Перад будынкам Генэральнага консульства Расеі ў Нью-Ёрку 24 верасьня прайшоў мітынг супраць Уладзіміра Пуціна, прымеркаваны да Дня міру. Пікет зладзілі прадстаўнікі расейскай дыяспары ў ЗША, іх падтрымалі актывісты беларускай і ўкраінскай дыяспараў.
Пратэставалі як супраць агрэсіўнай палітыкі Пуціна адносна суседніх дзяржаваў — Украіны, Грузіі і Беларусі, так і яго ўласнага народу.
Сярод плякатаў былі «Stop Putin — stop agression», «Putin — killer», «Рускі мір — гэта вайна», «Беларусь без рашызму», «Беларусь не Расея», «Рускія войскі, прэч зь Беларусі», а таксама «Крым ня ваш, Крым — радзіма крымскіх татараў». Мітынг прайшоў пад жоўта-блакітным сьцягам Украіны і пад бел-чырвона-белым сьцягам.