Новы праект прапановы ЗША спыніць вайну ва Ўкраіне заклікае Кіеў адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі і часткі сваёй зброі, паведамляе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода з спасылкай на амэрыканскія мэдыя.
Паведамляюць, што прапановы ЗША таксама ўключаюць скарачэньне ўзброеных сілаў Украіны і зьніжэньне вайсковай дапамогі ЗША, неабходнай для барацьбы Ўкраіны супраць расейскіх войскаў.
Акрамя таго, прапаноўваецца не дапускаць замежныя войскі на ўкраінскую тэрыторыю і больш не перадаваць Кіеву зброю далёкага радыюсу дзеяньня. Прапановы, падрабязна апісаныя The Financial Times і Reuters, у значнай ступені адпавядаюць жорсткім патрабаваньням, якія Расея выстаўляла з пачатку гэтага году, калі прэзыдэнт Дональд Трамп вырашыў пачаць простыя перамовы з Масквой аб вайне ва Ўкраіне. Неадкладнай публічнай рэакцыі ўкраінскіх службоўцаў на гэтыя паведамленьні не было.
Украінскі службовец, наўпрост знаёмы з прапановай, пацьвердзіў яе зьмест, але ня даў далейшых камэнтароў. Неўзабаве пасьля зьяўленьня навіны аб прапановах Зяленскі апублікаваў допіс у Telegram, у якім падзякаваў прэзыдэнту Турэччыны за наданьне пляцоўкі для перамоваў. Ён таксама ўхваліў «рашучыя крокі і лідэрства прэзыдэнта Трампа, кожную моцную і справядлівую прапанову, каб закончыць гэтую вайну».
«І толькі прэзыдэнт Трамп і Злучаныя Штаты Амэрыкі маюць дастатковую сілу, каб вайна нарэшце скончылася», — напісаў Зяленскі.
Гэтыя прапановы патэнцыйна ставяць Зяленскага ў цяжкае становішча. На полі бою ўкраінскія войскі зь цяжкасьцю стрымліваюць большую і лепш забясьпечаную расейскую армію нават у той час, калі маскоўскія войскі нясуць надзвычайныя страты. Расея набліжаецца да ключавога гораду Пакроўску, гэта частка заяўленай Пуціным мэты кантраляваць увесь усходні Данбас. Расея бамбіць гарады Ўкраіны і яе энэргетычную інфраструктуру перад зімой, імкнучыся дэмаралізаваць і без таго зьнясіленых украінцаў.
Унутры краіны Зяленскі палітычна аслаблены буйным карупцыйным скандалам, які закрануў пэўных міністраў ягонага кабінэту і даўніх бізнэс-партнэраў. Украінскія заканадаўцы заклікалі Зеленскага звольніць кіраўніка ягонай адміністрацыі Андрэя Ермака.
Ярмак, які езьдзіць зь Зяленскім, напісаў у сацыяльных сетках, што «ўсе заплянаваныя сустрэчы праходзяць паводле раскладу» і што ён «знаходзіцца ў пастаянным кантакце з прадстаўнікамі адміністрацыі Дональда Трампа».
Расьсьледаваньне карупцыі тычыцца абвінавачаньняў у тым, што сродкі, прызначаныя для будаўніцтва абароны ўразьлівай энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны ад расейскіх авіянападаў, былі перанакіраваныя на хабар палітыкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Цярнопалі на месцы расейскага ракетнага ўдару працягваюцца пошукавыя працы. ФОТА, ВІДЭАНайбліжэйшы хаўрусьнік Зяленскага
Андрэй Ярмак адыграў прыкметную ролю ў папярэдніх дыпляматычных сустрэчах, скіраваных на пошук шляху да спыненьня агню і дасягненьня мірнага пагадненьня.
Не абраны, а прызначаны на пасаду, Ярмак, магчыма, самы давераны палітычны хаўрусьнік прэзыдэнта Ўкраіны. Іх знаёмства пачалося прыкладна ў 2010 годзе і было замацавана шчыльнымі дзелавымі адносінамі яшчэ да прыходу Зяленскага ў палітыку. Апошнімі гадамі Ярмак значна ўзмацніў свой ценевы палітычны ўплыў.
«Ярмак — ягоны галоўны памочнік, ягоны галоўны адміністратар, галоўная кнопка на панэлі кіраваньня Зяленскага. Яны зрасьліся, як сіямскія блізьняты», — заявіў 19 лістапада ў інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімір Фясенка, кіраўнік цэнтру палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» ў Кіеве. Але цяпер Ярмак сутыкаецца з усё большым ціскам з патрабаваньнем яго адстаўкі, бо расьсьледаваньне карупцыі высокага ўзроўню набірае абароты.
«Калі Ермака ня звольняць бліжэйшымі днямі, я хвалююся, што мы можам увайсьці ў паўнавартасны палітычны крызіс унутры краіны», — сказала ў інтэрвію Радыё Свабода Алена Пракапенка, старшы навуковы супрацоўнік Нямецкага фонду Маршала.
«Парлямэнт стане нефункцыянальным; міністры кабінэту будуць непрацаздольнымі. І гэта той тып крызісу, якога Ўкраіна ня можа сабе дазволіць падчас поўнамаштабнай вайны і прасоўваньня Расеі на перадавой», — дадала яна.
Абвінавачаньні ў карупцыі абвастрыліся на мінулым тыдні, калі два вядучыя антыкарупцыйныя органы Ўкраіны апублікавалі доказы сваіх высноваў. Пытаньне таксычнае, тым больш што летам Зяленскі спрабаваў пазбавіць гэтыя органы аўтаноміі, але адмовіўся ад гэтай задумы пасьля таго, як гэта выклікала найбуйнейшыя з пачатку вайны вулічныя пратэсты.
Выкрыцьці ўжо прывялі да адстаўкі міністра энэргетыкі і міністра юстыцыі, у той час як блізкі паплечнік Зяленскага, Цімур Міндзіч, уцёк з краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сустрэча Трампа і Пуціна бліжэйшым часам не плянуецца. Дыпляматычныя перамовы зайшлі ў тупікАлі-Баба
Сакрэтныя запісы, апублікаваныя сьледчымі, паказалі, што падазраваныя дзейнічалі пад кодавымі імёнамі. 18 лістапада ўкраінскі дэпутат дапусьціў, што пад адным з гэтых імёнаў — Алі-Баба — насамрэч выступаў Ярмак.
Дэпутат Яраслаў Жалязьняк заявіў, што, як вынікае з запісаў, Ярмак нібыта даручыў неназваным службоўцам расьсьледаваць дзейнасьць супрацоўнікаў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны (НАБУ).
Ярмак не адказаў на просьбы аб камэнтарах ад украінскай службы Радыё Свабода. Зяленскі абвясьціў, што сустрэнецца з дэпутатамі ад ягонай партыі «Слуга народу» 20 лістапада, што выклікала здагадкі наконт магчымага звальненьня Ермака.
Адзін з дэпутатаў ад партыі Фёдар Веніслаўскі 18 лістапада заявіў Украінскай службе Радыё Свабода, што Ярмак павінен пайсьці ў адстаўку.
«Адстаўка Ермака ў гэтым выпадку дакладна суцішыць гэтае пэўнае хваляваньне вакол ураду», — сказаў ён, дадаўшы, што сярод ягоных калег па партыі «сёньня шмат гаварылася пра тое, што спадар Ярмак павінен сысьці».
Дзьве апазыцыйныя партыі заклікалі да адстаўкі ўсяго Кабінэту міністраў.
«Пакуль што Зяленскі, здаецца, упускае магчымасьць даць моцны і рашучы адказ на падзеі мінулага тыдня і на маштаб расьсьледаваньня, якое мы бачылі, і на тое, як у гэта залучана яго бліжэйшае кола», — сказала Пракапенка.
Кіраўнік цэнтру палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Фясенка сказаў, што для Зяленскага звольніць Ермака — гэта «як адсекчы сабе правую руку», і выказаў здагадку, што гэта «не непазьбежна».
Але, дадаў ён, «адстаўка Ермака можа стаць немінучай у выпадку масавых пратэстаў».