Сваё трыццацігодзьдзе Ўладзімер Кандрусевіч сустракаў на нарах турмы на Акрэсьціна, куды ён быў кінуты за абарону намётавага мястэчка на пляцы Каліноўскага, які ўзьнік на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у 2006-м. А ў свае трыццаць сем Уладзімер Кандрусевіч пабудаваў дом у вёсцы пад Менскам, нарадзіў сына і дачку, стварыў безьліч жывапісных ды графічных карцінаў на паперы, палотнах, сьценах грамадзкіх ды прыватных памяшканьняў. А яшчэ — расьпісаў два новыя беларускія касьцёлы — у Полацку ды Расонах. Цяпер ён робіць фрэскі ў касьцёле мястэчка Бяльмонты, што на паўночным захадзе Віцебшчыны. Уладзімер Кандрусевіч — адзіны ў Беларусі мастак, які працягвае ў фрэсках традыцыі італьянскага адраджэньня, дадаючы ім свайго непаўторнага аўтарскага стылю.