У Кіеве затрымалі беларусаў Аўчыньнікава і Парфянкова за беспарадкі ў судзе

Васіль Парфянкоў, архіўнае фота

Два беларускія актывісты — Алег Аўчыньнікаў і добраахвотнік Васіль Парфянкоў — затрыманыя сёньня паліцыяй за беспарадкі, учыненыя ўначы ў Сьвятошынскім раённым судзе Кіева, дзе абіралі меру стрыманьня для кіраўніка добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў» Міколы Каханіўскага.

«Напярэдадні суд мусіў ухваліць рашэньне аб затрыманьні лідэра АУН Міколы Каханіўскага. Але суд абвясьціў перапынак да сёньняшняга ранку, і каля 40 актывістаў вырашылі падтрымаць Каханіўскага, застаўшыся ў залі суду. Там прысутнічалі народныя дэпутаты Ігар Масяйчук і Ігар Луцэнка. Усё было спачатку спакойна, пакуль уначы не пачаўся штурм спэцназаўцамі з выкарыстаньнем газу і дымавых шашак, і актывісты, каб уратаваць сваё жыцьцё, разьбілі шкло і выйшлі ўва ўнутраны дворык судовага будынка», — паведаміла Свабодзе прадстаўніца Беларускага цэнтру «Сябры» Галіна Сарочык.

Паводле яе, раніцай судовае пасяджэньне мелася адбыцца ў іншай залі, але праваахоўныя органы зноў штурмавалі актывістаў.

«У выніку актывісты былі брутальна затрыманыя, у тым ліку два беларусы і трое журналістаў. Цяпер усе яны знаходзяцца ў Шаўчэнкаўскім раённым аддзяленьні паліцыі. Да іх нікога не дапускаюць, нават мэдыкаў», — дадала яна.

Паводле паліцыі група падтрымкі Каханоўскага ў судзе будавала барыкады, біла шыбы.

Мікола Каханіўскі быў затрыманы ў Кіеве 21 кастрычніка. Паводле праваахоўных органаў, ён выкарыстаў траўматычную зброю падчас канфлікту зь іншым грамадзянінам.

Супраць Васіля Парфянкова, які ёсьць сябрам добраахвотніцкага руху АУН, ва Ўкраіне вядзецца дзьве крымінальныя справы — за пагромы прадстаўніцтваў расейскіх банкаў у Кіеве, а таксама за падзеі 9 траўня, калі актывісты спрабавалі перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк». Абедзьве справы разглядаюцца цяпер у судах.

Пазьней стала вядома, што ўсяго затрымалі 32 актывістаў. Зь іх шасьцёра маюць статус падазраваных паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • хуліганства;
  • наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньні маёмасьці;
  • умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка праваахоўнага органа.

«Пяцёра зь іх затрыманыя адпаведна з артыкулам 208 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Беларусаў сярод іх няма», — сказала Свабодзе прэсавы сакратар Нацыянальнай паліцыі Кіева Аксана Блішчык.

Васіль Парфянкоў падчас сутычкі ў судзе атрымаў траўмы і цяпер шпіталізаваны, — сказала прадстаўніца Беларускага цэнтру «Сябры» Галіна Сарочык.

Алег Аўчыньнікаў — на волі.