Расея нанесла новы ўдар па ўкраінскай энэргетыцы. Украіна атакавала ўрадавы дата-цэнтар і азотны камбінат у Расеі

Пасьля атакі на горад Гарадзец Ніжагародзкай вобласьці Расеі

Расея, нягледзячы на заявы аб гатоўнасьці аднавіць у лістападзе трохбаковыя перамовы з Украінай і ЗША, працягвае атакаваць украінскія цывільныя цэлі. Украіна адказвае на гэта сваімі паветранымі ўдарамі.

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 23 кастрычніка атакавалі Ўкраіну дронамі, выкарыстаўшы прыкладна столькі ж, як у папярэднія дні — 176. Больш за палову з іх, як сьцьвярджаюць Паветраныя сілы Ўкраіны, былі рэактыўнымі: такія БПЛА Ўкраіне стала складаней зьбіваць пасля ўведзеных ЗША абмежаваньняў на працу сыстэмы спадарожнікавай сувязі Starshield.

Асноўнай цэльлю расейскага ўдару зноў былі аб’екты ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры. Украінская кампанія ДТЭК паведамляе, што ад масаванага абстрэлу пацярпела адна зь яе цеплаэлектрастанцыяў, у выніку прадпрыемства цалкам спыніла выраб электраэнэргіі.

У чацьвер амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal напісала, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў кіраўніку кампаніі SpaceX Ілану Маску і папрасіў яго аднавіць поўную функцыянальнасьць Starshield для Ўкраіны, дазволіўшы спадарожнікавай сувязі зноў працаваць на хуткасьцях, большых за 160 кілямэтраў у гадзіну.

Украінскія вайскоўцы ўвечары 22 кастрычніка сталі паведамляць, што праца Starshield у поўным абʼёме паступова аднаўляецца.

Раніцай у пятніцу дарадца міністра абароны Ўкраіны Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў напісаў у сацыяльных сетках, што ў рэальнасьці абмежаваньні застаюцца ў сіле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што Маск зьняў абмежаваньні на выкарыстаньне Starlink ва Ўкраіне

Украіна атакавала цэнтар апрацоўкі дадзеных Фэдэральнай падатковай службы Расеі

Украінскія войскі ўначы на 23 кастрычніка нанесьлі ўдар па цэнтры апрацоўкі дадзеных Фэдэральнай падатковай службы Расеі ў горадзе Гарадзец Ніжагародзкай вобласьці.

Пра гэта паведамляе ўкраінскі маніторынгавы праект Exilenova +.

Аналітыкі адзначаюць, што гэта адзін з двух асноўных дата-цэнтраў ФПС Расеі, у ім захоўваюць і апрацоўваюць дадзеныя дзяржаўных рэестраў, у тым ліку падатковыя базы.

Атака на аб’ект патэнцыйна можа адбіцца на працы дзяржаўных інфармацыйных сыстэмаў Расеі.

У горадзе Бярэзьнікі Пермскага краю быў атакаваны філіял «Азот» кампаніі «Уралхім». Гэта буйны хімічны вытворчы комплекс, які ўключае каля 90 вытворчых карпусоў. Асноўная прадукцыя «Азоту» — аміячная салетра — важны складнік у вытворчасьці выбуховых рэчываў.

У акупаваным Расеяй Луганску пад атаку трапіла вежа сувязі. У частцы гораду пасьля гэтага зьнікла сувязь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў атакавала Кіеў ракетамі, ёсьць ахвяры і разбурэньні

Удары Ўкраіны па расейскіх цэнтрах апрацоўкі дадзеных