Рада руху «За свабоду» зацьвердзіла рашэньне падаць заяўку на далучэньне да Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП) — адной з самых буйных і аўтарытэтных на кантынэнце — у якасьці назіральніка.
Аналягічны статус ужо маюць Аб’яднаная грамадзянская партыя і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.
У выніковым дакумэнце адзначана шматгадовае партнэрства паміж ЭНП і рухам, нязьменная ўвага партыі да падзеяў у Беларусі, дапамога ў прасоўваньні каштоўнасьцяў дэмакратыі і паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека, а таксама адпаведнасьць праграмных палажэньняў руху «За свабоду» каштоўнасьцям, якія зьмяшчае маніфэст партыі.
У заяўцы наконт далучэньня ў якасьці назіральніка адзначаецца, што рух — удзельнік правацэнтрысцкай кааліцыі, якая ёсьць асноўным стратэгічным партнэрам ЭНП у Беларусі.
4–5 верасьня старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч бярэ ўдзел у палітычнай асамблеі ЭНП.
Сёньня заплянаваны разгляд асамблеяй рэзалюцыі пра сытуацыю ў Беларусі. У дакумэнце зьвяртаецца ўвага на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці размова пра крымінальныя справы ў дачыненьні кіраўніцтва прафсаюзу РЭП, а таксама затрыманьні пасьля акцыяў пратэсту.
Аўтары зьвяртаюць увагу на недэмакратычнасьць беларускага заканадаўства і адсутнасьць свабодных выбараў у краіне.
Рух «За свабоду» хоча далучыцца да Эўрапейскай народнай партыі
4–5 верасьня старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч бярэ ўдзел у палітычнай асамблеі ЭНП