Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзькова турбуе «прымусовая беларусізацыя»


Аляксандар Радзькоў

Аляксандар Радзькоў

У распараджэньне газэты <a href=http://nn.by/?c=ar&i=69975>«Наша Ніва»</a> трапіў тэкст дакладной запіскі з рэкамэндацыямі першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Радзькова, разасланы старшыням аблвыканкамаў.

У дакумэнце для службовага карыстаньня чыноўнік, сярод іншага, выказвае пажаданьне рэгіянальнай вэртыкалі на 2012 год:

«...Прыняць канкрэтныя меры па недапушчэньні правядзеньня кіраўнікамі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый палітыкі прымусовай беларусіфікацыі і штучнага скарачэньня выкарыстаньня расейскай мовы...»

Дакумэнт камэнтуе першая намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

Алена Анісім

Алена Анісім

«Мне даволі цяжка ўсё гэта камэнтаваць. Асабіста я зыходжу з таго, што я грамадзянка Беларусі і беларуская мова ў нас зьяўляецца дзяржаўнай мовай. Дый увогуле гаварыць пра нейкую гвалтоўную беларусізацыю зараз не выпадае, таму што ёсьць якраз зусім іншае — гвалтоўнае выцясьненьне беларускай мовы, нягледзячы на яе статус дзяржаўнай. Вось пра гэта гаварыць выпадае. А пра нібыта прымусовую беларусізацыю я ня чула. Беларусізацыі беларускаму чыноўніку баяцца ня трэба. Гэта, наадварот, ахоўная грамата і на будучыню, і на цяперашні час. Таму што менавіта дзяржаўная мова зьяўляецца ненавязьлівым інструмэнтам, па-першае, яднаньня эліты і народа, а па-другое, зноў жа негвалтоўнай абароны сваіх дзяржаўных межаў».

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас перакананы, што калі дзяржаўным чыноўнікам і трэба рассылаць нейкія цыркуляры, то зусім іншага зьместу:

Уладзімер Колас

Уладзімер Колас

«Было б значна больш лягічным і натуральным атрымаць такі цыркуляр ад дзяржаўнага чыноўніка, які б забараняў прымусовую русыфікацыю, якая ўжо даўно адбываецца ў нашай краіне і набыла нейкія абсалютна пачварныя формы. І загады такога вось Радзькова — гэта і ёсьць дзеяньні чалавека, які на сябе зазнаў узьдзеяньне ўсёй гэтай прымусовай русыфікацыі. То бок гэта чалавек, які, з аднаго боку, нібыта і беларус, але ён і надалей функцыянуе ў кірунку татальнага пашырэньня існуючай русыфікацыі».

У Беларусі дагэтуль няма ніводнай беларускамоўнай вышэйшай вучэльні. Па-беларуску, паводле афіцыйнай статыстыкі, навучаецца меней за 20% школьнікаў. Гэта пры тым, што ў навучальным сэзоне 1994–1995 гадоў — калі Аляксандар Лукашэнка толькі прыйшоў да ўлады — у беларускамоўныя клясы пайшлі 75% першаклясьнікаў.

Пра русыфікацыю сьведчаць і дадзеныя перапісу насельніцтва: калі ў 1999 годзе па-беларуску дома размаўлялі 36% жыхароў краіны, то ў 2009-м — толькі 23%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG