Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдар Піскуноў прэзэнтаваў “Вялікі слоўнік беларускай мовы”


Фёдар Піскуноў

Фёдар Піскуноў

У Менску адбылася прэзэнтацыя беспрэцэдэнтнага аб’ёмам беларускага лексыкаграфічнага даведніка — «Вялікага слоўніка беларускай мовы» аўтарства Фёдара Піскунова. У артаграфічна-граматычны слоўнік, над укладаньнем якога аўтар працаваў больш за 12 гадоў, увайшло блізка 223 тысяч словаў.

Госьць «Свабоды» — аўтар новага выданьня, стваральнік праграмы праверкі артаграфіі «Літара» і электроннага слоўніка «Парадыгма», дасьледнік мовы Фёдар Піскуноў.

Бушлякоў: Што падахвоціла вас самастойна ўзяцца за такую аб’ёмную працу?

Піскуноў: Сярод асноўных прычынаў было асэнсаваньне факту, што тыя лексыкаграфічныя працы, якія ў нас ёсьць, ня ў поўнай меры мяне задавальняюць, бо іх укладальнікі фактычна падзялялі лексыку на сэгмэнты — на літаратурную і на размоўную. Так атрымалася, што размоўны сэгмэнт — пераважна ў дыялектных слоўніках. А мая пазыцыя — што мова наша адзіная.

Другі фактар — гэта мая нязгода зь некаторымі прынцыпамі ўкладаньня слоўнікаў. Напрыклад, з прынцыпам, зь якім я часта сутыкаўся: няма слова, няма праблемы. Калі слова цяжкое ў напісаньні ці праблемнае, часам існуе спакуса апусьціць яго — пакінуць зручныя словы.
Працы, якія ў нас ёсьць, ня ў поўнай меры мяне задавальняюць, бо іх укладальнікі фактычна падзялялі лексыку на сэгмэнты.

У пэўнай меры не задавальняў мяне й такі падыход, пры якім калі слова няма ў слоўніку, то яно нібыта й не існуе. Гэта такі распаўсюджаны падыход, якім часта кіруюцца супрацоўнікі рэдакцыяў. Фактычна гэта зьбядняе мову, таму што пры рэдагаваньні аўтарскія словы замяняюцца на тыя, якія ўвайшлі ў слоўнікі.

Бушлякоў: Такім чынам, вы не заўсёды бралі пад увагу факт літаратурнай традыцыі таго ці іншага слова. У выніку, трэба разумець, у ваш слоўнік увайшлі й лексэмы безь літаратурнай традыцыі...

Піскуноў: Я ня цалкам пагадзіўся б з такім тэзісам. Рэч у тым, што асноўны падыход пры стварэньні майго слоўніка — гэта аналіз даступных мне тэкставых матэрыялаў. І так пад увагу былі ўзятыя як тэксты 1920–1930-х гадоў, так і тэксты канца XX стагодзьдзя і пачатку XXI стагодзьдзя.

Бушлякоў: Нядаўна выдадзены калектывам супрацоўнікаў Інстытуту мовы і літаратуры Акадэміі навук Беларусі «Слоўнік беларускай мовы» зьмяшчае, як заяўлена, 150 тысяч лексычных адзінак — той слоўнік падрыхтаваны на базе выданьня савецкай пары пад рэдакцыяй Мікалая Бірылы. Падрыхтаваны вамі слоўнік на траціну аб’ёмнейшы. Якія, у прыватнасьці, рэсурсы прычыніліся да такога аб’ёму вашай працы?
Значная колькасьць словаў прыйшла менавіта з аналізу мастацкіх тэкстаў. Напрыклад, толькі «анатамаваньне» перакладаў Васіля Сёмухі ўнесла каля пяці тысяч словаў.

Піскуноў: Слоўнік складаўся на аснове электроннай базы, якая стваралася апрацаваньнем тэкставых матэрыялаў. Аб’ём гэтых тэкставых матэрыялаў дасягаў 70 мільёнаў словаўжываньняў, і значная колькасьць словаў прыйшла менавіта з аналізу мастацкіх тэкстаў. Напрыклад, толькі «анатамаваньне» перакладаў Васіля Сёмухі ўнесла каля пяці тысяч словаў. Сотні і сотні лексэмаў уласнабеларускага паходжаньня далі творы Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова і шмат каго яшчэ з паваенных беларускіх пісьменьнікаў. Гэта асноўны здабытак. Вельмі шмат лексычнага матэрыялу даў аналіз электронных архіваў газэт. Я маю на ўвазе тут у першую чаргу «Звязду», «Нашу ніву». Вельмі вялікі ўнёсак зрабілі й тэкставыя матэрыялы вашай радыёстанцыі.

Бушлякоў: Ці трэба разглядаць ваш слоўнік як даведнік для пашырэньня лексычных рэсурсаў сучаснай літаратурнай мовы, як слоўнік моўнага пашырэньня?

Піскуноў: Я б не пагадзіўся з такім падыходам. Тут не фармат слоўніка моўнага пашырэньня — гэта тая лексыка, якая існавала на працягу XX стагодзьдзя. Частка з гэтай лексыкі незаслужана забылася, частка ў розныя пэрыяды з ідэалягічных ці іншых прычынаў была выведзеная з ужытку.

Бушлякоў: Вы спрабуеце ў сваёй працы актуалізаваць гэтую лексыку, і тым самым ваш слоўнік можа выконваць функцыю слоўніка моўнага пашырэньня...

Піскуноў: У той меры, у якой ён зьмяшчае лексыку, не прадстаўленую ў існуючых даведніках, натуральна, мой слоўнік можа разглядацца як слоўнік пашырэньня. Але гэта не азначае, што памянёная лексыка нейкім чынам другарадная. Я лічу, што няма падставаў падзяляць беларускі лексычны фонд на цэнтар і глыбокую пэрыфэрыю, бо тое, што можа разглядацца пэрыфэрыйным, якраз часта й складае адметнасьць і калярыт нашай мовы.
Тое, што можа разглядацца пэрыфэрыйным, якраз часта й складае адметнасьць і калярыт нашай мовы.

Бушлякоў: Апрача вялікага корпусу ігнараваных савецкімі і постсавецкімі акадэмічнымі слоўнікамі лексычных адзінак, што яшчэ новага прыўносіць ваш слоўнік у беларускую лексыкаграфію?

Піскуноў: Гэты слоўнік зьяўляецца сынтэзам двух тыпаў слоўнікаў. Што да граматычных слоўнікаў, то найбольш вядомы ў нас іх прыклад — гэта расейскі слоўнік Андрэя Залізьняка. У маёй працы быў прыняты фармат слоўніка, узорам для якога — «Слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй Мікалая Бірылы.

Гэтыя два слоўнікі — Залізьняка і пад рэдакцыяй Бірылы — былі ў мяне як мадэльныя. Ад фармату граматычнага слоўніка Залізьняка не захаваўся парадак падачы словаў. Як вядома, слоўнік Залізьняка мае адваротны парадак. Гэта не зусім зручна для шырокага карыстальніка, хаця вельмі зручна для спэцыялістаў. Кожнае скланяльнае слова ў рэестры майго слоўніка сыстэматызавана: яму нададзены граматычны індэкс, у канцы слоўніка прыводзіцца дадатак узорных парадыгмаў, дзе кожнаму індэксу адпавядае табліца з узорным словам. Такіх табліц каля трохсот.

Бушлякоў: Для стварэньня друкаванага выданьня спатрэбілася стварэньне найбольшай на сёньня электроннай базы беларускай лексыкі. Як вам бачыцца далейшая роля гэтай базы ў беларускай лексыкаграфічнай практыцы?

Піскуноў: База складалася як інструмэнт для стварэньня менавіта гэтага слоўніка, але лягічным працягам зьяўляецца стварэньне электроннага слоўніка, які мог бы ўключаць дадатковыя функцыі: напрыклад, функцыю пошуку па канкрэтнай граматычнай клясе ці функцыю пошуку па канчатку. Электронны фармат — вельмі гнуткі, як вядома, інструмэнт і дае шматлікія магчымасьці. Прыклад такой электроннай базы — партал gramota.ru для расейскай мовы. Вось у такім кірунку хацелася б бачыць далейшую працу з гэтай базаю.
Лягічным працягам зьяўляецца стварэньне электроннага слоўніка.

Бушлякоў: «Вялікі слоўнік беларускай мовы» з прычыны накладу адразу ж па выхадзе стаў бібліяграфічнай рэдкасьцю. Пра гэты слоўнік чулі сотні, можа быць, ужо й тысячы людзей. Ці яшчэ будзе магчымасьць набыць слоўнік?

Піскуноў: На жаль, я змушаны прызнацца, што магчымасьці выданьня значнага тыражу вельмі абмежаваныя. У хуткім часе зьявіцца яшчэ адзін наклад слоўніка — ужо ад другога выдавецтва, але ён ідэнтычны першаму, надрукаванаму ў «Тэхналёгіі», па зьмесьце. Другі наклад будзе 200 экзэмпляраў — ён, спадзяюся, зможа насыціць першасныя патрэбы. А далей убачым...
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG