2025: Год Беларусі і сьвету — у фота
Тысячы пратэстоўцаў запоўнілі адно з галоўных скрыжаваньняў у Бялградзе падчас студэнцкіх дэманстрацый. 27 студзеня 2025
году.
Пратэсты ў Бялградзе і іншых гарадах Сэрбіі пачаліся пасьля трагедыі ў горадзе Нові-Сад на поўначы краіны, калі ў выніку падзеньня навесу на чыгуначным вакзале загінулі 16 чалавек.
Фота: Балканская служба Радыё Свабода
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык з сям’ёй. Вільня, 24 лютага 2025 году.
Андрэй Кузьнечык быў вызвалены 12 лютага 2025 году і вывезены ў Вільню. Ён правёў за кратамі больш за тры гады паводле палітычнага матываванага прысуду.Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 году. Спачатку яму двойчы прысудзілі па 10 дзён арышту нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 сьнежня 2021 году стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу. Сям’я і грамадзкасьць даведаліся пра сутнасьць абвінавачаньня толькі праз паўгода пасьля затрыманьня. 8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузьнечык не прызнаў.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Рэчы Андрэя з турмы.
Жонка Андрэя Кузьнечыка Алеся Рак расказвала Свабодзе, як сям’я перажыла 3 гады і 3 месяцы бяз мужа і бацькі.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Від на шматпавярховы жылы будынак, пашкоджаны ў выніку нядаўняга нападу ўкраінскага бесьпілётніка, паводле паведамленьняў мясцовых уладаў, падчас расейска-ўкраінскага канфлікту ў горадзе Віднае, Маскоўская вобласьць, Расея, 11 сакавіка 2025 году.
Фота: Reuters
Натоўп людзей сабраўся ў Скоп'е (Паўночная Македонія), каб аплакаць 63 чалавекі, якія загінулі ў пажары, што ахапіў начны клюб у горадзе Кочані на ўсходзе Паўночнай Македоніі двума днямі раней. 18 сакавіка 2025 году.
Начны клюб не меў ліцэнзіі, не меў сыстэмы тушэньня пажару і належных аварыйных выхадаў. На адным з банэраў у натоўпе падчас жалобнай цырымоніі 18 сакавіка было напісана: «Ваша прагнасьць ператварыла дзяцей у попел».
Фота: Ваня Мічэўска/Балканская служба Радыё Свабода
Армянскія і азэрбайджанскія вайсковыя пазыцыі, разьмешчаныя прыкладна ў 25 мэтрах адна ад адной каля паўднёваармянскай вёскі Хнацах. 13 траўня 2025 году.
Фота: Айк Багдасаран/Photolure
Афганскі кравец шые паранджу ў краме ў заходнім горадзе Герат 13 траўня 2025 году.
Умовы жыцьця жанчын і дзяўчат рэзка пагоршыліся пасьля захопу ўлады талібамі ў Афганістане ў 2021 годзе, і цяпер жанчыны абавязаны закрываць твары ў грамадзкіх месцах.
Фота: AFP
Украінскі салдат Арцём танцуе са сваёй партнэркай Палінай на дабрачынным балі «Храбрыя сэрцы» у Кіеве 31 траўня 2025 году.
«З аднаго боку, гэта вельмі проста», — сказаў вайсковец, які мае падвойную ампутацыю, апісваючы танцы, — «з іншага боку, гэта фізычна вельмі складана. Трэба марыць, ставіць мэты, рухацца наперад і на сваім прыкладзе даказваць, што няма нічога немагчымага».
Фота: Сяргей Нужненка/Украінская служба Радыё Свабода
Сяргей Ціханоўскі расплакаўся падчас брыфінгу вызваленых беларускіх палітвязьняў у Вільні, 22 чэрвеня 2025 году.
21 чэрвеня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. Празь некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы стала вядома пра вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Cяргей Ціханоўскі разам са Сьвятланай Ціханоўскай на сустрэчы зь беларусамі ў Варшаве 25 чэрвеня 2025 году.
У вялікім інтэрвію Сяргей Ціханоўскі расказваў, якімі пабачыў беларусаў празь пяць гадоў пасьля свайго арышту і што будзе рабіць далей.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Сямейная пара абдымаецца каля руін сваёй кватэры ў Кіеве пасьля расійскага ўдару. Пазьней пад руінамі было знойдзена цела іх маленькага сына. 17 чэрвеня 2025 году.
Фота: Сяргей Нужненка/Украінская служба Радыё Свабода
Спадарожнікавы здымак, які паказвае наступствы амэрыканскіх удараў па аб'екце па ўзбагачэньні ўрану ў Ісфагане ў цэнтральнай частцы Ірану. 22 чэрвеня 2025 году.
Фота: Maxar Technologies/AFP
Акцыя беларусаў у Вільні, прымеркаваная да гадавіны выбараў 2020 году ў Беларусі і наступнага жорсткага разгону пратэстоўцаў. 9 жніўня 2025 году.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Акцыя беларусаў у Вільні, прымеркаваная да гадавіны выбараў 2020 году ў Беларусі і наступнага жорсткага разгону пратэстоўцаў. 9 жніўня 2025 году.
Удзельнікі сабраліся на Лукішскай плошчы і прайшлі маршам праз цэнтар горада да амбасады Беларусі ў Літве. Там яны закінулі папяровыя самалёты з пасланьнямі ўладам Беларусі.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп працягвае руку прэзыдэнту Расеі Уладзімеру Пуціну на ўзьлётна-пасадачнай паласе авіябазы ў Анкорыджы, штат Аляска, на фоне запытаў ЗША аб спыненьні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. 15 жніўня 2025 году.
Фота: Reuters
Пахаваньне ў Кіеве 24-гадовай Надзі і яе двухгадовай дачкі Ангеліны, якія загінулі ў выніку расейскага ўдару па сталіцы Ўкраіны, 28 жніўня 2025 году.
Фота: Сяргей Нужненка/Украінская служба Радыё Свабода
Мікалай Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы ў Каменным Лагу. 11 верасьня 2025 году.
Вызваленых 11 верасьня 2025 году палітвязьняў адразу зь месцаў няволі прымусова вывезьлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся пакідаць тэрыторыю Беларусі і нейкі час знаходзіўся на беларуска-літоўскай мяжы. Пасьля людзі ў масках павялі Статкевіча ў невядомым кірунку. Толькі праз тры месяцы жонка атрымала ліст ад Міністэрства ўнутраных справаў аб тым, што Статкевіч «адбывае пакараньне згодна з выракам ад 14.12.2021». Дзе дакладна — невядома дагэтуль.Статкевіча затрымалі ў 2020-м годзе, яшчэ да выбараў прэзыдэнта, яму прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму.Мікалай Статкевіч стаў ляўрэатам прэміі «Чалавек Свабоды — 2025».
Фота: кадар з камэры назіраньня
Былая палітзьняволеная Галіна Дзербыш (на фота справа) тэлефануе родным. Вільня, 11 верасьня 2025 году.
У сьнежні 2020 году Галіну Дзербыш затрымалі і абвінавацілі ва «удзеле ў злачыннай арганізацыі», «акце тэрарызму», «замаху з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Ёй прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня.11 верасьня 64-гадовую Галіну Дзербыш і яшчэ 51 вязьня вызвалілі з-за кратаў і даставілі да літоўскай мяжы ў выніку перамоваў уладаў Беларусі з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Першая сустрэча Ігара Лосіка, вызваленага пасьля 5 гадоў турмы, з братам Мікітам Лосікам. Вільня, 11 верасьня 2025 году.
Ігар адбыў больш за пяць гадоў з 15-гадовага тэрміну па палітычна матываваных абвінавачваньнях. Лосік прыбыў у Літву разам з 50 іншымі вызваленымі вязьнямі пасьля пацяпленьня ў адносінах паміж ЗША і Беларусьсю, якому спрыялі дыпляматычныя намаганьні ЗША і Літвы.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода
Кіргіскі салдат каля нядаўна ўсталяванай агароджы на мяжы сваёй краіны з Таджыкістанам, 14 кастрычніка 2025 году.
Пасьля дзесяцігодзьдзяў спрэчак паміж дзьвюма цэнтральнаазіяцкімі дзяржавамі наконт дакладных нацыянальных межаў Душанбэ і Бішкек дамовіліся аб лініях разьмежаваньня ў 2025 годзе.
Фота: Джэнгіш Айдараў/Кіргіская служба Радыё Свабода
Крышталі, багатыя ўранам, сьвецяцца пад ультрафіялетавым сьвятлом у закінутай савецкай шахце на поўдні Чэхіі, 4 лістапада 2025 году.
Дасьледчыкі ў цэнтральнаэўрапейскай краіне зноў адкрываюць шахты, закінутыя ў 1960-х гадах, дзе палітычных зьняволеных калісьці прымушалі здабываць радыеактыўныя мінэралы для ядзернай праграмы Савецкага Саюза.
Фота: Аймас Чапл, Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа
Малдаўскі палітык і алігарх Уладзімер Плахатнюк у судзе, Кішынёў, 2 сьнежня 2025 году.
Яго судзяць у межах адной з справаў, зьвязаных з «крадзяжом мільярда» з трох малдаўскіх банкаў у 2014 годзе. Акрамя махлярства і адмываньня грошай, Плахатнюка абвінавачваюць у стварэньні і кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй.
Фота: Андрэй Марару/Малдаўская служба Радыё Свабода
Пратэстоўца размахвае грузінскім сьцягам у цэнтры Тбілісі падчас 384-га дню пратэстаў з моманту пачатку беспарадкаў у цэнтры Тбілісі ў канцы 2024 года пасьля таго, як Грузія нечакана прыпыніла перамовы аб уступленьні ў Эўразьвяз. 16 сьнежня 2025 году.
Фота: Іллі Раціяні/Грузінская службя Радыё Свабода
Лічбавы экран у Маскве рэклямуе штогадовую прамую лінію і прэс-канфэрэнцыю прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна, 18 сьнежня 2025 году.
Фота: Reuters
Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч упершыню пасля вызвалення сустракаецца з сям’ёй у Вільні. 18 сьнежня 2025 году.
13 снежня 123 беларускіх палітвязняў вывезлі ва Ўкраіну ў выніку перамоваў з адміністрацыяй Трампа. Каб убачыць родных, Лабковіч больш за суткі ехаў з Украіны праз Польшчу.
Фота: Беларуская служба Радыё Свабода