Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група грамадзянаў зьвярнулася да кіраўніцтва Казахстану з патрабаваньнем «спыніць дыскрымінацыю казахскай мовы».

Пра гэта паведамляе Today.kz. Аўтары звароту, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, лічаць, што казахская мова ў краіне ў параўнаньні з расейскай знаходзіцца ва ўшчэмленым стане.

Яны прапануюць, у прыватнасьці, каб гарады, вёскі, вуліцы і плошчы, якія носяць расейскія назвы, былі перайменаваныя. Незадаволенасьць аўтараў звароту выклікаюць такія назвы, як Петрапаўлаўск, Паўладар і Усьць-Каменагорск. На іх думку, як піша выданьне, расейскія назвы зьяўляюцца «змрочнай спадчынай эпохі савецкага таталітарызму», а таксама «злавесным напамінам пэрыяду калянізацыі нашай дзяржавы».

Акрамя таго, прадстаўнікі інтэлігенцыі лічаць, што ўрадоўцы, а таксама «іншыя дзяржаўныя службоўцы» павінны здаваць іспыт на веданьне казахскай мовы. Яны таксама прапануюць скласьці афіцыйны сьпіс прафэсій, для якіх валоданьне дзяржаўнай мовай будзе абавязковым.

Зварот адрасаваны ўраду, парлямэнту і Канстытуцыйнай радзе Казахстану. Падобны зварот быў апублікаваны ў прэсе ў верасьні 2011 году. Яго аўтары заклікалі пазбавіць расейскую мову статусу другой дзяржаўнай.

Згодна з артыкулам 7 канстытуцыі Казахстану, статус дзяржаўнай мае казахская мова. Пры гэтым другі пункт артыкулу абвяшчае, што «ў дзяржаўных арганізацыях і органах мясцовага самакіраваньня нароўні з казахскай афіцыйна ўжываецца расейская мова».

Аўтары верасьнёўскага звароту ў сувязі з гэтым сьцьвярджалі, што другі пункт артыкулу «ўводзіць народ у зман» і што расейская мова «незаконна выконвае функцыю дзяржаўнай». Указаны пункт яны прапаноўвалі з Канстытуцыі прыбраць.

Падтрымкі з боку кіраўніцтва рэспублікі гэты заклік тады не атрымаў. У парлямэнце, як паведамляла агенцтва «Навіны-Казахстан», заявілі, што ўносіць у Канстытуцыю папраўкі па моўным пытаньні не плянуецца, паведамляе Lenta.ru.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG