Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы выдалі кнігу пра лёсы 187 беларускіх палітвязьняў


Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота
Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота

Сёньня адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Хронікі беларускіх палітвязьняў» — друкаванага працягу сайту palitviazni.info, які ўтрымлівае поўную электронную базу зьвестак пра асобаў, якія пацярпелі ў Беларусі за палітычныя перакананьні.

Заснавальнік сайту palitviazni.info і рэдактар кнігі «Хронікі беларускіх палітвязьняў» праваабаронца Зьміцер Салаўёў сказаў Свабодзе, што выданьне надрукавалі ў Польшчы пры падтрымцы Фундацыі для разьвіцьця дэмакратычных ініцыятыў. Ёсьць два варыянты кнігі — адзін на польскай і беларускай, другі на польскай і ангельскай мовах.

«Выданьне арыентаванае збольшага на замежнікаў, на пашырэньне інфармацыі пра стан спраў з палітвязьнямі на Беларусі. Увогуле ідэя сайту palitviazni.info і кнігі „Хронікі беларускіх палітвязьняў“ — паказаць людзям, што палітвязьні ў Беларусі — гэта справа пастаянная, гэта канвэер, які саджае людзей перад выбарчымі кампаніямі. Насамрэч, гэта забываецца. Мяняюцца эўрапейскія палітыкі, і ня ўсе яны ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. Так, цяпер палітвязьняў 6, але быў час, калі іх было 50. Пра гэта трэба памятаць. Ужо ўсе забыліся пра 12 патрабаваньняў Эўразьвязу, дзе гаварылася пра палітвязьняў. Мы хочам акцэнтаваць увагу на гэтай праблеме і падкрэсьліць, што яна ніякім чынам не вырашаецца», — сказаў Зьміцер Салаўёў.

Для кнігі выкарыстаныя матэрыялы сайту palitviazni.info. Фатаздымкі палітвязьняў зробленыя Юліяй Дарашкевіч і Сяргеем Гудзіліным. Ёсьць кароткі ўступ. Усяго выданьне распавядае пра 187 палітвязьняў Беларусі, іх біяграфіі і хронікі перасьледу. Гэтыя амаль дзьве сотні чалавек — тыя, хто прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, і тыя, супраць каго заводзілася крымінальная справа за грамадзка-палітычную дзейнасьць.

Прэзэнтацыя «Хронік беларускіх палітвязьняў» пачнецца а 17 гадзіне 11 чэрвеня ў сядзібе Партыі БНФ па адрасе: Чарнышэўскага, 3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG