Уладальнік кампаніі «Савушкин продукт» зьмясьціў стваральніка Wargaming зь першага месца ў топе беларускіх бізнэсоўцаў

Аляксандар Лукашэнка ў час наведваньня ААТ «Савушкін прадукт», 11 жніўня 2017 году. Аляксандар Машэнскі зьлева ад Лукашэнкі

Часопіс «Ежедневник» апублікаваў чарговую вэрсію рэйтынгу «Топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі», што складаецца ад 2007 году.

Першае месца сёлета заняў 47-гадовы Аляксандар Машэнскі — уладальнік кампаніяў «Савушкин продукт», «Санта-Бремор», «Русское море» і іншых, ганаровы консул Ісьляндыі ў Беларусі і старшыня Беларускай фэдэрацыі веславаньня, сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Летась часопіс паставіў яго на першае месца ў топ-25 выбітных бізнэсоўцаў сучаснай Беларусі. Цяпер, сьцьвярджае «Ежедневник», Машэнскі «прыступіў да рэалізацыі свайго даўняга праекту — стварэньня нацыянальнай малочнай кампаніі».

Заснавальнік ІТ-кампаніі Wargaming (распрацоўшчыкі World of Tanks, World of Warplanes і World of Warships, уладальнікі брэнду Master of Orion) Віктар Кіслы, які быў на першым месцы ў топах 2016 і 2017 гадоў, цяпер толькі на чацьвёртым месцы. Зьніжэньне яго пазыцыі «Ежедневник» тлумачыць праблемамі з пакупніцкай здольнасьцю гульцоў у СНД — на ключавым для ягонай кампаніі рынку. Ягоны былы партнэр Іван Міхневіч цяпер на 7-м месцы.

Другое месца ў рэйтынгу заняў Аркадзь Добкін — сузаснавальнік ІТ-кампаніі EPAM, трэцяе — уладальнік «Табак-інвэсту» і крамаў «Карона» Павал Тапузідзіс. Сьледам за Кіслым на 5-м месцы — уладальнік харчовых і транспартных бізнэсаў у Расеі і Люксэмбургу Аляксандар Луцэнка, за ім — «нафтагазавы» бізнэсовец і ўладальнік МТБанку Аляксей Алексін. Ініцыятар нядаўняга «ІТ-дэкрэту» і былы вязень Віктар Пракапеня заняў 12-е месца.