Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі, якія паставілі бюст Сталіна на вуліцы Кірава ў Пензе, паставілі помнік кату і садысту, які забіў і замучыў мільёны людзей, піша «Новая газета». Забівалі аднастайна, канвэерным спосабам, на расстрэльных палігонах стрэлам у патыліцу, катавалі разнастайна, з усім багацьцем дзікай лубянскай фантазіі. Я ня буду апісваць тут катаваньні — хто хоча, знойдзе іх апісаньне.

Хто сьвядома, мэтанакіравана не жадае ведаць праўды пра забітых і закатаваных і ўсхваляе Сталіна — падонак.

Забойствы і катаваньні, расстрэлы і равы, баракі і трупы, даносы і садызм, лягеры і голад, чарапы і шкілеты засьведчаныя ў тысячах дакумэнтаў, гэта неабвержны факт. Даказаная таксама — подпісамі на расстрэльных сьпісах, указаньнямі: «біць, біць», напісанымі на дакладах чырвоным алоўкам — асабістая і кіраўнічая роля Сталіна ў масавых забойствах і катаваньнях. Усе гэтыя дакумэнты ёсьць у адкрытым доступе. Каму іх мала, можа ў два клікі атрымаць у інтэрнэце доўгія, кілямэтровыя сьпісы ахвяр з адрасамі месцаў жыхарства і аднолькавай пазнакай: «расстраляны». Можна нават даведацца, каго і калі павялі з дому, у якім жыў. Хто хоча ведаць, ведае ўсё. Хто сьвядома, мэтанакіравана не жадае ведаць праўды пра забітых і закатаваных і ўсхваляе Сталіна — падонак.

Бюст Сталіна ў Пензе пафарбаваны залатой фарбай. Гэты бяздарны бюст варта было б пафарбаваць чырвонай і бурай фарбай, колерам крыві, што сьцякала па патыліцах людзей, якія ўпалі ў яму, колерам шматкоў мяса, выдраных пры зьбіцьці ў кабінэтах сьледчых НКУС, фіялетавым колерам рук і ног, апухлых ад зьбіцьця і пераломаў.

«Арганізатар нашых перамог»? Гэты самаздаволены балван у пагонах генэралісімуса заваліў краіну трупамі, арганізуючы гібель яе грамадзян усімі магчымымі спосабамі: кулямі, турмамі, лягерамі, мардаваньнем на непасільных працах, голадам, цынгой. Ніхто ніколі так не зьнішчаў расейскі народ і іншыя народы, якія жывуць тут, за ўвесь час іх гісторыі, як Сталін.

Азадкі замест асобаў, казённыя штампы замест слоў і віртуознае ўменьне выжываць у гразі інтрыг, прыдатнае для гадаў і зьмей, — вось іхні партрэт.

Ён быў бездар. Усё ў гэтым чалавеку з паедзеным рабаціннем тварам і вузенькім ілбом аж крычыць пра бяздарнасьць. Прамовы ягоныя, якія захаваліся ў запісах, — невыразныя, коснаязыкія прамовы бюракрата. Ягоныя артыкулы і кнігі, мільённымі накладамі якіх упарта атуплялі краіну, былі мёртвыя ўжо ў той момант, калі ўсе гэтыя словы зь цяжкасьцю вывяргаў зь сябе ягоны плоскі, неразьвіты мозг. Зь люлькай у руцэ і важнасьцю на твары пахаджаючы па кабінэце і дыктуючы бязглузьдзіцу пра сацыялізм і мовазнаўства, ён бачыў сябе вялікім навукоўцам, тымчасам як вялікага вучонага акадэміка Вавілава 1700 гадзін дапытвалі і катавалі, зьмяняючы адзін аднаго, сьледчыя Хват і Албагачыеў. Бяздарнасьць гэтага маляванага залатой фарбай куміра відаць празь бяздарнасьць і подласьць ягоных паплечнікаў і саўдзельнікаў. Азадкі замест асобаў, казённыя штампы замест слоў і віртуознае ўменьне выжываць у гразі інтрыг, прыдатнае для гадаў і зьмей, — вось іхні партрэт.

Ён быў садыст. Ён ня мог схаваць задавальненьня і ўсьміхаўся ў вусы, калі даведваўся, як Зіноўеў, плачучы, абдымаў боты катаў. Яму падабалася, што Бухарын — Бухарчык, якога ён абяцаў не крануць, — маліў яго пазбавіць ад кулі і як ласку даць атруты. Атруты Бухарыну ён, вядома, ня даў, бо павінен быў яго ня проста забіць, а забіць так, каб той адчуў увесь жах сьмяротнай кары з сваіх кашмараў. Ягоная дробная, подлая душа патрабавала помсты ўсім, хто толькі важыўся адкрыць рот і запярэчыць яму. Ён загадаў арыштаваць ня толькі галоўнага камандуючага вайскова-паветраных сіл Рычагова, які рэзка запярэчыў яму на нарадзе, але і ягоную жонку, камандзіра авіяпалка і лётчыцу-рэкардсмэнку Марыю Несцярэнку, бо для мужа ня можа быць большага катаваньня і большага прыніжэньня, чым чуць крыкі жонкі, якую зьбіваюць.

Увесь народ быў у ягоных вачах ворагам народу. На самой справе ў народу быў адзіны вораг — ён сам.

Ён быў баязьлівец. Ня толькі тады, калі ў дні пачатку вайны ўцёк на дачу ў Кунцаве, але і заўсёды, ва ўсе дні свайго доўгага праўленьня — баязьлівец, які баяўся людзей і таму саджаў іх у амурскія, беламорска-балтыйскія, ванінскія, джэзказганскія і гэтак далей па ўсіх літарах алфавіту лягеры. У баязьліўцу жыў паранаідальны страх перад вайскоўцамі і навукоўцамі, сялянамі і інтэлігентамі, перад хатнімі гаспадынямі і нават перад дзецьмі, таму што ўсе яны, простыя і складаныя, моцныя і слабыя, вясёлыя і сумныя, расейцы і ўкраінцы, беларусы і габрэі і нават рэдкія бразыльцы, якія прыехалі з-за акіяна будаваць сацыялізм, — здаваліся яму, убогаму, небясьпечнымі ў сваёй чалавечай натуры і сваёй чалавечай самабытнасьці. Увесь народ быў у ягоных вачах ворагам народу. На самой справе ў народу быў адзіны вораг — ён сам.

Я не хачу пісаць пра Сталіна. Людзі, якія ведалі больш за мяне — Конквэст, Салжаніцын, Антонаў-Аўсеенка, — напісалі пра яго тамы. Чытайце іх. Мне млосна ад гуку ягонага імя, бо ад яго нясе трупным пахам, ён увесь, ад сваіх сальных валасоў да надраеных Паскробышавым ботаў, прасякнуты трупным пахам целаў з расстрэльнага рова, увесь сьмярдзіць лягернай прыбіральняй і крывёй. Пра Сталіна ўсё сказана, сказана з такой вычарпальнай паўнатой і жахлівай сілай, што кожны, у кім ёсьць душа, нават у зародкавым яе стане, зразумее ўсё. І найлепш было б пазьбегнуць гэтай тэмы або аддаць яе гісторыкам-прафэсіяналам, але яе немагчыма пазьбегнуць, таму што цяпер, сёньня гнойнымі прышчамі на мапе Расеі зьяўляюцца ягоныя бюсты. Зноў ён лезе да нас, гэты азіяцкі дыктатар з залатой устаўной сківіцай, гэты кат з лагоднай усьмешкай, якая азначае начны арышт, подласьць, здраду, катаваньні, сьмерць.

Амэрыканцы сілком саджалі нямецкіх бюргераў у аўтобусы і везьлі іх у канцлягеры, каб ім непанадна было разводзіць рукамі ў зьдзіўленьні: «А мы ня ведалі...» Яны прымушалі салідных мужчынаў у фэтравых капелюшах і доўгіх плашчах хаваць голыя трупы вязьняў.

У нас няма такой сілы, якая пасадзіла б у аўтобусы ўсіх гэтых убогіх розумам і бедных душой аматараў усесаюзнага ката і прывезла іх да расстрэльных равоў, не аказалася. Гэтай сілай магла б быць дзяржава, але яна сама хварэе на жорсткасьць, беззаконьне, подласьць і цынізм, якія насадзіў у краіне Сталін.

Ён надоўга, на пакаленьні наперад, запалохаў людзей масавым тэрорам. Мы адчуваем той страх дагэтуль. Ён заснаваў прафэсію садыста, гатовага за добрую зарплату і ў надзеі на павышаную пэнсію катаваць, мучыць, зьдзекавацца і забіваць.

Ён надоўга, на пакаленьні наперад, запалохаў людзей масавым тэрорам. Мы адчуваем той страх дагэтуль. Ён заснаваў прафэсію садыста, гатовага за добрую зарплату і ў надзеі на павышаную пэнсію катаваць, мучыць, зьдзекавацца і забіваць. Ягоны вучоны садыст Майраноўскі — калега доктара Мэнгеле — у навуковых лябараторыях выпрабоўваў сьмяротныя яды на жывых людзях. Ён пасеяў і выгадаваў пароду зомбі, якія вось ужо каторае пакаленьне дзяўбуць нам пра ягоную «веліч», «цьвёрдую руку», «мудрае кіраўніцтва» і для якіх загубленыя ім людзі — ня нашы дзяды, бабулі, бацькі, маці, браты і сёстры, а апраўданыя ахвяры ягоных «вялікіх чынаў». Гэта ён, зомбі, выстаўляе на вуліцах і плошчах свайго пазалочанага балвана і пакланяецца яму з усім імпэтам архаічнай сьвядомасьці.

Равы рылі бульдозэрамі. Шырокія равы даўжынёй ад ста да дзевяцісот мэтраў. Тыя, хто сядзеў за рычагамі бульдозэраў, ведалі, навошта яны капаюць. Вязьняў з турмаў прывозілі ў «чорным варанку» а гадзіне ночы. Трыццаць чалавек у закрытым кузаве. Вялі ў барак, казалі, што на санапрацоўку. Паводле інструкцыі, аб сьмяротным прысудзе ім паведамлялі непасрэдна перад расстрэлам. Абавязкова зьвяралі твар ахвяры з фатаграфіяй, зробленай турэмным фатографам. Каты чакалі свайго часу ў адмысловым будынку, дзе пілі гарэлку. Кат сустракаў ахвяру і вёў яе. Ставіў на край рова і страляў у патыліцу. З трупамі ў рове нешта рабілі, пры раскопках там знайшлі гумовыя пальчаткі. Потым бульдозэр завальваў роў зямлёй.

Ах, садкі. Пра садкі трэба не забыцца сказаць. На месцы равоў работнікі НКУС разьбівалі садкі, саджалі яблыні, здаецца, былі ў іх там і градкі з памідорчыкамі, агурочкамі. Ну а што? Жыць жа трэба. І дачы вакол расстрэльнага палігона па праве належалі ім. Яны ж тут працавалі.

Мільёны забітых людзей — гэта ўсяго толькі моўны зварот, вялікія лічбы на нас ня дзейнічаюць, вялікімі лічбамі нас, якія жывуць у век незьлічонай інфармацыі, якая бесьперапынна ўліваецца ў вочы, вушы і душы, ня зьдзівіш. Але, чытаючы расстрэльныя сьпісы — калі можна назваць гэты інфэрнальны занятак чытаньнем, — раптам сам, ня ведаючы чаму, спатыкаесься аб нечае прозьвішча ў невыносна доўгім шэрагу прозьвішчаў і ўжо ня можаш забыць. Чаму менавіта гэтае? Невядома. Проста нечае жыцьцё з рова раптам схапіла цябе і не адпускае. І бачыш у паветры вочы. У мяне таксама ёсьць некалькі такіх жыцьцяў, зь якімі я ня ведаю што рабіць. Яны нябачнымі ценямі прычапіліся да мяне. Я шукаю хоць якія зьвесткі пра гэтых людзей, ня дзеля таго, каб напісаць пра іх — ніякай практычнай мэты накшталт пісаньня кніг або артыкулаў у мяне няма, — а дзеля смутнага пачуцьця, якое падказвае, што яны просяць пакорліва і ціха, каб я іх не забыў.

Міша Шамонін, беспрытульнік трынаццаці гадоў. Ён скраў два боханы хлеба. Хтосьці яго на гэтым злавіў і выклікаў міліцыю. Прыехаў крымінальны вышук, забраў Мішу. Расстрэльваць у СССР можна было зь пятнаццаці год, і хлопчык, я думаю, гэта ведаў і ня вельмі баяўся. Ну пасадзяць у камэру, потым адправяць у дзіцячы дом, ён зноў уцячэ... Але сьледчы вельмі хацеў расстрэлу і таму паправіў дату нараджэньня ў дакумэнтах так, каб хлопчыку было пятнаццаць. З «варанка», які едзе па начной Маскве на ўскраіну, у цёмнае, пустыннае Бутава, ня выскачыш... Так загінуў Міша Шамонін. На фатаграфіі, зробленай турэмным фатографам, ён у старым паліто з чужога пляча, паліто вялікае яму на пару памераў. Прозьвішча сьледчага ня ведаю, тым больш ня ведаю прозьвішча ката, які гучна рыгнуў гарэлкай і стрэліў хлопчыку ў патыліцу.

Раіса Бочлен, дваццаці гадоў. Дзяўчына з круглым тварам, з круглымі, дзіцячымі яшчэ шчокамі, глядзіць у камэру турэмнага фатографа зь незвычайным, неймаверным унутраным спакоем. Моцная, не баіцца. Нарадзілася ў Харбіне, куды яе сям’я ўцякла з Адэсы. Вярнуліся ў СССР, мабыць, у 1935 годзе, тады была хваля вяртаньня. Арыштаваная ў адзін дзень з бацькам. Можа, таму з такой пакутлівай настойлівасьцю вяртаецца да мяне твар гэтай дзяўчыны з распушчанымі па плячах валасамі, што я часта хаджу па мясьцінах у Маскве, дзе яна жыла. Малы Спаса-Балванаўскі завулак — гэта цяпер 2-гі Новакузнецкі. Там, у доме 5, у кватэры 3, жылі яе бацька і брат, бацька працаваў на заводзе «Геадэзія», брат — на будоўлі Палаца Саветаў. А яна жыла непадалёк, на Пятніцкай, у доме, які і цяпер там стаіць. Можа, тут, у камуналцы на Пятніцкай, у яе жыў сябар ці муж, як даведацца? Пэўна ж яна бегала ў блізкі Спаса-Балванаўскі да таты і брата, па тагачаснай савецкай звычцы насіла ім прадукты, якія ўдалося купіць — яйкі, курыцу... Працавала машыністкай у Галоўным упраўленьні Паўночнага марскога шляху — «Главсевморпути». Абвінавачаная ў шпіянажы на Японію. Вінаватай сябе не прызнала. Ноччу, разам зь іншымі, яе прывезьлі на Бутаўскі палігон. Бацьку расстралялі той жа ноччу. Брата — на паўтара месяца пазьней.

Гэтыя дамы, гэтыя вуліцы памятаюць яе.

А плошча трох вакзалаў памятае Мішу Шамоніна.

Косьці іх зьмяшаліся ў рове з касьцямі іншых людзей. Жыцьці недажытыя, жыцці, перарваныя катам у карычневым скураным фартуху і карычневых крагах, жыцьці, у якіх наперадзе павінна было быць каханьне, сяброўства, мільён клопатаў, ранішняя кава, вячэрнія застольлі зь сябрамі, інстытут, праца, чэргі ў крамах, паездкі ў адпачынак у Сочы, спатканьні каля Пушкіна, гульня ў валейбол, маленькае лецішча ў падмаскоўным лесе, дзе так добра піць чай на вэрандзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG