Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канстытуцыі Беларусі напісана, што вучэньняў кшталту «Захад» не павінна быць, — рух «За свабоду»


Рух «За свабоду» зьвярнуў (DOC) увагу на тое, што вучэньні «Захад-2017» супярэчаць пункту Канстытуцыі пра нэўтральны статус Беларусі і ствараюць напружанасьць у стасунках з эўрапейскімі краінамі.

Артыкул 18 Канстытуцыі зьмяшчае такі сказ: «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай».

Паводле заявы Руху, вучэньні «ствараюць напружанасьць у стасунках з эўрапейскімі краінамі і падрываюць рэпутацыю Беларусі як надзейнага партнэра, які прытрымліваецца нэўтралітэту, палітыкі добрасуседзтва і ёсьць пляцоўкай перамоваў для ўдзельнікаў лякальных канфліктаў». Расея жа «праводзіць агрэсіўную вонкавую палітыку і ўяўляе прамую пагрозу», і для сувэрэнітэту Беларусі можа ўтварыцца пагроза, калі расейскія войскі (а іх, паводле афіцыйных зьвестак, «да трох тысяч» вайскоўцаў) застануцца ў Беларусі.

Рух таксама «падзяляе асьцярогі» грамадзтва з нагоды абвяшчэньня «праціўнікам» часткі тэрыторыі Беларусі — «Вяйшнорыі» (раней у вучэньнях ад Беларусі не «аддзялялі» кавалкі тэрыторыі) і з нагоды «празьмернай і аднабаковай» супрацы з Расеяй.

У ваенную дактрыну трэба ўнесьці зьмены з улікам таго, што пагроза Беларусі можа зыходзіць у тым ліку ад Расеі, і на вучэньнях рыхтавацца і да такой пагрозы.
Рух «За свабоду»

У ваенную дактрыну Беларусі, гаворыцца ў заяве, трэба ўнесьці зьмены з улікам таго, што пагроза Беларусі можа зыходзіць у тым ліку ад Расеі, і на вучэньнях рыхтавацца і да такой пагрозы. У час правядзеньня «Захаду» Рух патрабуе забясьпечыць празрыстасьць вучэньняў і грамадзкі кантроль над імі (Міністэрству абароны прапаноўвалі такі кантроль — адмовіліся), вывесьці замежныя войскі па завяршэньні вучэньняў і надалей адмовіцца ад вылучэньня часткі тэрыторыі Беларусі ў якасьці праціўніка.

Занепакоенасьць вучэньнямі выказвалі ўсе суседзі Беларусі, акрамя Расеі: гучалі засьцярогі, што Расея можа ня вывесьці войскі і скарыстацца Беларусьсю як пляцдармам для агрэсіі супраць іншых краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG