Мінабароны адказала на звароты аб адстаўцы міністра, але патрабаваньне праігнаравала

Уладзімер Макараў, архіўнае фота

На сайце Міністэрства абароны зьявіўся абагулены адказ на «вялікую колькасьць электронных зваротаў па пытаньнях нестатутных адносінаў у арміі аналягічнага зьместу ад розных заяўнікаў», падпісаны прэс-сакратаром міністэрства Ўладзімерам Макаравым.

Якія звароты маюцца на ўвазе і ў чым была іх сутнасьць, Міністэрства ня згадвае. Але падобна, што гаворка вядзецца пра звароты за публічнае расьсьледаваньне сьмерці салдата Аляксандра Коржыча і адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. Тыя звароты адсылалі з сайта zvarot.by. Мінабароны спачатку залічыла тыя звароты ў спам, а потым нехта часова «паваліў» сайт. Пасьля гэтага подпісы сталі зьбіраць на сайце Petitions.by і адсылаць самастойна па электроннай пошце.

У адказ на звароты Міністэрства згадала свае ранейшыя паведамленьні (спасылкі даюцца на заявы аб расьсьледаваньні і звальненьнях). Мінабароны «яшчэ раз пацьвярджае», што канчатковую прававую ацэнку аб здарэньні з Коржычам дасьць пасьля завяршэньня расьсьледаваньня.

Да вайскоўцаў, якія ўчынілі правапарушэньне, «прымяняюцца меры адказнасьці адпаведна заканадаўству Рэспублікі Беларусь», сьцьвярджае Мінабароны, а па ўсіх фактах злачынстваў, у тым ліку па нестатутных адносінах і вымагальніцтве, «абавязкова пачынаюцца крымінальныя справы». Таксама гаворыцца, што ведамства правярае «паўнату выкананьня сваіх абавязкаў службовымі асобамі, якім прадпісанае падтрыманьне статутнага парадку ў вайсковай частцы».

Але пра патрабаваньне адстаўкі міністра ў адказе на звароты ня згадваецца, хоць закон «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў» абавязвае даваць «абгрунтаваныя і матываваныя» адказы з «канкрэтнымі фармулёўкамі» або «рашэньні аб поўнай ці частковай адмове ў задавальненьні зваротаў» з пазначэньнем парадку іх абскарджаньня.