Калі ўначы на 24 траўня ў небе каля Кіева пабачылі сьвятло ад паражальных элемэнтаў расейскай балістычнай ракеты «Арэшнік», некалькі відэа зафіксавалі дзіўную дэталь. Нягледзячы на гукі ад заўважных удараў, калі аб’екты ўпалі на зямлю, не было ніякіх выбуховых успышак, якія звычайна суправаджаюць ракетны ўдар.
Размытыя відэа, зьнятыя падчас двух папярэдніх удараў з выкарыстаньнем гэтай зброі, па Дніпры ў лістападзе 2024 году і Львове ў студзені 2026 году, паказалі падобную адсутнасьць першасных выбухаў.
«Здаецца, яны не нясуць ніякіх выбуховых рэчываў», — сказаў Радыё Свабода Павел Подвіг, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту дасьледаваньняў раззбраеньня Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Гіпэргукавыя снарады, якія вылецелі з «Арэшніка» і сьвяціліся, нагрэўшыся ад трапляньня ў атмасфэру, «верагодна, зьяўляюцца цяжкімі абʼектамі, з ідэяй, што разбуральная сіла будзе зыходзіць з кінэтычнай энэргіі», — дадаў ён.
Раніцай 24 траўня снарады з ракеты «Арэшнік» падалі ў бок Белай Царквы.
Конрад Музыка, ваенны аналітык з Rochan Consulting, кажа, што ўдары ракетай «Арэшнік», выглядае, наносяцца з выкарыстаньнем каля 36 «кінэтычных пранікальных элемэнтаў», якія выйшлі з шасьці боегаловак, выпушчаных з ракеты на яе апошняй дузе палёту. Гэтыя снарады, паводле Музыкі, выкарыстоўваюць «надзвычай высокую хуткасьць удару, а не вялікія выбуховыя зарады, для зьнішчэньня або пранікненьня ў цэлі».
Але, улічваючы ацэначны кошт кожнай ракеты ў дзясяткі мільёнаў даляраў, многія камэнтатары, у тым ліку расейцы, сумняваюцца, ці мэтазгодна кідаць гіпэргукавыя кавалкі мэталу або бэтону па ўкраінскіх цэлях.
«Тупа вельмі дарагое жалеза ў зямлю», — напісаў расейскі ваенны блогер Уладзімір Раманаў у Telegram пад відэа апошняга ўдару ракетай «Арэшнік». «Усё дзеля прыгожай карцінкі, у якую ўжо ніхто (акрамя пэнсіянэраў) ня верыць», — дадаў ён.
«Арэшнік» — гэта балістычная ракета сярэдняй далёкасьці, даўжыня якой, паводле ацэнак, каля 12 мэтраў. Яна мае далёкасьць палёту каля 5000 кілямэтраў і, як паведамляецца, карысную нагрузку больш за адну тону. Гэтая мабільная зброя перавозіцца на адносна невялікім транспартным сродку і была названая так за сваю здольнасьць зьнікаць у ляндшафце, як дрэва ў лесе.
Украінскія пажарныя на месцы ракетнага ўдару па Белай Царкве 24 траўня
Вядома, што балістычнымі ракетамі, такімі як «Арэшнік», якія запускаюць боегалоўкі зь вялікай вышыні, склада пацэліць дакладна. Гэта ня мае вялікага значэньня ў выпадку ядзернага ўдару зь велізарным радыюсам паражэньня, але кінэтычныя снарады, выпушчаныя з боегаловак, патэнцыйна могуць не пашкодзіць нават буйныя цэлі.
Расьсьледаваньне з выкарыстаньнем адкрытых крыніц аб наступствах удару ракеты «Арэшнік» па Дніпры ў 2024 годзе, калі цэлілі ў ракетны завод савецкай эпохі, урэшце прыйшло да высновы, што снарады «Арэшніка», магчыма, цалкам прамахнуліся міма заводу, які раскінуты на вялікай тэрыторыі.
На фатаздымках, зробленых журналістамі ў Дніпры празь некалькі гадзін пасьля ўдару ў 2024 годзе, відаць сур'ёзныя пашкоджаньні даху аднаго неідэнтыфікаванага будынка, які ў астатнім выглядаў некранутым.
Музыка сказаў Радыё Свабода, што ў выпадку ўдару 24 траўня відэазапісы «відаць, паказваюць элемэнты ўдару, раскіданыя па адносна вялікай плошчы». Ваенны аналітык лічыць, што гэта «можа сьведчыць альбо пра наўмыснае разьмеркаваньне па некалькіх пунктах пацэльваньня, альбо пра патэнцыйна значныя абмежаваньні дакладнасьці, якія ўплываюць на боегалоўкі».
Жыхары ўсходнеўкраінскага гораду Дніпро разглядаюць пашкоджаньні, нанесеныя будынку пасьля першага выкарыстаньня ракеты «Арэшнік» супраць Украіны ў лістападзе 2024 году
Пасьля ўдару па Белай Царкве адзін з украінскіх ваенных блогераў знайшоў тое, што, паводле яго, зьяўляецца месцам падзеньня аднаго са снарадаў. Ён параўнаў варонку памерам зь вялікі круглы стол з разбуральнай сілай артылерыйскага снарада.
Раней украінскія службы экстранай дапамогі апублікавалі выявы пашкоджаных гаражоў і невялікага пажару ў Белай Царкве. Пакуль незразумела, што было мэтай абстрэлу ў горадзе, але ў Белай Царкве знаходзіцца аэрадром савецкіх часоў.
Экспэрты лічаць, што мэта ўдараў «Арэшнікам» па Украіне ў значнай ступені псыхалягічная. «Гэтыя ўдары больш адпавядаюць задачы пасылаць стратэгічныя сыгналы, чым спробе дасягнуць значнага эфэкту [у баявых дзеяньнях]», — сказаў Конрад Музыка ў інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.
Павел Подвіг падзяляе падобную ацэнку. «Тэхнічна, верагодна, можна было б нанесьці нейкую шкоду некалькімі снарадамі па некаторых лёгкаўразьлівых цэлях, але, на маю думку, гэта хутчэй адсыланьне сыгналаў».
Незадоўга да ўдару «Арэшнікам» 24 траўня Крэмль заклікаў вайскоўцаў падрыхтаваць «прапановы», як адпомсьціць за тое, што яны назвалі атакай украінскага дрона на студэнцкі інтэрнат, у выніку якой загінулі як найменей 18 чалавек.
Фрагмэнт ракеты «Арэшнік», якую скарысталі для ўдару па Львоўскай вобласьці ў студзені 2026 году
«Арэшнік» стаў важным пунктам прапаганды Крамля, які рэклямаваў яго хуткасьць і далёкасьць палёту — па ўсім эўрапейскім кантынэнце — і здольнасьць несьці ядзерныя боегалоўкі. Расейскія дзяржаўныя СМІ пералічвалі заяўлены час палёту, патрэбны, каб боегалоўкі «Арэшніка» дасягнулі цэляў па ўсёй Эўропе — 20 хвілін да Лёндану і Парыжу; 12 хвілін да Варшавы.
Гэты ядзерны патэнцыял і пасьлядоўнасьць запускаў, падобная да пасьлядоўнасьці запускаў міжкантынэнтальных балістычных ракет (МБР) большай далёкасьці, незвычайным чынам прадвяшчалі выкарыстаньне ракеты. 20 лістапада 2024 году, за дзень да першага запуску «Арэшніка» па Ўкраіне, амбасады ЗША і некалькіх іншых заходніх краін былі нечакана зачыненыя праз «павышаную рызыку паветраных нападаў».
За дзень да ўдару «Арэшнікам» 24 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, спасылаючыся на разьведвальныя зьвесткі ЗША і Эўропы, заявіў, што Расея рыхтуецца ўдарыць па Украіне гэтай мадэрнізаванай ракетай.
Ракетная ўстаноўка «Арэшнік», архіўнае фота.
Расея сьцьвярджае, што «аўтаматычна» папярэджвае ЗША за 30 хвілін перад запускамі ракет «Арэшнік». Пэнтагон пацьвердзіў, што быў папярэджаны «незадоўга» перад ударам у лістападзе 2024 году, але Подвіг кажа, што, магчыма, інфармацыя аб намерах Расеі перадавалася за некалькі гадзін да ўдару.
«Існуе пагадненьне аб балістычных запусках ад 1988 году, якое абедзьве краіны дагэтуль выконваюць і якое патрабуе апавяшчэньня за 24 гадзіны, — сказаў ваенны экспэрт. — Тэхнічна гэта тычыцца толькі МБР, але я магу сабе ўявіць, што, на ўсялякі выпадак, Расея адпраўляе апавяшчэньні, каб гэтыя запу
Амэрыка цяпер прытрымліваецца прынцыпу выкарыстаньня ядзернай зброі «запуск пасьля папярэджаньня». Гэта значыць, што ЗША могуць нанесьці «ўдары ў адказ», калі будуць выяўлены ракеты, якія набліжаюцца, да Злучаных Штатаў, яшчэ да таго як адбудзецца сам удар па тэрыторыі ЗША.