У Растоўскай вобласьці Расеі адкрылі помнік Сталіну

Адкрыцьцё бюста Сталіна

У сяле Куйбышава Растоўскай вобласьці Расеі, што ў 4 км ад мяжы з Украінай, 21 сьнежня адкрылі бюст Іосіфу Сталіну. Адкрыцьцё прымеркавалі да дня народзінаў (18 сьнежня) кіраўніка СССР.

Як сьцьвярджае мясцовая адміністрацыя, на адкрыцьцё ў 15-градусны мароз прыйшлі каля 200 чалавек. Ініцыятарамі ўсталёўкі бюста былі раённы Савет вэтэранаў вайны, працы і праваахоўных органаў, а таксама мясцовае аддзяленьне Камуністычнай партыі. Ініцыятыву падтрымала адміністрацыя раёну і дэпутаты Раённага сходу. Удзельнікі імпрэзы ўсхвалялі Сталіна, чыталі яму вершы, усклалі кветкі.

Мясцовыя журналісты сьцьвярджаюць, што грошы на бюст зьбіралі «вэтэраны і камуністы». Бюст ня новы: сьцьвярджаецца, што ў 1941-м у час адступленьня байцы Чырвонай арміі скінулі бюст у калодзезь, толькі нядаўна пашукавікі знайшлі яго і адрэстаўравалі.

Адміністрацыя Куйбышава зьвяртае ўвагу на тое, што летась помнік Сталіну таксама адкрылі ў суседняй так званай «ЛНР» на тэрыторыі Ўкраіны.

Сталін быў вядомы як жорсткі аўтарытарны кіраўнік. За час яго кіраваньня СССР каля 5 млн чалавек былі асуджаныя з палітычных матываў і расстраляныя ці скіраваныя ў ГУЛАГ, ня менш за 6,5 млн чалавек былі дэпартаваныя, 6–7 млн чалавек загінулі ад голаду.

Сволач пазалочаная​