«300 тысяч толькі пры Сталыпіну». Першае дасьледаваньне пра перасяленьне беларусаў у Прыбайкальле

Беларускія хаты ў Чарчэце Тайшэцкага раёну, аздобленыя зоркамі-абярэгамі. Вёска заснаваная падчас аграрнай рэформы Сталыпіна

Шматлікая беларуская грамада Прыбайкальля атрымала першую сыстэматызаваную гісторыю міграцыі сваіх продкаў ва Ўсходні Сібір. Для адных гэта было асваеньне новых земляў, іншых высылалі як «ворагаў народу».

Альманах, падрыхтаваны да друку Беларускім клюбам «Крывічы», мае назву «Нарысы, апавяданьні і казкі беларусаў Іркуцкай вобласьці». Рэдактар-укладальнік — дасьледчык, этнограф, пачынальнік сучаснага культурнага руху беларусаў у Прыбайкальлі Алег Рудакоў.

Беларускія перасяленцы

Пад адной вокладкай сабраныя больш за два дзясяткі гісторый, расказаных празь сямейныя ўспаміны ды вусную народную творчасьць. Матэрыял зьбіраўся падчас этнаграфічных экспэдыцый у месцы, кампактна заселеныя выхадцамі зь беларускіх земляў, а таксама ў гутарках зь людзьмі, народжанымі ў Сібіры ў другім-трэцім, а то і пятым пакаленьні.

Прэзэнтацыя выданьня адбудзецца 29 сакавіка ў Іркуцкім плянэтарыі. Бонусам — фільм «Бэнэдыкт Дыбоўскі. Таямніцы Сьвятога мора». Стужка пра заоляга, паўстанца 1863 году зьнятая студыяй гістарычных фільмаў «Майстэрня Ўладзімера Бокуна» ў рамках праекту «100 імёнаў Беларусі».

Алег Рудакоў з захавальніцай беларускіх песень Нінай Дакучыц

«Гэта першая спроба сабраць разам нарысы, аповеды, казкі беларусаў Прыбайкальля, — кажа Алег Рудакоў. — Некаторыя артыкулы на беларускай мове, безь перакладу на расейскую, а казкі ўвогуле на „трасянцы“ — так, як было запісана ад непасрэднага носьбіта. Намагаліся максымальна захаваць аўтарскі стыль. Не таму, што не хацелі плаціць карэктару, а таму, што беларусаў-першапасяленцаў часта так і называлі — „няграматныя“, бо размаўлялі „па-вясковаму“. І хоць насамрэч нават сяляне ўмелі чытаць і пісаць, рабілі гэта са своеасаблівым калярытам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​Сыбірская беларуска: Дакараю сябе, што ніколі не была на зямлі продкаў

Тое, што па ўсім Сібіры жыве шмат беларусаў, вядома даўно. А як людзі траплялі за тысячы кілямэтраў ад радзімы, калі транспарт быў зусім прымітыўны? І каго лічыць беларусамі ў інтэрнацыянальных сем’ях? Шмат на якія пытаньні такога кшталту няма адказу, бо гісторыя перасяленьне беларусаў дагэтуль адмыслова не вывучалася.

Першыя жыхары вёскі Тургенеўка (з экспазыцыі вясковага этнаграфічнага музэя)

Паводле Алега Рудакова, за два апошнія стагодзьдзі зь Беларусі ў суровы край выправіліся паўтара мільёна чалавек — па адной толькі сталыпінскай аграрнай рэформе 1906–1912 гадоў у Прыбайкальле перасяліліся 300 тысяч беларусаў. Аднак асыміляцыя зрабіла сваю справу: народжаныя ў Сібіры нашчадкі тых першапраходцаў называюць сябе «рускімі». Да таго ж падчас перапісаў «лічыльнікі» сьвядома запісваюць усіх, хто мае славянскую зьнешнасьць, у «тытульную нацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская вёска на бурацкай зямлі

У нарысе «Беларусы Прыбайкальля: этнакультурнае разьвіцьцё ўдалечыні ад гістарычнай радзімы» Алег Рудакоў расказвае пра асноўныя міграцыйныя хвалі. Налічыў ён іх прыкладна дзясятак.

Этнаграфічная экспэдыцыя: успаміны беларускай доўгажыхаркі

Як удакладняе дасьледчык, гаворка не пра самастойныя пераезды, а менавіта пра масавыя перасяленьні — пачынаючы з палонных ліцьвінаў і заканчваючы вывадам ракетных войскаў зь Беларусі.

Дзесяць хваляў беларусізацыі Сібіру

Паводле архіўных зьвестак, выхадцы зь беларускіх земляў былі яшчэ ў складзе першых экспэдыцыяў казакоў. У XVII стагодзьдзі маскоўскія баяры адпраўлялі палонных у Сібір не як катаржнікаў, а як першапраходцаў. Неўзабаве зьяўляюцца цэлыя вёскі, населеныя выхадцамі з ВКЛ. Так, з дакумэнтаў 1680 году вядомае паселішча Літвінцава паблізу Ілімскага астрога. Праіснавала яно да 1940-х.

Род Петрусяў, заснавальнікаў вёскі Жызьнеўка цяперашняга Заларынскага раёну

Наступная хваля зьвязаная з паўстаньнямі 1830 і 1863 гадоў. Пасьля здушэньня «бунтаў» актыўных удзельнікаў высылалі ў Сібір. У масе сваёй інсургенты былі каталікамі, таму часьцяком іх называлі палякамі. З гэтай плыні потым выйшлі выбітныя навукоўцы: геоляг, самы вядомы знаўца Байкалу Ян Чэрскі; археоляг, дасьледчык пахаваньняў эпохі нэаліту Мікалай Віткоўскі; батанікі Фэлікс Зянковіч і Канстанцін Жэброўскі; заоляг Бэнэдыкт Дыбоўскі ды многія іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўдасца ўшанаваць памяць беларускіх дасьледчыкаў Сыбіры

У канцы ХІХ стагодзьдзя дзясяткі тысяч беларускіх працаўнікоў рушылі на будоўлю Транссібірскай чыгункі. Грошы плацілі добрыя, але назад вярнуўся зусім мала хто: каля 70% працаўнікоў засталіся ў Сібіры падтрымліваць аб’екты магістралі, разьбіраць наступствы абвалаў горных пародаў. Некаторыя будаўнікі і чыгуначнікі асядалі ў беларускіх вёсках.

Род Усовікаў зь Беларусі

Самая масавая хваля прыпадае на кадэнцыю кіраўніка царскага ўраду Пятра Сталыпіна. На пачатку ХХ стагодзьдзя ў Іркуцкую губэрню пацягнуліся перасяленцы зь Беларусі і Ўкраіны, якія ўтваралі цэлыя этнічныя калёніі. Вакол бурацкага паселішча Тулун было закладзена паўтары сотні вёсак, 124 зь іх — беларусамі. Ёсьць яны і цяпер:

  • Кілім,
  • Ніжні і Верхні Бурбук,
  • Аляксандраўка,
  • Ікей (Тулунскі раён),
  • Тургенеўка,
  • Васільеўка,
  • Лідзінская,
  • Талстоўка (Баяндаеўскі раён),
  • Андрушына,
  • Ключы,
  • Сулкет,
  • Каразей (Куйтунскі раён),
  • Марыінск,
  • Бабагай,
  • Жызьнеўка (Заларынскі раён),
  • Чарчэт (Тайшэцкі раён),
  • Анучынск (Балаганскі раён).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які даглядае могілкі землякоў у зьнішчаных вёсках Сыбіры

Да чарговай міграцыі спрычынілася Першая ўсясьветная вайна. Блізу 2 мільёнаў беларусаў былі вывезеныя ў расейскі тыл — далей ад жорсткага германа-расейскага супрацьстаяньня, якое накрыла значную частку Беларусі. У асноўным уцекачы асядалі на Ўрале і ў Заходнім Сібіры, але шмат хто дабраўся і да Прыбайкальля. Некаторыя ехалі мэтанакіравана да сваякоў, якія ўжо атабарыліся на новым месцы пры Сталыпіну.

Продкі беларускай актывісткі Волі Галанавай

1930-я. Час сталінскіх рэпрэсій і калектывізацыі. Тысячы палітычных вязьняў знайшлі тут апошні спачын. Але некаторыя, цудам уратаваўшыся, заставаліся, заводзілі сем’і. Былі рэпрэсаваныя і ў сям’і кіраўніцы іркуцкага Беларускага клюбу «Крывічы» Волі Галанавай, пра якую ня так даўно расказвала Свабода. Зь іншага боку, многія сяляне, якія не жадалі ісьці ў калгасы, пераяжджалі пад абяцанкі, што тут льга будзе гаспадарыць аднаасобна. Праўда, у 1939-м калектывізацыя дапаўзла і сюды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як праўнучка «ворагаў народу» зь Сібіру разбудзіла ў сабе беларуску

Другая ўсясьветная вайна зноў прымусіла шукаць паратунку далей ад лініі фронту. Эвакуаваліся цэлымі заводамі, творчымі калектывамі. Але ня толькі добраахвотна. Пасьля далучэньня ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР многія беларусы, узятыя ў палон як вайскоўцы Польскай арміі, апынуліся ў Сібіры, адкуль потым кружным шляхам сыходзілі на Захад з арміяй генэрала Андэрса.

Сям’я перасяленцаў зь Беларусі падчас сталыпінскай рэформы

У паваенны час ехалі збольшага па разьмеркаваньні. Аднак камсамольскія будоўлі 1970-х справакавалі «рамантычную» хвалю: Іркуцкая, Брацкая і Усьць-Ілімская ГЭС былі ўзьведзеныя ў тым ліку беларускімі будаўнікамі, многія зь іх пасьля засталіся жыць у Іркуцкай вобласьці. Асабліва вядомы пасёлак Улькан на БАМе, які будавалі моладзевыя атрады зь Беларусі.

Нарэшце, яшчэ да адной масавай хвалі перасяленцаў спрычыніліся чарнобыльская катастрофа 1986 году і вывад у пачатку 1990-х ракетных войскаў зь Беларусі ў рэгіёны Сібіру і Далёкага Ўсходу. З арміі прыйшоў у беларускі рух Прыбайкальля і сам Алег Рудакоў.

Беларуская вёска Тургенеўка

Усе гэтыя этапы зрабілі адчувальны ўплыў на беларускую дэмаграфію. Толькі ў Іркуцкай вобласьці жыве каля 50 тысяч чалавек, якія ідэнтыфікавалі сябе беларусамі. Хоць Алег Рудакоў перакананы: у кожнага трэцяга жыхара Прыбайкальля ёсьць беларускія карані. Агулам за межамі мэтраполіі пражывае палова ад усяго цяперашняга насельніцтва Беларусі.

Перасяленцы навучылі абарыгенаў араць і сеяць

Як удакладняе спадар Рудакоў, ніхто з аўтараў кнігі ня мае навуковых рэгалій. Галоўнае, што ўсе яны — нашчадкі беларусаў, якія добраахвотна або прымусова разьвіталіся з радзімай. А значыць, яны аўтэнтычныя носьбіты культуры, традыцый і побыту беларусаў у Прыбайкальлі.

Алег Рудакоў апытвае пажылую беларуску

Алег Рудакоў цытуе колішняга кіраўніка адміністрацыі Усьць-Ардынскай Бурацкай аўтаномнай акругі Валерыя Малеева, які ў адным з інтэрвію заявіў, што гэта перасяленцы-беларусы навучылі сібіракоў сеяць і апрацоўваць лён, правільна і эфэктыўна саджаць бульбу. Тыя сотні тысяч сялянаў, якія перасяліліся ў Іркуцкую губэрню па аграрнай рэформе, значна паўплывалі на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі краю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтэнтычней, чым у Беларусі: «Беларуская глеба» на Байкале

У вёсках, заснаваных беларусамі, калгасы станавіліся мільянэрамі. Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня калгасу імя Парыскай камуны ў беларускай вёсцы Мугун Тулунскага раёну Мікалай Раманкевіч нарадзіўся ў іншай беларускай вёсцы Верхні Бурбук. Працаваў да самай сьмерці ў 2010-м, да 83 гадоў. Анатоль Гурэўскі зь беларускай вёскі Тургенеўка Баяндаеўскага раёну амаль 20 гадоў кіраваў калгасам імя Чапаева, вывеў яго ў абласныя перадавікі, быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Народжаныя ў Сібіры, але беларускія духам

Ня толькі на зямлі праславіліся прыбайкальскія беларусы. Сярод іх

  • паэт Яўген Еўтушэнка і
  • пісьменьнік Яўген Сувораў;
  • прафэсар, загадчык катэдры хірургіі Іркуцкага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту Анатоль Рэўт;
  • эканаміст, намесьнік губэрнатара Іркуцкай вобласьці Ўладзімер Якавенка;
  • намесьнік старшыні Заканадаўчага Сходу Іркуцкай вобласьці Генадзь Істомін;
  • дэпутат Заканадаўчага Сходу, заснавальнік Іркуцкай харчовай карпарацыі Генадзь Несьцяровіч;
  • бізнэсовец Сяргей Глебец, які адкрыў у Іркуцку нацыянальную кавярню «Беларуская глеба».

Вышыванкі беларускіх перасяленцаў у музэі Тургенеўкі

«Кожны жыхар Іркуцкай вобласьці ведае гэтыя прозьвішчы, а мы, у сваю чаргу, ганарымся, што ўсе яны — беларусы сваім паходжаньнем», — падсумоўвае рэдактар дасьледаваньня Алег Рудакоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым далей ад Расеі». Як унук рэпрэсаванага беларуса вярнуўся на радзіму продкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тут усе кепска езьдзяць». Апазыцыянэрка зьехала зь Беларусі і стала дальнабойніцай у Амэрыцы