У ЗША супрацоўнік міграцыйнай службы застрэліў жанчыну

Аўтамабіль Рэнэ Ніколь Гуд, застрэленай супрацоўнікам міграцыйнай службы ў Мінэапалісе, ЗША, 7 студзеня 2026 году

Фэдэральныя ўлады сьцьвярджаюць, што гэта быў акт самаабароны супрацоўніка.

У сераду ў амэрыканскім горадзе Мінэапалісе супрацоўнік Службы іміграцыі і мытнага кантролю ЗША (ICE) застрэліў жанчыну. Фэдэральныя ўлады сьцьвярджаюць, што гэта быў акт самаабароны, бо яна, як яны кажуць, спрабавала зьбіць супрацоўніка ICE сваёй машынай. Мэр гораду адмаўляе гэтую вэрсію, піша Расейская служба Радыё Свабода.

Загінулая — 37-гадовая Рэнэ Ніколь Гуд, грамадзянка ЗША, у якой засталося шасьцігадовае дзіця. У сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках Гуд апісвала сябе як «паэтку і пісьменьніцу, жонку і маму».

У сацыяльных сетках апублікаваныя відэа інцыдэнту, на якіх відаць, як супрацоўнік ICE падыходзіць да аўтамабіля, які стаіць пасярод дарогі, патрабуе, каб кіроўца адчыніў дзьверы, і хапаецца за ручку.

Аўтамабіль пачынае рух наперад, пасьля чаго іншы супрацоўнік ICE, які стаіць перад аўтамабілем, дастае зброю і робіць як мінімум тры стрэлы ў аўтамабіль з блізкай адлегласьці, адскокваючы назад.

Зь відэа незразумела, ці сутыкнуўся аўтамабіль з афіцэрам. Затым аўтамабіль на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў дзьве машыны, прыпаркаваныя на ўзбочыне непадалёк, пасьля чаго рэзка спыніўся.

Міністарка ўнутранай бясьпекі ЗША Крысьці Ноэм сьцьвярджае, што Гуд на аўтамабілі заблякавала супрацоўнікаў ICE і адмовілася саступаць дарогу.

«Затым яна паспрабавала зьбіць супрацоўніка праваахоўных органаў», — заявіла Ноэм на прэс-канфэрэнцыі.

Міністарка таксама сьцьвярджае, што аўтамабіль зьбіў супрацоўніка ICE. Ноэм ахарактарызавала тое, што адбылося, як «унутраны тэрарызм» і сказала, што ФБР пачало расьсьледаваньне.

На інцыдэнт адрэагаваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён назваў жанчыну «прафэсійнай агітатаркай», якая «паводзіла сябе за стырном вельмі бязладна і аказвала супраціўленьне», а потым «наўмысна зьбіла афіцэра ICE».

«Мяркуючы па прымацаваным відэа, цяжка паверыць, што ён жывы, але зараз ён аднаўляецца ў лякарні», — напісаў Трамп.

Пры гэтым зь іншых ролікаў, апублікаваных у сацыяльных сетках, вынікае, што супрацоўнік ICE быў на нагах на працягу ўсяго інцыдэнту.

Мэр Мінэапалісу Джэйкаб Фрэй катэгарычна аспрэчыў сьцьвярджэньне аб тым, што супрацоўнік ICE стрэліў у мэтах самаабароны. Паводле яго, відэазапіс стральбы наўпрост супярэчыць гэтай вэрсіі.

«Яны сеюць хаос на нашых вуліцах і, у гэтым выпадку, у літаральным сэнсе забіваюць людзей. Таму яны ўжо спрабуюць падаць гэта як акт самаабароны. Гэта быў агент, які безразважна ўжыў сілу, у выніку чаго нехта загінуў», — сказаў Фрэй.

На месцы інцыдэнту ў Мінэапалісе. 7 студзеня 2026 году

Губэрнатар штату Мінэсота Тым Уолц пасьля стральбы заявіў, што сёньня «мы бачым наступствы праўленьня, накіраванага на спараджэньне страху».

«Цягам некалькіх тыдняў мы папярэджвалі, што небясьпечныя апэрацыі адміністрацыі Трампа нясуць пагрозу нашай грамадзкай бясьпецы, што нехта можа пацярпець», — сказаў Уолц на прэс-канфэрэнцыі.

Губэрнатар-дэмакрат меў на ўвазе рэйды, якія робіць ICE у пошуках нелегальных мігрантаў. Супраць гэтых рэйдаў ладзяць пратэсты актывісты, незадаволеныя палітыкай Трампа.


Пратэст у Мінэапалісе. 7 студзеня 2026 году

Як піша агенцтва Reuters, увечары ў сераду на месцы страляніны ў Мінэапалісе зьявіўся імправізаваны мэмарыял і сабраліся некалькі тысяч чалавек. Праціўнікі Трампа заклікалі да пратэстаў у шэрагу амэрыканскіх гарадоў. Паведамляецца, што людзі выйшлі на вуліцы ў больш як 10 гарадах.

На месцы інцыдэнту

Раней Міністэрства ўнутранай бясьпекі паведаміла, што ў Мінэсоце праводзіцца «найбуйнейшая ў гісторыі апэрацыя», у якую залучаныя дзьве тысячы супрацоўнікаў ICE. З словаў Ноэм, за апошнія тыдні ўлады арыштавалі 1500 чалавек. Гэтыя захады адбыліся пасьля абвінавачаньняў у маштабным махлярстве з сацыяльнымі дапамогамі, у якім, як сьцьвярджаецца, замяшаныя самалійскія імігранты.