Расея далей парушае рэжым цішыні, яна запусьціла па Ўкраіне 100 дронаў. Два дроны з Расеі трапілі ў Латвію
Наступствы атакі на горад Дніпро, 7 траўня 2026 году
Расейскія войскі ў ноч на чацьвер 7 траўня запусцілі па Ўкраіне 102 бесьпілётнікі, з іх 92 былі нэўтралізаваныя, паведамілі Паветраныя сілы Ўкраіны.
Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Ганжа паведаміў, што ноччу быў атакаваны горад Дніпро, пацярпелі двое мясцовых жыхароў.
У Нікапальскім раёне пашкоджаныя супэрмаркет, шматкватэрныя дамы, запраўка, царква і аўтамабілі. Адзін чалавек паранены. У Каменскім раёне пашкоджаныя аўтамабілі, таксама паранены адзін чалавек.
Тым часам Паветраныя сілы Латвіі зафіксавалі пранікненьне замежных бесьпілётных паветраных апаратаў у паветраную прастору Латвіі з боку Расеі.
У памежным зь Беларусьсю рэгіёне Латгалія ўпалі два бесьпілётнікі, пацьвердзілі Латвійскай тэлевізіі Нацыянальныя ўзброеныя сілы.
У чацьвер раніцай у Балоўскім, Люцынскім і Рэжыцкім раёнах была аб’яўленая паветраная пагроза. Прылёт дронаў ня быў тэрарыстычнай атакай, паведаміў міністар унутраных справаў Рыхардс Козлаўскіс. Адзін з дронаў упаў на пусты рэзэрвуар для нафтапрадуктаў у Рэжыцы.
Чаму гэта важна
Учыніўшы напады на Ўкраіну, расейцы парушылі абвешчаны з 6 траўня Ўладзімірам Зяленскім рэжым спыненьня агню. Уладзімір Пуцін заявіў аб перамір’і з свайго боку на дні 8 і 9 траўня.
Расея амаль штодня атакуе Ўкраіну ракетамі, у выніку чаго разбураюцца цывільныя аб’екты, гінуць мірныя людзі.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць расейскія ўдары па цывільных аб’ектах як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстаноў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў ёсьць прыкметай генацыдных дзеяньняў, заяўляюць у Кіеве.
Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.