«Думаем, што будзе, як у 2022-м». Украінцы, якія жывуць на мяжы зь Беларусьсю, сур’ёзна ўспрымаюць пагрозу новага ўварваньня

Your browser doesn’t support HTML5

Ці рыхтуе Беларусь напад? Украінскія памежнікі патрулююць мяжу ў чаканьні магчымага нападу з суседняй краіны

Жуналісты тэлеканалу «Настоящее время» наведалі памежныя зь Беларусьсю тэрыторыі з украінскага боку.

Паміж Беларусьсю і Украінай — новы віток напружанасьці, зьвязаны з ядзернымі вучэньнямі Расеі і Беларусі, візытам у Кіеў лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай і заявамі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «Валодзю Зяленскаму трэба задумацца».

Украінская выведка ўжо некалькі тыдняў папярэджвае аб магчымым новым уварваньні ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ў рамках летняга наступу Расеі.

Лукашэнка падрыхтоўку да ўварваньня адмаўляе, але пры гэтым папярэджвае Кіеў: «Не дай бог з нейкай тэрыторыі будзе ажыцьцёўлена ваенная атака на тэрыторыю Беларусі — вайна ва Ўкраіне атрымае зусім іншую якасьць».

Гэты абмен пагрозамі працягнуў камандуючы сіламі бесьпілётных сыстэм УСУ Робэрт Броўдзі (пазыўны Мадзьяр): ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што Украіна вызначыла 500 патэнцыйных цэляў у Беларусі на выпадак уступленьня краіны ў канфлікт.

«Бясплатная і вельмі практычная парада: ня лезь Украіне ў вочы», — заўважыў ён на адрас Лукашэнкі.

Лукашэнка на гэта адказаў, што Менск вызначыў ва Ўкраіне адну «вельмі сурʼёзную цэль з дакладнымі каардынатамі».

Што адбываецца на мяжы Ўкраіны і Беларусі і ці ёсьць рэальная пагроза ўварваньня ва Ўкраіну з поўначы, як гэта было ў 2022 годзе.

Журналіст НВ Андрэй Кузакоў пабываў у гэтым раёне і паразмаўляў з украінскімі памежнікамі і мясцовымі жыхарамі. Тыя пагрозу ўварваньня ўспрымаюць як рэальную і вельмі блізкую.

Украіна ўспрыняла пагрозу рэальна

Мяжа паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь на поўначы праходзіць па рацэ Дняпро: кожны дзень яе патрулюе катэр украінскіх памежнікаў, а зьверху маніторыць дроны.

Начальнік падразьдзяленьня Антон кажа, што іх галоўная задача — не дапусьціць правакацый: «Заданьне ў дадзены час у памежніка — каб якая-небудзь дывэрсійна-выведвальная група або які-небудзь вайсковец не патрапілі на тэрыторыю Ўкраіны», — тлумачыць ён.

Надзея Райская жыве ў сяле на мяжы зь Беларусьсю і кожны дзень працуе ў агародзе: вырошчвае бульбу, цыбулю, перац і нават кавуны. Жанчына прызнаецца, што ў яе на душы неспакойна.

«Становішча вельмі цяжкое, і хто яго ведае, ці дадуць нам сабраць наш ураджай? Ці, можа, не, таму што вельмі цяжка! Дроны лётаюць кожны дзень праз нас, на Кіеў і на Чарнігаў», — распавядае яна.

Дроны, пра якія кажа Надзея, — гэта расейскія «Шахеды» і «Герберы»: расейскае войска выкарыстоўвае для ўдараў па Украіне ў тым ліку ваенную інфраструктуру на тэрыторыі Беларусі.

Паводле ўкраінскай выведкі, Расея зноў спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны, і расейскія войскі ў любы момант могуць разьмясьціцца на падрыхтаваных беларускіх базах і палігонах недалёка ад мяжы.

«Расея працягвае, а цяпер яшчэ больш актыўна, ціснуць на Беларусь для таго, каб тая ўжо ўласнымі сіламі далучалася да вайны, якую Расея разьвязала супраць нашай краіны, — кажа Андрэй Дземчанка, сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны. — Ёсьць сыгналы, што Беларусь працягвае разьвіваць сваю ваенную інфраструктуру, пэўныя інфраструктурныя абʼекты, а таксама гэта лягістычныя маршруты, якія могуць быць выкарыстаныя супраць Украіны. Гэта і палігоны, і месцы, дзе можна трымаць асабовы склад».

Надзея Райская мяркуе, што пагроза ўварваньня з боку Беларусі рэальная:

«Мы гэтага чакаем кожны дзень, што вось-вось. Думаем, што будзе такое ж, як у 2022 годзе, калі ўсё пачыналася, — наступ з боку Беларусі, зноў пойдуць, — кажа яна. — Не так баімся таго, што зьверху (паказвае на неба), як па зямлі баімся вельмі — што зойдуць і што зробяць з людзьмі. Цяжка зноў чакаць іх. Страх пасьля 2022 года застаўся: тады і платы дрыжалі, і хаты дрыжалі».

Дрон памежніка Аляксандра, які пралятае каля мяжы, пакуль нічога падазронага на тэрыторыі Беларусі не бачыць.

«Скапленьняў ніякіх ня выяўлена, канцэнтрацыі ніякай няма, назіраецца штодзённая дзейнасьць памежнай службы Беларусі», — дакладвае ён.

Зрэшты, назапашваць тэхніку непасрэдна на мяжы Беларусі і Ўкраіны не абавязкова, тлумачыць начальнік памежнага падразьдзяленьня Антон.

«Ёсьць шмат іншых варыянтаў. Неабавязкова назапашваць тэхніку — можна дэсантаваць вайскоўцаў, пераляцець мяжу верталётам, або як было ў 2022 годзе, калі з тэрыторыі Беларусі пайшлі самалёты на наш бок, запускалі ракеты. Зноў жа артабстрэлы. Гэта неабавязкова павінна быць пяхота», — пералічвае ён.

Дронавыя атакі з тэрыторыі Беларусі

Для правакацый супраць Украіны могуць быць выкарыстаны і дроны. Дзяржсакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч 26 траўня ў Маскве заявіў, што нібыта за тыдзень 116 украінскіх ударных БПЛА ўпалі на беларускай тэрыторыі — але ніякіх доказаў гэтага не прывёў. Ва Ўкраіне падобныя заявы назвалі абсурднымі.

А вось расійскія дроны кшталту «Шахед» у беларускай паветранай прасторы ўкраінскімі сіламі фіксуюцца ўсё часьцей. Адзін расейскі ўдарны БПЛА быў зьняты, калі ляцеў побач з мяжой Украіны. З-за таго, што ён ляцеў над тэрыторыяй Беларусі, зьбіваць такія цэлі ўкраінская СПА ня можа — пакуль яны не заляцяць на тэрыторыю Ўкраіны. Гэтым, па словах памежнікаў, і карыстаецца супернік.

«Фактычна расейскія дроны „Шахеды“, „Герберы“ як правіла, заходзяць праз Чарнігаўскую вобласьць па ўчастку мяжы з Расіяй, — тлумачыць Андрэй Дземчанка, сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны. — А далей яны ідуць уздоўж мяжы, і часта, зноў жа, гэтыя дроны ляцяць менавіта над тэрыторыяй Беларусі».

Акрамя таго, па словах украінскіх памежнікаў, беларускія вайскоўцы разгортваюць рэтрансьлятары, якія ўзмацняюць сыгнал для расейскіх дронаў.

«Беларусь на гэта заплюшчвае вочы. Беларуская СПА, якая фіксуе ўкраінскія дроны, чамусьці не фіксуе іншыя сродкі, якія пралятаюць менавіта над тэрыторыяй Беларусі, якія выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі з боку Расеі», — заўважае Дземчанка.

Па ўсіх пералічаных вышэй прычынах украінскія памежнікі працягваюць рыхтавацца да магчымага ўварваньня. Тэрыторыя каля мяжы з Беларусьсю зараз актыўна мінуецца, таксама там рыюць супрацьтанкавыя равы і будуюць іншыя ўмацаваньні. Украінскія памежнікі кажуць, што трэба быць гатовымі да любых сытуацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Баімся, каб расейцы не прыйшлі зь беларускага боку». Як жывуць украінцы на мяжы зь Беларусьсю. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Страшна, але робім сваю працу». Рэпартаж з Пакроўску, дзе УСУ супрацьстаяць расейскаму наступу. ВІДЭА«Горад трымаецца, як бы вораг ні спрабаваў яго спаганіць». Што кажуць кіроўца і пасажыры маршруткі ў прыфрантавым Славянску. ВІДЭА Пасьля перамір’я на 9 траўня Расея ўзмацніла абстрэлы Краматорска, жыхары рыхтуюцца да эвакуацыі. ВІДЭАЯк пад абстрэламі і бомбамі ў Запароскай вобласьці ідзе пасяўная. ВІДЭАВа Ўкраіне разьвіваюць прыватную супрацьпаветраную абарону. ВІДЭА