Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава дбае пра мову як патолягаанатам: ускрыць і пахаваць


На якой мове гавораць беларускія грамадзяне? Чаму так шмат людзей вызначаюць сваю мову як мясцовую? Ці можна лічыць беларусамі тых, хто называе сваёй роднай расейскую мову? Якія межы і магчымасьці дзяржаўнай моўнай палітыкі?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць лінгвіст і палітык Вінцук Вячорка, дацэнт катэдры гісторыі беларускай мовы БДУ Сяргей Запрудзкі і вядучы сацыёляг лябараторыі «Новак» Надзея Яфімава.

На якіх мовах гавораць беларусы?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Дракахруст: Вынікі сакавіцкага апытаньня, праведзенага кампаніяй «Будзьма беларусамі» і сацыялягічнай лябараторыяй «Новак», спарадзілі ў нас на сайце палкую дыскусію. Алею ў агонь дадала перадача «Праскі акцэнт», якая выйшла ў эфір у мінулую нядзелю. З улікам вялікай цікаўнасьці да гэтай тэмы мы вырашылі працягнуць абмеркаваньне.

Шмат каго ўразіла лічба – толькі прыкладна 4% гавораць па-беларуску. А падчас перапісу сказалі, што гавораць дома па-беларуску – 23%. Розьніца ў 6 разоў.

Але больш поўныя зьвесткі апытаньня даюць больш складаную карціну.


Як часта Вы карыстаецеся кожнай з наступных моваў?*, у %

Зусім не карыстаюся Зрэдку Часам Часта Стала Разам
Беларускай 26 35 23 12 4 100
Расейскай 3 2 2 20 73 100
Мясцовай 37 16 17 10 20 100
Іншай 80 13 5 1 1 100

*Табліца чытаецца гарызантальна

4% – гэта тыя, хто сказаў, што гавораць па-беларуску стала, увесь час. Але яшчэ 12% сказалі, што гавораць па-беларуску часта, яшчэ амаль чвэрць – што часам, яшчэ амаль траціна – што зрэдку. Дык атрымліваецца, што па-беларуску ў Беларусі гавораць фактычна тры чвэрці насельніцтва.

Зь іншага боку прыкладна столькі ж – 73% сказалі, што стала гавораць па-расейску. Аднак, на думку старшыні ТБМ Алега Трусава, на літаратурнай расейскай мове ў Беларусі гавораць ня больш за 5% насельніцтва.

Дык на якой жа мове гавораць беларусы, беларускія грамадзяне? І хто
гэта можа вызначыць – прафэсіяналы-філёлягі, экспэрты, ці самі людзі?

Надзея Яфімава
Надзея Яфімава
Яфімава: На базе адказаў на прапанаванае пытаньне з дапамогай разьліку двухмернага разьмеркаваньня можна вызначыць, якімі мовамі, у якім спалучэньні і зь якой інтэнсіўнасьцю чалавек карыстаецца. Амаль 70% з тых, хто стала карыстаецца расейскай мовай, у той ці іншай ступені, гэта значыць рэдка, часам, часта ці ўвесь час, карыстаецца і беларускай мовай. З тых, хто стала карыстаецца расейскай мовай – 54% карыстаюцца мясцовай мовай, а 23% – іншымі мовамі: украінскай, польскай, ангельскай і гэтак далей. З тых, хто стала карыстаецца беларускай мовай, 80,6% рэдка, часам ці часта карыстаюцца і расейскай мовай, 83% карыстаюцца мясцовым мовай, 10% карыстаецца іншымі мовамі. Выснова такая: больш за палову насельніцтва карыстаецца з той ці іншай інтэнсіўнасьцю ўсімі названымі мовамі: беларускай, расейскай, мясцовай, некаторыя карыстаюцца і іншымі мовамі, пры гэтым выкарыстоўваючы тую ці іншую мову па сытуацыі.

Дракахруст: Сяргей, а зараз вам пытаньне: дык на якой жа мове гавораць беларускія грамадзяне? Можа яны проста чагосьці ня ведаюць, блытаюць, бо яны не прафэсійныя філёлягі? Можа, яны гавораць па-беларуску, а ім здаецца, што гэта расейская мова, вось як спадар Трусаў сказаў?

Сяргей Запрудзкі
Сяргей Запрудзкі
Запрудзкі: Беларускія грамадзяне не гавораць на нейкай адной мове. Размаўляюць на беларускай, расейскай, польскай, украінскай і іх разнавіднасьцях, часта нават чаргуючы іх ужываньне ў рамках адной размовы альбо у рамках аднаго выказваньня. Беларускія грамадзяне звычайна не гавораць на нейкай адной аднароднай мове ва ўсіх сытуацыях: штодзённых, афіцыйных, дома, з сябрамі, з суседзямі, са знаёмымі. Ступень знаёмства можа быць рознай: з адным знаёмым я гавару так, з другім інакш. У краме, з начальнікам, нават мужчыны і жанчыны размаўляюць па-рознаму ў залежнасьці ад таго, ці гэта толькі мужчынскае кола вядзе гаворку пра штосьці, альбо размова адбываецца паміж мужчынамі і жанчынамі. Такім чынам у гэтых размовах вельмі часта адбываецца пераключэньне кодаў. Гэта такі стандартны тэрмін заходняй сацыялінгвістыкі, які ў нас не ўжываецца, альбо маўленчая акамадацыя. Акамадацыя – гэта калі чалавек прыстасоўваецца да спосабу маўленьня свайго суразмоўцы.

Гэта такая пажаданая стратэгія, што лічыцца ветлівым. Мне здаецца, што на правільнай нарматыўнай літаратурнай мове, беларускай альбо расейскай, ва ўсіх сытуацыях гавораць толькі зануды. Канечне, на правільнай расейскай літаратурнай мове, не на такой узорнай, якая ў Расеі, магчыма, гавораць больш людзей, чым на беларускай мове. Цяпер такая сумная рэч, якая цікавая ня ўсім, але мне яна цікавая – гэта адрозьненьне мовы і маўленьня. Часта гаворачы пра маўленьне, мы маем на ўвазе мову. Калі гаворка ідзе пра вусную мову, то гэта безумоўна маўленьне, па-расейску, «речь», ангельскае – «speech», нямецкае – «rede». Вось гэтае маўленьне – гэта рэалізацыя, увасабленьне мовы вельмі моцна адрозьніваецца ад абстрактнай тэарэтычнай мовы, якая запісаная ў граматыках, падручніках, слоўніках і якая ёсьць у галовах звычайных карыстальнікаў. Людзі думаюць, што мова – гэта, несумненна, тое, што запісанае вось там, у граматыках. Але, калі гаворка ідзе пра маўленьне, то яно можа быць вельмі стракатым, разнародным да такой ступені, што мы ў нейкіх выпадках ня ведаем, да якой мовы чалавек зьвяртаецца пры маўленьні, – прыклад трасянкі. Неабавязкова карыстацца меркай, крытэрыем запісаных зводаў правілаў пры ацэнцы вуснага маўленьня. Тут трэба ўлічваць спэцыфіку гэтага маўленьня і карыстацца нейкімі больш гнуткімі падыходамі.

Дракахруст : Вінцук, які ваш адказ на пытаньне, якой мовай карыстаюцца беларускія грамадзяне? Некалькі гадоў таму ў вас быў тэкст «Ніхто, акрамя нас», дзе вы выкладалі сваё бачаньне, што насамрэч беларусы гавораць па-беларуску, проста яны гэтага не ўсьведамляюць. Ці можа тады я вас няправільна зразумеў?

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
Вячорка: Сапраўды, мой пасыл перададзены правільна. Ніводны народ у сьвеце не гаворыць у бальшыні сваёй на літаратурнай мове. Хіба можа ў Ватыкане гавораць літаратурнай моваю – лацінскай. Іншая рэч, што немец, будзь ён, напрыклад, баварац – можа сказаць, што я гавару па-баварску, але ж гэта і ёсьць па-нямецку. У нас сытуацыя значна больш складаная, паколькі расейская рэальна пануе ў палітычным, навуковым, працоўным жыцьці. А паколькі гэтая мова блізкароднасная, то чалавек лічыць беларускаю моваю толькі той стандарт, які ён чуе па радыё, бачыць у газэтах, ці калі маладзейшы – у інтэрнэце, а ўсё, што адхіляецца ад гэтага стандарту, – ужо нібыта і не беларуская мова.

Наагул, сацыялёгія – гэта ж псыхалягічная навука. Яна вымярае стаўленьне чалавека да пэўных словаў-стымулаў. Гэтае стаўленьне залежыць ад таго, што чалавек разумее пад беларускай мовай. Таму ніякае апытаньне, ніякі перапіс у такіх складаных сытуацыях, як наша, не перададуць рэальнасьці. Толькі «мэтад заглыбленага назіраньня». Мовазнаўцы-дыялектолягі, якія вывучаюць гаворкі, добра ведаюць гэта. Трэба паехаць, пажыць, каб да цябе прывыклі і перасталі цябе заўважаць. Тады рэальнасьць будзеш ведаць. Альбо праедзь некалькі разоў зь якім-небудзь рабочым ці нават службоўцам з Малінаўкі ў цэнтар Менску і паслухай, як мяняецца набор ягоных словаў, а нават і ягонае вымаўленьне. Што да перападу амаль у шэсьць разоў паміж адказамі па пытаньне перапісу «Якой мовай Вы пераважна карыстаецеся штодня?» і вынікам гэтага апытаньня «Новака» -- гэта лішняе пацьверджаньне няпэўнасьці, хісткасьці вынікаў такіх апытаньняў. Я таксама хацеў бы дадаць у працяг таго, што Сяргей сказаў пра пераключэньне кодаў. Ведаеце, важна, якія першыя словы сацыёляга альбо перапіснага анкецёра, калі ён грукае ў дзьверы. Што ён кажа? «Добры дзень, мы праводзім апытаньне…» ці ён кажа: «Здравствуйте, мы проводим опрос»? Нават калі пасьля гэтага ён скажа: «На каком языке вы хотели бы…» – усё, код пасланы. Прыярытэтны код – расейская, прычым афіцыйная, стандартная, чыноўная, літаратурная расейская мова. І чалавек будзе адаптавацца пад гэты код, як умее. На жаль, гэта так для нашага, апошнія два стагодзьдзі безьдзяржаўнага народу. Гэтая адаптацыя была яшчэ і пытаньнем выжываньня і пытаньнем бясьпекі.

У перапісных лістах розных краінаў, дзе моўная сытуацыя складаная, варыяцыйнасьць пытаньняў большая. Скажам, у швайцарскім перапісе ажно 11 варыянтаў адказаў на пытаньне: «Якой мовай вы гаворыце?» Прычым падкрэсьліваецца, што калі чалавек адказвае, што гаворыць на швайцарска-нямецкай мове, то нельга пісаць, што ён гаворыць па-нямецку. Калі ён адказвае, што гаворыць на француска-швайцарскай patois, то нельга пісаць, што ён гаворыць па-француску. У валійскім перапісе (гэта Валія, Ўэльс) ёсьць градацыя пытаньняў пра ступень разуменьня валійскае мовы, а ня толькі валоданьня ёю. Гэта значыць, што перапісьнік-анкецёр мае сур’ёзную лінгвістычную падрыхтоўку. Толькі яе атрымаўшы, ідзе перапісваць. Так робяць дзяржавы, якія дбаюць пра зьберажэньне сваёй этнамоўнай ідэнтычнасьці і ставяцца да этнамоўнай сытуацыі не як патолягаанатамы: ускрыць, зафіксаваць, апісаць і пахаваць, а як тэрапэўты.

Дракахруст: Надзея, Вінцук выказаў нейкія мэтадалягічныя заўвагі наконт правядзеньня сацыялягічных апытаньняў.

Яфімава: Ён цалкам мае рацыю. І гэта, як правіла, улічваецца. Калі мы выконваем заказы замежных арганізацый, там абавязкова патрабуюць, каб былі варыянты анкеты на расейскай мове, на беларускай мове і апытваць на той мове, на якой пажадае адказваць рэспандэнт. Але гэта той выпадак, калі трэба адразу заходзіць і казаць: «Вітаю вас», а не «Здравствуйте». А мы задаём першае пытаньне па-расейску. І гэта ўплывае. Гэты момант ёсьць я зь Вінцуком згодная.

Фэномэн «мясцовай мовы»


Дракахруст: Надзея, а як вы патлумачыце гэты разрыў паміж зьвесткамі апытаньня і перапісу: у апытаньні стала гавораць па-беларуску 4%, а паводле перапісу – 23%?

Яфімава: Калі вы зьвярнулі ўвагу, то ў нашым апытальніку ёсьць усё ж такі варыянты: на беларускай мове і на мясцовым мове. Калі мы складзем колькасьць тых, хто стала гаворыць на беларускай і на мясцовай мове – гэта і будзе больш за 20%. Калі мы задаём пытаньне пра мову, то атрымліваем суб'ектыўную ацэнку – як чалавек разумее, на якой мове ён гаворыць, так і адказвае.

Дракахруст: Надзея, а вось варыянт «мясцовая мова» – ці вы самі яго прапаноўвалі ці рэспандэнты яго ўпісвалі?

Яфімава: Калі мы пачалі працаваць над тэмай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў 2009 годзе, то мы кансультаваліся са спэцыялістамі з Інстытуту сацыялёгіі НАН, паколькі яны праводзілі падобныя дасьледаваньні раней за нас і ўжо валодалі пэўным вопытам. Некаторыя мэтадычныя падыходы, у тым ліку і гэтую фармулёўку, мы запазычылі ў іх. Потым пераканаліся, што такую ж фармулёўку выкарыстоўваюць нашы ўкраінскія калегі. Пад «мясцовай мовай» мы мелі на ўвазе гутарковую мову зь мясцовымі асаблівасьцямі або, калі заўгодна, трасянку. Ва Ўкраіне таксама ёсьць нешта падобнае.

У працэсе апытаньня ні ў каго з рэспандэнтаў такая фармулёўка пытаньня «мясцовая мова» ня выклікала ніякага непаразуменьня або пярэчаньня. Наадварот, як вы бачыце, яны часьцей адзначалі, што гавораць на мясцовай мове, чым на беларускай мове. Тут, вядома, маецца доля суб'ектыўнасьці, аб гэтым казалі мовазнаўцы і я зь імі часам згодная, што для многіх больш прымальна сказаць, што яны гаворыць на мясцовым мове, чым на беларускай.

Дракахруст: Надзея, а вось яшчэ наконт адказаў пра мясцовую мову – што азначае такі высокі паказьнік фактычна данацыянальнай моўнай ідэнтыфікацыі?

Яфімава: Тут я хачу трохі запярэчыць. Што тычыцца мясцовай ідэнтыфікацыі, то яна вельмі выразная ў беларусаў. Каля 70% адчуваюць сябе, перш за ўсё, мясцовымі жыхарамі. Скажам, па Літве маюцца цікавыя зьвесткі. Я слухала выступы літоўскіх сацыёлягаў, яны казалі, што калі Літва аддзялялася ад СССР, то ў той момант, у 90-я гады, у большасьці літоўцаў была рэспубліканская ідэнтыфікацыя. Яны атаясамлялі сябе зь Літвой, дыфэрэнцуючы ад усяго астатняга Саюзу. Цяпер яны канстатуюць рост вось гэтай мясцовай ідэнтычнасьці. У Беларусі гэтая ідэнтыфікацыя таксама даволі моцная.

Вячорка: У Беларусі ёсьць мэгаполіс, амаль двухмільённы. І вялікая колькасьць жыхароў, гараджанаў другога і трэцяга пакаленьня, не валодае ні беларускім, ні расейскім літаратурным стандартам. Але яны ня могуць назваць сваю мову мясцоваю, таму што яны адарваліся ад дыялектных каранёў, будзь тыя на Полаччыне альбо на Тураўшчыне. Гэта значыць, такая градацыя не зусім рэлевантная і не зусім прыдатная для Менску і іншых буйных гарадоў. Усё ж такі бракуе некаторых ступеняў. Хаця я вітаю, што ў нас пачаліся такія больш градуяваныя замеры.

Дракахруст: А зараз тое ж пытаньне – экспэртам-філёлягам. Што азначае гэты высокі адсотак такой данацыянальнай моўнай ідэнтыфікацыі? І гэта пры тым, што этнічная ідэнтыфікацыя – даволі дакладная, няшмат людзей падчас перапісу, скажам, кажуць, што яны тутэйшыя. А з мовай – вось так. Чаму?

Вячорка: Вельмі правільна сфармуляванае пытаньне. І думаю, што слушны адказ на яго зьняпраўджвае тэзы ўдзельнікаў папярэдняга «круглага стала» на тую ж тэму пра збудаваную беларускую грамадзянскую нацыю на нейкіх іншых, акрамя моўных, падставах. Цудаў не бывае. У нашым кутку Эўропы ўсе дзяржаўныя нацыі паўставалі паводле моўна-этнічнай прыкметы на сваім пачатку. І нам давядзецца прайсьці той шлях, які прайшлі іншыя грамадзянскія нацыі Заходняй Эўропы, ня кажучы пра новыя эмігранцкія нацыі, 100-150 год таму. І дзяржавы, адказныя за свой народ, за ягоную стабільнасьць, усьведамляючы гэта, вядуць пэўную моўную палітыку. У першую чаргу праз школу і праз стварэньне сытуацыяў прэстыжу. Я ня буду выступаць за нейкі моўны прымус, гвалт, але паглядзеўшы на досьвед вырашэньня складаных моўных сытуацый у іншых народаў, сьмела скажу, што хаця пачынаць трэба са школьніцтва, але з другога боку мусіць быць вышэйшая школа, пэрспэктыва, посьпех. Паводле новакаўскага апытаньня, мы бачым даволі значны перапад станоўчай ацэнкі беларускай мовы. У рэкляме, у тых сфэрах, дзе чалавек пасіўна ўспрымае, яна вышэйшая. Але, калі даходзіць да такіх сфэраў, як адукацыя, калі гэта тычыцца будучыні дзяцей, тут беларусы робяцца вельмі асьцярожнымі. А чаму? Таму што пэрспэктыва вельмі цьмяная. Яны ж ведаюць, што беларуская мова не ўжываецца ні ў чыноўнай сфэры, ні ва ўнівэрсытэцкай. Пакажыце мне чыноўніка выканкамаўскага, дарэчы, нават з аддзелу культуры, які гаворыць па-беларуску. Гэта наверсе гавораць пару чалавек. На нізах – паслухайце беларускае радыё.

Запрудзскі: Этнічная ідэнтыфікацыя сапраўды патрабуе больш цьвёрдага дыхатамічнага падыходу. Мы ня можам сказаць, што я напалову беларус, ці на тры чвэрці беларус. Урэшце трэба прызнацца, што я альбо беларус, альбо расеец. З мовай сытуацыя больш мяккая, больш лагодная, якая дазваляе нейкія варыяцыі. Несумненна, такая варыяцыя, як мясцовая мова – гэта спосаб сказаць, што так, я ня ўмею добра гаварыць на расейскай літаратурнай мове, ці на літаратурнай беларускай, але мне бясьпечна выказацца, што я мясцовы. Тэндэнцыя да рэгіянальнай сьвядомасьці – гэта звычайная зьява. І мне не падабаецца ваш тэрмін «данацыянальная сьвядомасьць».

Што такое родная мова?


Дракахруст: Шмат каго ўразіў у апытаньні дзіўны вынік – амаль траціна насельніцтва сказала, што для іх родныя – дзьве мовы. Для амаль 80% родная расейская, для 60% – беларуская. Наведнікі нашага сайту цытавалі Караткевіча – гэта ў зьмяі можа быць два языкі ў роце, а ў чалавека – не. Дык значыць ладная траціна жыхароў Беларусі – зьмеі? І яшчэ: падчас перапісу 81% сказалі, што яны беларусы. І для 80% апытаных расейская мова – родная. Дык якія ж яны беларусы?

Запрудзкі: Вы мяне правакуеце. Я не разумею, якія яны беларусы – гэта значыць дрэнныя, непаўнацэнныя, ці добрыя?

Дракахруст: Можа яны і не беларусы насамрэч.

Запрудзкі: Калі людзі дэкляруюць, што яны беларусы, то мы прызнаем, што яны беларусы.

Дракахруст: Прабачце, вось мы тут пачулі пра тое, што ўсе нацыі ў нашым кутку Эўропы збудаваныя паводле моўна-этнічнай прыкметы. Калі чалавек гаворыць, што ў яго родная мова расейская – ня тое, што гэтай мовай ён карыстаецца як інструмэнтам, а што гэта родная, матчына мова – то паводле моўна-этнічнай прыкметы які ён беларус?

Запрудзкі: Бачыце, для мяне пытаньне адназначнае. Калі чалавек дэкляруе сябе беларусам, значыць, ён беларус. Я не магу прыйсьці да яго і сказаць – ты не беларус, ты кепскі беларус.

Дракахруст: Вінцук. А як Вы адказваеце на гэта пытаньне?

Вячорка: Беларусы як беларусы. Ахвяры моўнай палітыкі, якая вялася і вядзецца ўжо больш як два стагодзьдзі. Палітыкі, скіраванай на элімінаваньне, выкараненьне, паніжэньне ў статусе беларускай мовы. Што да тэрмінаў «матчына мова», «родная мова», «першая мова», «этнічная мова», савецкага тэрміна «мова тытульнай нацыі», то ў іх вельмі лёгка нават спэцыялісту заблытацца. Ня кажучы пра звычайнага чалавека. Калі параўноўваць папярэдні і апошні (2009 году) перапіс, то колькасьць усіх людзей, якія назвалі роднай мовай беларускаю, абвалілася на 20 адсоткавых пунктаў, а колькасьць беларусаў, якія лічаць роднай мовай беларускую, -- на 25 пунктаў. Такога не бывае. Так хутка -- за дзесяць гадоў -- моўныя паводзіны і сыстэма каштоўнасьцяў не мяняюцца. Гэта вынік адаптацыі адказаў людзей да жорсткай дзяржаўнай палітыкі супраць беларускай мовы, і гэта яшчэ і вынік хітрай зьмены дэфініцыі. Раней у перапісах было проста пытаньне «Родная мова». Цяпер увялі нібыта аанаўскае ўдакладненьне: мова, якую чалавек першай засвоіў у дзяцінстве. І адпаведна гэтаму людзі пачынаюць спрабаваць ідэнтыфікаваць сябе з моўнага гледзішча па-новаму, па-іншаму. Раней для іх родная мова азначала каштоўнасны індыкатар, незалежна ад таго, якую мову яны першай засвоілі. Новая ж фармулёўка адсекла тыя мільёны, якія былі гараджанамі ў другім пакаленьні, значыць, іхныя бацькі спрабавалі гаварыць зь дзецьмі ўжо па-расейску. Я ведаю мноства такіх сем’яў, дзе гаварылі зь дзецьмі па-расейску, каб не абцяжарваць ім будучае жыцьцё. Але гэтыя дзеці ад сваіх бабуляў і дзядоў чулі і засвойвалі беларускую мову. Я сам належу да такога пакаленьня, да пакаленьня «Майстроўні», умоўна кажучы. Гараджане-«майстроўцы» засвойвалі беларускую мову ад сваіх дзядоў і бабуляў, але паводле гэтага перапісу яны ўжо ня маюць права назваць яе роднай. Таму вынікі перапісаў зусім ня значаць, што бальшыня беларусаў выраклася беларускае мовы ў любым аспэкце -- функцыянальным ці каштоўнасным. Адпаведна беларуская мова застаецца вызначальным фактарам беларускага нацыяўтварэньня.

Яфімава: 84% нашых рэспандэнтаў адказалі на пытаньне аб нацыянальнасьці, што яны этнічныя беларусы. Многія адзначылі 2 мовы – расейскую і беларускую – у якасьці родных. Нашы рэспандэнты, вызначаючы для сябе, якая мова зьяўляецца іх роднай мовай, звычайна зыходзяць з двух крытэраў. Першы крытэр, які яны выкарыстоўваюць, родная мова – гэта мова продкаў, культуры гэтага чалавека, народу, да якога ён належыць. І другі крытэр: родная мова – гэта тая мова, на якой чалавек думае, гаворыць і якой натуральным чынам карыстаецца ў розных сфэрах сваёй жыцьцядзейнасьці.

Часта першаму крытэру адпавядае адна мова, другому крытэру адпавядае іншая мова. Гэта зьяўляецца асноўнай прычынай матывацыі таго, што чалавек адзначае ў анкеце 2 мовы ў якасьці сваіх родных.

Ці можна зьмяніць сытуацыю?


Дракахруст: Безумоўна, моўная сытуацыя ў краіне – у значнай ступені вынік пэўнай палітыкі і гісторыі гэтай палітыкі. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што многія людзі дэманстравалі падчас апытаньня «Новака» цікаўнасьць да мовы, гатоўнасьць больш размаўляць на ёй, хацелі б яе большай прысутнасьці ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця. На ваш погляд, наколькі моўныя паводзіны абумоўленыя моўнай палітыкай, якая праводзіцца ў краіне? А калі б была іншая палітыка, то сфэра ўжытку мовы істотна пашырылася б ці яна сутыкнулася б з грамадзкім супрацівам? Ці можна зрабіць нейкія высновы на гэты конт хаця б з вынікаў сакавіцкага апытаньня «Новака»?

Яфімава: У масавай сьвядомасьці суіснуюць, не ўступаючы ў канфлікт, стаўленьні да мовы двух тыпаў: каштоўнаснае і прагматычнае. Ва ўсіх дасьледаваньнях, апытаньнях мова прызнаецца як безумоўная культурная каштоўнасьць нацыі, яе сіла і здабытак. І ў той жа час, тыя ж самыя людзі, а гэта значная частка апытаных, падзяляюць пункт гледжаньня, што пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы ў шэрагу сфэр грамадзкага жыцьця, у тым ліку ў бізнэсе, у войску, у навуцы, адукацыі, справаводзтве – нерацыянальнае. І яны гэтаму супраціўляліся б.

Вячорка: Чыста каштоўнасны падыход ня зьменіць сытуацыю. Чалавек – істота, якая эканоміць намаганьні. Калі, бачыць ён, нейкая вузкая група пасіянарных людзей зьберагае мову і ёй пакланяецца, то хай яны і пакланяюцца. І я пры нагодзе пакланюся – гэтак разважаюць многія людзі. Іншая рэч, бываюць сытуацыі, калі за мяжой дзеля пэўных побытавых прычынаў беларусам трэба адмежавацца ад расейскіх турыстаў. Бываюць такія сытуацыі. Яны пакутліва пачынаюць узгадваць беларускую мову, але для гэтага ёй трэба валодаць. Вось тут і ёсьць галоўная праблема сёньняшняга дня. Каб валодаць мовай – трэба яе вывучаць. Цяпер, на жаль, многім людзям, каб вывучаць літаратурную мову альбо блізкую да літаратурнай, патрэбная прагматычная матывацыя. Нават невялікі адсотак пасіянарных людзей, носьбітаў місіі, здольныя паступова мяняць атмасфэру ў краіне. Але, калі такі пасіянарны чалавек ідзе да натарыюса, а той яму кажа: «Па-расейску дам дакумэнт зараз, а па-беларуску таксама дам, але праз тыдзень...» А чарга сядзіць і гэта бачыць… гэта ўплывае. Няма гісторыі перамогаў.

Выкладаньне мовы сёньня скіраванае хутчэй на патолягаанатамічную мэту. Дзеці зубраць адасобленыя акалічнасьці спосабу дзеяньня і яшчэ якую-небудзь тэорыю. А дзеці, якія вучацца ў гандлёвым тэхнікуме, коледжы цяпер, яны побач мяне ў краме падпрацоўваюць, ня ведаюць, што такое «воцат». Я прынцыпова ў чатырох дзяўчат дапытваўся. Мову ў школе ня вучаць функцыянальна і камунікатыўна. Але, каб такая зьмена адбылася – патрэбная канкрэтная дзяржаўная палітыка, якой няма, і дзяржаўная воля.

Дракахруст: Сяргей, а як вы лічыце, усё ж такі ёсьць поле для пашырэньня беларускай мовы, у тым ліку і пры дапамозе іншай дзяржаўнай палітыкі? Вінцук сказаў, што павінна быць дзяржаўная, палітычная воля. Але яна, па меншай меры ў ідэале, павінна абапірацца на падтрымку грамадзтва. А яна ёсьць?

Запрудзкі: Несумненна, моўная палітыка можа паўплываць на паводзіны людзей. Залежыць ад таго, якая гэта палітыка, наколькі гнуткая, наколькі рацыянальная, наколькі на пэўны час разьлічаная і гэтак далей. Калі гаварыць пра былыя савецкія рэспублікі, то мы можам канстатаваць, што сытуацыя з украінскай мовай палепшылася, у Эстоніі расейцы, асабліва малодшае пакаленьне, ведаюць эстонскую мову, добра валодаюць ёй. Яны ставяцца да гэтага спакойна, прагматычна і няма таго канфлікту, які быў на пачатку 90-х гадоў.

У сярэдзіне 1989 году ідэю беларускай мовы як дзяржаўнай падтрымлівалі толькі 15% насельніцтва. Пра гэта пісала нямецкая дасьледніца Астрыд Зам у 1994 годзе. А вось ужо ў канцы 1990-га году за актыўную рэалізацыю дзяржаўнай праграмы разьвіцьця беларускай мовы выказваліся ўжо 61,3%. Ясна, што калі людзі выказваюцца за пэўную праграму, то гэта яшчэ ня факт, што яны безумоўна і паслухмяна будуць падтрымліваць усе яе пункты. І ад простай дэклярацыі ляяльнасьці да рэальнага ўжытку – даволі вялікая дыстанцыя.

Але безумоўна, што дзяржава на гэта можа ўплываць, даючы магчымасьць ужывацца ў сваіх рамках пэўнай мове, легалізуючы гэтую мову, робячы яе дазволенай. А калі дзяржава глядзіць на нейкую мову скоса, то грамадзяне бачаць гэты выбар дзяржавы. І яны паступова гэты выбар прымаюць. Хаця, гэта не азначае, што пры нейкіх наступных зьменах сытуацыя сёньняшняя будзе фіксавацца дакладна такім спосабам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG