Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рабкор» — новы альбом гурту «Ляпіс Трубяцкі» — можна слухаць ад начы 1 траўня.

Ён зьявіўся на сэрвісе «Яндэкс-музыка» ў рэжыме «стрымінгу» — бясплатнага праслухоўваньня.

Прэс-аташэ групы Аляксандар Бэргер кажа, што альбом выйшаў «жорсткім»:

«Рабкор» — адна з асацыяцыяў, якую назва выклікае, гэта жорсткія музычныя стылі, якія сканчаюцца на -кор: хардкор ці ска-кор. Такога «кору» будзе досыць шмат«.

Бэргер падкрэсьлівае, што альбом мае вострасацыяльнае гучаньне. У ім 12 трэкаў. Большую частку зь іх паклоньнікі гурту пачуюць упершыню. Але ў альбом увайшоў і добра вядомы трэк «Ня быць скотам» на словы Янкі Купалы.

Александар Бэргер: «Усе тэксты напісаныя Міхалком, апроч песьні „Ня быць скотам“, якую напісаў Янка Купала. Мабыць, беларуская мова Міхалка прагрэсуе — з кожным альбомам у яго ўсё больш беларускамоўных трэкаў».

Вокладку для «Рабкора» зрабіў мастак Уладзімер Цэсьлер. На ёй фотапартрэт беларускага мастака і рэкляміста Ігара «Міцька» Корзуна.

Уладзімер Цэсьлер: «Я лічу, што савецкая агітацыйная стылістыка — гэта непераўзыдзеная графіка і самыя лепшыя плякаты назаўжды. Самая лепшая графіка была створаная ў першыя гады савецкай улады. Я, дарэчы, спачатку зрабіў ружовую вокладку, але ім спадабалася чырвоная».

У 2011 годзе «Ляпіс Трубяцкі» быў прызнаны налейпшым расейскім гуртам. Сьведчаньне папулярнасьці музыкаў — жорсткі гастрольны графік. З турам «Ня быць скотам» «Ляпісы» аб’езьдзілі шматлікія гарады Расеі.

Мультымэдыя-часопісу 34mag.net удалося пабываць на адным з апошніх канцэртаў «Ляпісаў» у Маскве. Журналіст Антон Кашлікаў:

«Пакуль адчуваньне, што ў „Ляпісаў“ ад моманту выхаду альбому „Капітал“ (2007) усё ідзе ўгару. Гэта адзін з самых гастралюючых гуртоў на прасторах былога СССР. Напэўна, больш за іх езьдзяць і зьбіраюць толькі Стас Міхайлаў ці Алена Ваенга. У сакавіку-красавіку ў іх было па 25 канцэртаў у месяц. Пры гэтым яны даяжджаюць да тых месцаў, куды мала хто трапляе. Значыць, яны „ў плыні“, яны падабаюцца публіцы».

Але ў Беларусі верш Янкі Купалы ў жывым выкананьні Сяргея Міхалка наўрад ці можна будзе пачуць у бліжэйшы час.
А што яшчэ рабіць музыкантам, калі яны ня могуць канцэрты даваць? Ды нічога.

Аляксандар Бэргер: «Пакуль ніякіх плянаў наконт Беларусі быць ня можа. Ясна далі зразумець гурту, што ён не жаданы госьць на радзіме. Канцэрты немагчымыя. А што яшчэ рабіць музыкантам, калі яны ня могуць канцэрты даваць? Ды нічога. Пры цяперашняй уладзе ў нас ня будзе магчымасьці выступаць перад беларусамі».

«Ляпіс Трубяцкі» знаходзіцца ў чорным сьпісе забароненых музыкаў. Апроч таго, летась беларуская пракуратура вырашыла праверыць некаторыя выказваньні лідэра гурту Сяргея Міхалка. Нібыта ў словах музыкі ўтрымліваліся абразы на адрас кіраўніцтва краіны. За такое ў Беларусі можна атрымаць 2 гады зьняволеньня. Пасьля трохмесячнай экспэртызы крымінальную справу вырашылі не заводзіць. Але і Міхалка ў бліжэйшы час на радзіме фанаты не пабачаць.

Аляксандар Бэргер: «Мы стараемся арганізоўваць канцэрты ў памежных гарадах. Таксама робім бас-туры зь Менску на нашыя канцэрты, і, дарэчы, усё больш беларусаў прыяжджае.

Усясьветная прэм’ера «Рабкора», на якую чакаюць беларусаў, адбудзецца ў Крыме ў рамках «нулявога» дня фэстывалю «Джаз Кактэбель».

Аляксандар Бэргер: «На яго традыцыйна прыяжджаюць беларусы кожны год. Мы пастараемся зрабіць так, каб як мага больш народу прыехала на аўтобусах ці іншым чынам і атрымала задавальненьне ад песень, ад мора, ад прыроды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG