Пэкін пацьвердзіў, што рыхтуецца сустрэча Сі, Трампа і Пуціна. Узгодненага парадку дня пакуль няма

Сі Дзіньпінь і Дональд Трамп, верасень 2026 году

Тры кіраўнікі сустрэнуцца ў кулюарах саміту Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС) у Шэньджэні на паўднёвым усходзе Кітаю.

МЗС Кітайскай Народнай Рэспублікі пацьвердзіла, што лідэр КНР Сі Дзіньпін, прэзыдэнты ЗША і Расеі Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін правядуць сустрэчу 19 лістапада ў Шэньджэні. Трохбаковая сустрэча пазначана і ў афіцыйным графіку Трампа.

Сустрэча адбудзецца ў рамках саміту Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС). Гэта першая ў гісторыі сустрэча ў такім фармаце.

Што будуць абмяркоўваць кіраўнікі трох дзяржаваў, у МЗС КНР не ўдакладняюць. Financial Times з спасылкай на неназванага амэрыканскага службоўца піша, што КНР, Расея і ЗША адмовіліся ад узгодненага парадку дня, што, як зазначаецца, нязвыклы крок для Сі Дзіньпіна, які заўсёды настойвае на строга рэглямэнтаваных гутарках з замежнымі лідэрамі.

Суразмоўца выданьня паведаміў, што Трамп падыме пытаньне кантролю над ядзернай зброяй і яе распаўсюджваньнем, але падкрэсьліў, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў хоча пачаць дыскусію паміж трыма найбуйнейшымі ядзернымі дзяржавамі і не чакае, пакуль будзе дасягнута пагадненьне. «Гэта складаная тэма для Кітаю, але мы ўважаем, што Кітаю пара сесьці за стол перамоваў», — сказаў амэрыканскі службовец. Сам Трамп раней казаў, што «дэнуклеарызацыя» будзе галоўнай тэмай сустрэчы лідэраў трох ядзерных дзяржаваў.

Прафэсар Унівэрсытэту Цінхуа Да Вэй сказаў Financial Times, што Сі Дзіньпін наўрад ці будзе праводзіць паглыбленыя перамовы аб вайне ва Ўкраіне або кантролі над узбраеньнямі, але, імаверна, засяродзіцца на абмеркаваньні глябальнай стабільнасьці.

Раней мэдыя паведамлялі, што вайна ва Ўкраіне наўрад ці будзе ў цэнтры ўвагі на сустрэчы. У Кіеве папярэджвалі, што непажадана абмяркоўваць «Украіну без Украіны».

Што чакаецца на сустрэчы

Вашынгтон назваў галоўнымі тэмамі будучай размовы ядзернае раззбраеньне і Іран. Асобнай двухбаковай сустрэчы паміж Трампам і Пуціным падчас візыту не заплянавана. Прадстаўніца Белага дому Алівія Ўэйлз заявіла, што Трамп мае намер абмеркаваць скарачэньне ядзернай зброі ў сьвеце, назваўшы яе распаўсюд асабліва небясьпечным. Высокапастаўленыя службоўцы ЗША папярэдзілі, што ніякага пагадненьня не чакаецца, і ахарактарызавалі сустрэчу як папярэднюю размову, задача якой — распачаць дыскусіі аб кантролі над узбраеньнямі.

Заплянаваныя трохбаковыя перамовы адбудуцца ў той час, калі адміністрацыя Трампа ўзмацняе эканамічны ціск на Тэгеран і пагражае далейшымі ваеннымі дзеяньнямі, у той час як Расея і КНР падтрымліваюць цесныя сувязі з іранскім рэжымам. Высокі службовец ЗША пацьвердзіў, што Трамп мерыцца падняць пытаньне Ірану на трохбаковай сустрэчы, але не ўдакладніў, ці будзе Вашынгтон зьвяртацца па дапамогу да Масквы і Пэкіну, каб спыніць канфлікт або стрымаць дзейнасьць Тэгерану ў рэгіёне.

Чакаецца, што на трохбаковай сустрэчы таксама абмяркуюць кантроль над ядзернымі ўзбраеньнямі. Тэрмін дзеяньня дамовы START, апошняга дзейнага пагадненьня аб кантролі над ядзернымі ўзбраеньнямі паміж Вашынгтонам і Масквой, скончыўся ў лютым. У выніку абмежаваньні на два найбуйнейшыя ў сьвеце ядзерныя арсэналы ўпершыню за больш чым пяць дзесяцігодзьдзяў страцілі сілу. Трамп адхіліў прапанову Расеі падоўжыць пагадненьне яшчэ на год, заклікаўшы замест гэтага да новага, мадэрнізаванага пагадненьня, якое б уключыла КНР.

Паводле ацэнак Пэнтагону, КНР мае больш за 600 ядзерных боегаловак, у той час як ЗША і Расея — больш чым па 5000. Пэкін пакуль не праяўляе інтарэсу да ўводу абмежаваньняў на свой значна меншы арсэнал.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп, Пуцін і Сі сустрэнуцца ў Кітаі 19 лістапада