Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы не гавораць па-беларуску нават у хаце? Хто ўсё ж гаворыць па-беларуску? Наколькі мова зьяўляецца складнікам нацыянальнай ідэнтычнасьці? Ці могуць быць у людзей дзьве родныя мовы?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць філёзаф Валянцін Акудовіч, сацыёляг Аляксей Ластоўскі і культуроляг Юлія Чарняўская.


Прапануем вам фрагмэнты перадачы.


Дракахруст: У сакавіку 2012 году грамадзкая арганізацыя «Будзьма беларусамі!» і лябараторыя сацыялягічных дасьледаваньняў «Новак» правялі сацыялягічнае апытаньне што да нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў.

Гэта ўжо другое апытаньне на такую тэматыку. Папярэдняе было ў 2009 годзе.
Некаторыя вынікі апошняга апытаньня, апублікаваныя на нашым сайце, выклікалі палкую дыскусію. Мой калега Сяргей Дубавец апублікаваў блог пад назвай «Разгадкі беларускай ідэнтычнасьці». Але магчыма разгадкі насамрэч яшчэ наперадзе. І сёньня мы паспрабуем прасунуцца па гэтым шляху.

Акудовіч: Ставіцца пазытыўна адносна беларускай мовы і размаўляць на ёй – гэта абсалютна розныя рэчы. Як таксама розныя рэчы свабодна валодаць мовай і карыстацца ёй у побыце. Можна добра ўмець плаваць, але не хадзіць у басэйн і нават летам не знайсьці магчымасьці выбрацца на рэчку.

Мала таго, каб мова была ў табе, трэба каб ты быў у мове. І быў увесь час ды ўсюды. Інакш гэта не маўленьне як такое, а яшчэ адна праца пасьля работы ці той жа паход у «басэйн»…

Нават калі мовы застанецца ўсяго вобмаль, мы будзем вызначаць сябе беларусамі. Карацей кажучы, для ідэнтыфікацыі яна нам і ня надта патрэбная. Але калі мы яе страцім увогуле, дык усе нашы нацыянальныя каштоўнасьці разам не кампэнсуюць адну гэтую страту.

Калі недзе пад 40% адсоткаў беларусаў кажуць пра дзьве родныя мовы, дык назваць гэта інакш як шызафрэніяй у мяне не атрымліваецца. Зрэшты, жыць у Беларусі і не быць шызафрэнікам амаль немагчыма. Яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя Максім Гарэцкі напісаў знакавую аповесьць «Дзьве душы». Ну калі ў беларуса дзьве душы, дык тады цалкам натуральна для кожнай зь іх мець сваю родную мову.

Ластоўскі: Зараз лініі атаясамленьня беларусаў ідуць менавіта па дзяржаўных і палітычных крытэрах, і мова згубіла тое першараднае значэньне, якое мела сто год таму.

Беларуская мова найбольш распаўсюджаная сярод найперш жыхароў сельскай мясцовасьці, людзей старэйшага пакаленьня, людзей з пачатковай альбо няпоўнай сярэдняй адукацыяй.

Група тых, хто робіць ідэалягічны, сьвядомы выбар на карысьць беларускай мовы «правальваецца» ў масавых апытаньнях, бо яна вельмі малая.

Уяўленьне пра тое, што мова адлюстроўвае душу нацыі, і адпаведна, у кожнай нацыі можа быць толькі адна мова – гэта цалкам ідэалістычны штамп, які быў прыдуманы на сьвітанку мадэрнага нацыяналізму.

Адна родная мова існуе, каб на ёй размаўляць, а другая – каб ёй ганарыцца.

Чарняўская: Камунікатыўнай функцыі беларуская літаратурная (менавіта літаратурная) мова зь вядомых прычынаў не здабыла. Хутчэй можна казаць аб камунікатыўнай функцыі «трасянкі», якую некаторыя (часьцей сяляне) лічылі беларускай, а некаторыя (гараджане, жыхары мікрараёнаў) – расейскай мовай.

У школе нас вучылі, што кожны народ павінен валодаць сваёй мовай. Народ роўны мове. Мы ўсьвядомілі сябе асобным народам і пачалі называць роднай мовай беларускую. Менавіта ў гэтай пасьлядоўнасьці, а не наадварот.

Сымбалічнай функцыі дастатковая для таго, каб мова не памерла. Але яе мала для таго, каб яна існавала.

Для таго, каб гаварыць па-беларуску трэба рабіць намаганьні, а функцыянальнай неабходнасьці ў гэтым няма.

Дзьве родныя мовы: адна – матчына (функцыянальная і звыклая расейская), іншая – дзяржаўная і нацыянальная, хай і мала ужывальная ў побыце, але сымбалічна значная.

Цалкам перадача выйдзе ў эфір ў нядзелю, 10 чэрвеня.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG