Ці была забарона на ўезд у Беларусь? МЗС пракамэнтаваў сытуацыю вакол ангельца, зьбітага на Дзень Волі

Філіп Уорвік, архіўнае фота

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі на просьбу карэспандэнта Свабоды пракамэнтаваў зьвесткі з Фэйсбуку пра тое, што ангельскаму журналісту Філіпу Ўорвіку забаранілі прыяжджаць у Беларусь цягам 3 гадоў.

«Міністэрства замежных спраў не пацьвярджае і не абвяргае забароны на ўезд у Беларусь гэтаму грамадзяніну Вялікай Брытаніі. Афіцыйныя органы, згодна з заканадаўствам, не абавязаныя інфармаваць пра гэтага кшталту рашэньні замежных грамадзян і іншых асоб. Калі гэтаму замежнаму грамадзяніну гэтая інфармацыя была прадстаўленая, калі ласка, зьвяртайцеся па дадатковыя дэталі і тлумачэньні да яго», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Напярэдадні Філіп Уорвік (Filip Warwick) на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў, што МЗС Беларусі праінфармаваў брытанскую амбасаду ў Менску пра тое, што яму на тры гады забараняецца ўезд у Беларусь.

Філіп Уорвік асьвятляў падзеі ў Менску 25 сакавіка. Падчас акцыі каля плошчы Перамогі ў часе разгону яго затрымалі разам з многімі мітынгоўцамі.

Пазьней ён напісаў, што амапаўцы закавалі яго ў кайданкі, не дазвалялі зьвязацца з амбасадай, білі па твары. Больш за 6 гадзін Уорвік правёў у РУУС, потым яго адпусьцілі.

Сьляды кайданкоў на руцэ Ўорвіка

Філіп Уорвік — фатограф і радыёжурналіст, працуе на ангельскую службу Міжнароднага францускага радыё, радыёстанцыю «Нямецкая хваля» ды іншыя СМІ.

Інтэрвію Ўорвіка ўкраінскай службе Радыё Свабода