У Менску прэзэнтавалі кнігу пра 187 беларускіх палітвязьняў

У менскім офісе БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі «Хронікі беларускіх палітвязьняў». У ёй апавядаецца пра 187 грамадзян Беларусі, якіх улады краіны перасьледавалі і працягваюць перасьледаваць з палітычных прычын.

Кніга выдадзена ў Польшчы намаганьнямі праваабаронцаў зь «Вясны» і польскай «Фундацыі разьвіцьця дэмакратычных ініцыятыў». Каардынатар праекту Зьміцер Салаўеў зазначыў, што першыя асобнікі «Хронік» былі надрукаваныя яшчэ ў мінулым годзе, але з-за праблемаў зь перавозам кнігі празь мяжу прэзэнтацыю даводзілася адкладаць. Пра мэту гэтага праекту праваабаронца сказаў:

«Мы вырашылі зноў нагадаць і распавесьці людзям у Беларусі і ў іншых краінах Эўропы, што праблема палітвязьняў у Беларусі — гэта сыстэмная праблема, а не эпізод пэўнага палітычнага моманту. Цяпер у Беларусі 6 палітвязьняў, а яшчэ чатыры гады таму было 50. І ніхто ня ведае, колькі будзе пасьля чарговых выбараў. У Крымінальным кодэксе краіны застаюцца такія артыкулы, як артыкул пра ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, з-за якіх любога, хто паспрабуе займацца палітыкай насуперак уладам, можна кінуць у турму. Наша кніга — яшчэ адзін заклік да грамадзтва вырашыць праблему палітвязьняў карэнным чынам», — сказаў Зьміцер Салаўеў.

Кніга «Хронікі беларускіх палітвязьняў» напісаная па матэрыялах сайту palitviazni.info, у ёй выкарыстаныя фатаздымкі Юліі Дарашкевіч і Сяргея Гудзіліна. Кніга выдадзеная на трох мовах: беларускай, польскай і ангельскай. У прэзэнтацыі ўдзельнічалі палітвязьні розных «прызываў» — ад канца 1990-х гадоў і да апошніх прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Каардынатар праекту «Хронікі беларускіх палітвязьняў» праваабаронца зь «Вясны» Зьміцер Салаўеў.