгольмскім міжнародным інстытутам дасьледаваньняў міру (SIPRI).

Паводле дакладу, сусьветныя вайсковыя выдаткі летась дасягнулі 2443 мільярдаў даляраў, яны вырасьлі на 6,8% у параўнаньні з 2022 годам.

Летась вайсковыя выдаткі вырасьлі ва ўсіх рэгіёнах зямной кулі.

За год такія выдаткі Расеі вырасьлі амаль на чвэрць — да 109 мільярдаў даляраў. Яны склалі 16% ад усіх дзяржаўных выдаткаў і 5,9% ад ВУП.

Украіна была летась восьмая паводле велічыні вайсковых выдаткаў, якія склалі 64,8 мільярда даляраў. Пры гэтым Украіна таксама на працягу году атрымала ня менш за 35 мільярдаў даляраў вайсковай дапамогі.

У сукупнасьці гэтая дапамога і ўласныя вайсковыя выдаткі Ўкраіны былі эквівалентныя прыкладна 91% расейскіх вайсковых выдаткаў.

У 2023 годзе на долю 31 чальца NATO прыпадаў 1341 мільярд даляраў вайсковых выдаткаў — 55% сусьветных.

Вайсковыя выдаткі ЗША вырасьлі на 2,3% — да 916 мільярдаў даляраў, што склала 68% вайсковых выдаткаў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

«Для эўрапейскіх краін NATO апошнія два гады вайны ва Ўкраіне карэнным чынам зьмянілі пэрспэктывы бясьпекі, — сказаў Лярэнца Скарацата, дасьледчык аддзелу вайсковых выдаткаў SIPRI. — Гэты зрух ва ўспрыманьні пагрозы адлюстроўваецца ў росьце долі ВУП, якая ідзе на вайсковыя выдаткі».

Празь дзесяць гадоў пасьля таго, як чальцы NATO афіцыйна ўзялі на сябе абавязаньні па вайсковых выдатках 2% ад ВУП, адзінаццаць з 31 дзяржавы Альянсу дасягнулі ці перавысілі гэты ўзровень.

Польшча заняла 14-е месца ў сьвеце паводле памеру вайсковых выдаткаў, летась яны склалі 31,6 мільярда даляраў, прадэманстраваўшы рост на 75%.

У дасьледаваньні SIPRI прадстаўленая мапа сьвету, на якой пазначаныя рознымі колерамі памеры вайсковых выдаткаў як долі ВУП.

Адпаведны колер Беларусі — салатавы, што адпавядае выдаткам на абарону ў дыяпазоне 1–2% ВУП. Вайсковыя выдаткі як доля ВУП суседзяў Беларусі пераўзыходзяць гэты беларускі паказьнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG