Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду» абвясьціў збор подпісаў для захаваньня гімназіяў


Ілюстрацыйнае фота

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, пратэстуем супраць ініцыятывы міністра адукацыі Ігара Карпенкі ліквідаваць магчымасьць адукацыі на гімназічным роўні для навучэнцаў V–IX клясаў», — сказана ў электроннай пэтыцыі руху «За свабоду». Яна накіраваная ў Міністэрства адукацыі.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што «рэалізацыя ініцыятывы Ігара Карпенкі вядзе да зьніжэньня агульнага роўню школьнай адукацыі, паколькі будзе адсутнічаць магчымасьць выбару ўстановы адукацыі для дзяцей з рознымі здольнасьцямі, навучэнцы V–IX клясаў ня будуць мець магчымасьці паглыбляцца ў прадметы, да якіх маюць асаблівыя схільнасьці. Увогуле ліквідацыя гімназій для пачатковай і базавай адукацыі вядзе да таго, што навучэнцы ня будуць мець магчымасьці раскрыць свой патэнцыял і пасьля будуць неканкурэнтаздольнымі ў сучасным грамадзтве ведаў.

Акрамя таго, рэалізацыя ініцыятывы Ігара Карпенкі вядзе да пашырэньня маёмаснай няроўнасьці, бо з прычыны ліквідацыі гімназіі для навучэнцаў V–IX клясаў магчымасьць вывучэньня асобных прадметаў на падвышаным роўні будзе даступная толькі тым дзецям, чые бацькі будуць здольныя заплаціць за іх навучаньне ў прыватным парадку».

Юры Губарэвіч
Юры Губарэвіч

«Непрадуманая спроба ўвесьці „ўраўнілаўку“ ў сыстэме сярэдняй адукацыі можа прывесьці да супрацьлеглых вынікаў. Найлепшыя веды атрымаюць тыя дзеці, бацькі якіх маюць магчымасьць заплаціць за дадатковыя курсы і рэпэтытараў. Для ўсіх астатніх узровень выкладаньня будзе сярэднім, а значыць ніякім», — падкрэсьліў старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч.

Пра тое, што ў гімназіях Беларусі павышаны ўзровень ведаў будзе давацца толькі ў 10-й і 11-й клясах, заявіў міністар адукацыі Ігар Карпенка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1». У астатнія гады гімназіі будуць працаваць «паводле агульных стандартаў у межах пачатковага і базавага ўзроўняў».

«Гэта плянуецца, — пацьвердзіла Свабодзе словы міністра Людміла Высоцкая, прэс-сакратарка Мінадукацыі. — З гэтага году яшчэ ня будзе, мэханізм не адпрацоўваўся».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG