Лукашэнка занепакоіўся: жывём у эпоху пагрозаў сувэрэнітэту і падрыву міжнароднага права

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На ўрачыстым сходзе 22 лютага Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра мінулыя і цяперашнія войны ў сьвеце, а таксама пагрозы сувэрэнітэту Беларусі, піша ягоная прэс-служба.

Сход быў прысьвечаны «100-годзьдзю Ўзброеных сілаў Беларусі», якое адзначаецца 23 лютага, хоць у гэты дзень 100 гадоў таму не было створанае ні беларускае войска (яно — спачатку як Першы Менскі беларускі пяхотны полк — зьявілася за тры месяцы да таго, хоць Лукашэнка мяркуе, што гісторыя беларускіх войскаў пачалася з Саветаў), ні савецкае (яно было створанае за месяц да таго, а ў лютым 1918 году цярпела паразы ад немцаў).

«Мы жывём у эпоху маштабнага перадзелу сьвету, — казаў Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым сходзе. — Мэтанакіравана, абдумана падрываецца клясычнае міжнароднае права і яго аснова — сувэрэнітэт дзяржавы. Калясальна ўзрос фактар ваеннай сілы».

Лукашэнка сьцьвярджаў, што ва Ўсходняй Эўропе цяпер чыніцца пасьлядоўная мілітарызацыя, у суседніх краінах значна павялічваюцца вайсковыя выдаткі, а гэтыя краіны «родныя нам».

Паводле Лукашэнкі, беларускі народ, «прайшоўшы праз усясьветныя войны», цяпер «набыў генэтычнае непрыняцьце любой ваеннай агрэсіі». Пры гэтым ён дадаў: сьвет мусіць ведаць, што беларусы гатовыя бараніць сваю зямлю, свае сем’і і сваю незалежнасьць.

Лукашэнка зьвязаў гісторыю беларускага войска толькі з савецкім, і, паводле яго, менавіта Чырвоная армія (а ня зьнішчаная ёй Беларуская Народная Рэспубліка) адыграла «вырашальную ролю ў станаўленьні нашай незалежнасьці». 1918 год Лукашэнка назваў «няпростым гістарычным пэрыядам», які «пакінуў нам вялізную колькасьць трактовак і інтэрпрэтацыяў».

«Жыцьцё нас ударыла балюча па галаве, а Гасподзь пашкадаваў, што нас, разьдзяліўшы, не заняволілі без вайны, — разважаў Лукашэнка пра Беларусь пасьля распаду СССР. — І мы апамяталіся, што занадта мала ў нас сяброў. А тыя, якія ў сябры запісваюцца, хлусяць. І нам давялося на маршы чатыры разы мадэрнізаваць сваё войска, аптымізаваць. Гэта каштавала ня танна. І гэта, тым больш, не матэрыяльна, а маральна і духоўна дорага абышлося беларускаму народу, як і расейцам, народам некалі Савецкага Саюзу».

За дапамогу ў разьвіцьці высокадакладнай зброі Лукашэнка выразіў асаблівую падзяку Кітаю.

З Днём абаронцаў Айчыны нешта ня так. 5 прычынаў не сьвяткаваць 23 лютага