У Абу-Дабі праходзяць перамовы паміж Расеяй, ЗША і Ўкраінай. На іх прыбылі і эўрапейскія прадстаўнікі. ФОТА

Расея і Ўкраіна праводзяць мірныя перамовы пад эгідай ЗША. Абу-Дабі, 10 лістапада 2026 году

На двухдзённых перамовах у Абу-Дабі прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі, ЗША, краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і NATO абмяркоўваюць гарантыі бясьпекі. Баявыя дзеяньні ў час перамоваў не спыняюцца.

У Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) 10 лістапада пачаліся трохбаковыя перамовы з удзелам Украіны, Злучаных Штатаў і Расеі. Як паведаміў Рустэм Умераў, кіраўнік украінскай дэлегацыі і начальнік Службы вонкавай выведкі Ўкраіны, у парадку дня — ключавыя пытаньні, якія тычацца спыненьня баявых дзеяньняў і руху да міру.

Злучаныя Штаты бачаць «рэальны шанец» дасягнуць сур’ёзнага прагрэсу ў спыненьні расейскай вайны ва Ўкраіне ў ходзе перамоў паміж Вашынгтонам, Кіевам і Масквой, якія пачаліся ў Абу-Дабі раніцай 10 лістапада. Пра гэта паведамілі журналістам высокапастаўленыя амэрыканскія чыноўнікі, спасылаючыся на прыкметы таго, што абодва бакі ўсё больш гатовыя да ўрэгуляваньня канфлікту, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Аднак гэты аптымізм кантрастуе са скептыцызмам эўрапейскіх чыноўнікаў і экспэртаў па Расеі: яны ня бачаць прыкмет таго, што Масква гатовая ісьці на саступкі ў тэрытарыяльных пытаньнях ці ў тым, што тычыцца будучай бясьпекі Ўкраіны.

Па словах чыноўнікаў, якія пажадалі застацца ананімнымі, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп па-ранейшаму імкнецца да спыненьня канфлікту і даручыў сваім прадстаўнікам дамагацца ўстанаўленьня трывалага міру, а не проста хуткага, але хісткага пагадненьня.

Як адзначылі прадстаўнікі ЗША, у апошнія месяцы дыялёг з расейскім і ўкраінскім бакамі актывізаваўся: цяпер кантакты адбываюцца штодня, часам — па некалькі разоў на дзень.

«Цяпер склалася сытуацыя, калі зьявіўся шанец дасягнуць сурʼёзнага прагрэсу ў спыненьні вайны», — заявіў адзін з чыноўнікаў.

Мэта сустрэч у Абу-Дабі — удакладніць пазыцыі абодвух бакоў і вызначыць нявырашаныя рознагалосьсі. Пры гэтым чыноўнікі папярэдзілі, што не варта чакаць канчатковага ўрэгуляваньня па выніках гэтых двухдзённых перамоў.

Галоўны ўкраінскі перамоўшчык Рустэм Умераў заявіў, што канчатковай мэтай перамоў павінна стаць устанаўленьне трывалага міру. Яго расейскі калега Уладзімір Мядзінскі адзначыў, што, на думку Масквы, спыненьне вайны адпавядае інтарэсам абедзьвюх краін.

Акцэнт на трывалым міры

Амэрыканскія чыноўнікі паведамілі, што галоўная задача — пераканаць абодва бакі ў тым, што спыненьне агню не дасьць праціўніку магчымасьці пераўзброіцца і падрыхтавацца да новага канфлікту (пры гэтым Украіна выступала за перамірʼе, а Расея адхіляла гэтую ідэю). Прадстаўнікі ЗША дадалі, што Вашынгтон разглядае такія захады, як кансультацыі па пытаньнях бясьпекі, арганізацыя каналаў сувязі для крызісных сытуацый, забесьпячэньне ваеннай празрыстасьці і ўзаемная дээскаляцыя.

Раней 10 лістапада ўкраінская дэлегацыя правяла сустрэчы з прадстаўнікамі Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, NATO і Эўрапейскай камісіі. Умераў адзначыў, што мэтай гэтых сустрэч было «ўзгадненьне пазыцый і каардынацыя крокаў» напярэдадні наступнага этапу перамоваў.

Пасьля гэтага пачаліся трохбаковыя перамовы з удзелам Украіны, Злучаных Штатаў і Расеі, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Падчас першага раўнду перамоваў паміж Украінай, Злучанымі Штатамі і Расеяй у Абу-Дабі асноўная ўвага была нададзена гарантыям бясьпекі — як для Ўкраіны, так і для Эўропы ў цэлым, — паведаміла Ўкраінскай службе Радыё Свабода крыніца, блізкая да ўкраінскай перамоўнай групы.

Паводле слоў крыніцы, асобна абмяркоўваліся таксама патрабаваньні Расеі, якія тычацца гарантый яе ўласнай бясьпекі. Акрамя таго, крыніца адзначыла, што ў ходзе сёньняшніх дыскусій закраналася тэма пасьляваеннай будучыні, у прыватнасьці — аднаўленьне Ўкраіны і стварэньне новай архітэктуры эўрапейскай бясьпекі ва ўмовах крызісу даверу.

«Ключавая пазыцыя ўкраінскага боку палягае ў тым, што спачатку павінна скончыцца вайна. Толькі пасьля гэтага можа пачацца працэс фарміраваньня новай архітэктуры бясьпекі ў Эўропе, закліканай забясьпечыць доўгатэрміновую стабільнасьць і прадухіліць паўтарэньне агрэсіі», — заявіла крыніца, не ўдакладняючы, ці былі дасягнуты нейкія канкрэтныя дамоўленасьці.

Удзельнікі перамоваў ад Эўразьвязу падкрэсьлілі, што любыя дамоўленасьці павінны паважаць сувэрэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць у прыняцьці рашэньняў, а таксама прадугледжваць надзейныя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, піша Reuters.

Крэмль ня будзе раскрываць падрабязнасьці перамоваў да іх завяршэньня, заявіў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў. Паводле ягоных слоў, у залежнасьці ад ходу сустрэчы ў Абу-Дабі расейская дэлегацыя прыме рашэньне, ці зьвязацца з Пуціным онлайн або паведаміць аб выніках ужо пасьля вяртаньня ў Маскву.

Злучаныя Штаты ў ролі мадэратара

У Злучаных Штатах не чакаюць пагадненьня ў выніку перамоваў у Абу-Дабі, у якіх ЗША выступаюць як пасярэднік. Пра гэта 9 лістапада неназваныя амэрыканскія службоўцы паведамілі карэспандэнту Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Вашынгтоне Алексу Раўфоглу.

«Мэта — удакладніць пазыцыі, вызначыць рэшту прагалаў і выставіць рамкі для далейшых перамоваў. Службоўцы заявілі, што ЗША „асьцярожна аптымістычныя“, і выказалі здагадку, што далейшыя сустрэчы з Пуціным і Зяленскім могуць адбыцца неўзабаве, у залежнасьці ад прагрэсу», — паведаміў Раўфоглу пасьля канфідэнцыйнага брыфінгу.

Згодна з паведамленьнем, ЗША імкнуцца перайсьці ад трохбаковых перамоваў да шырэйшага шматбаковага фармату з удзелам Эўропы.

9 лістапада Эўрапейская камісія пацьвердзіла, што разам з Эўрапейскай радай накіруе сумесную дэлегацыю на перамовы ў Абу-Дабі. Там таксама будуць прадстаўнікі Францыі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі.

Службоўцы заявілі, што Вашынгтон прапанаваў Расеі прыняць пагадненьне, якое забясьпечыць Украіне абарону, падобную да артыкулаў 4 і 5 Статуту NATO. Якія-хаця абавязаньні ЗША ў рэшце рэшт будуць залежаць ад прэзыдэнта Дональда Трампа, сказаў адзін з чыноўнікаў, падкрэсьліўшы пры гэтым, што Эўропа мае несьці фінансавы цяжар.

Тэрытарыяльнае пытаньне застаецца нявырашаным

Расея надалей патрабуе ўсю Данецкую вобласьць, у той час як Украіна аддае перавагу цяперашняй лініі судакрананьня. Амэрыканскія службоўцы заявілі, што абодва бакі прадэманстравалі пэўную гнуткасьць, але падкрэсьлілі, што тэрытарыяльныя пытаньні і пасьляваенныя пагадненьні аб бясьпецы павінны разглядацца паралельна — і ў рэшце рэшт вырашацца разам.

Украінская дэлегацыя сустракаецца з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, ФРГ, Італіі, NATOі Еўрапейскай камісіі ў Абу-Дабі, 10 лістапада 2026

Украінская дэлегацыя на перамовах з Расеяй у Абу-Дабі пры пасярэдніцтве Злучаных Штатаў плянуе надаць значную ўвагу гуманітарным пытаньням. Пра гэта паведаміў 9 лістапада, накіроўваючыся ў сталіцу ААЭ, сябра перамоўнай групы — кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Буданаў.

«Нам трэба актывізаваць абмены палоннымі. Спадзяюся, што дыялёг у ААЭ прынясе практычныя вынікі і мы зможам дамовіцца пра далейшыя крокі ў вяртаньні нашых людзей дадому», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джарэд Кушнер заявіў 9 лістапада, што ў канчатковым выніку для дасягненьня ўсеабдымнага і доўгатэрміновага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне спатрэбіцца таксама просты дыялёг паміж Расеяй і прадстаўнікамі Эўропы «аб больш шырокіх пагадненьнях у сфэры бясьпекі».

Хто ў складзе дэлегацыяў

Перамоўную групу Ўкраіны ўзначаліць кіраўнік Службы вонкавай выведкі Рустэм Умераў, таксама ў яе складзе кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Буданаў, кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія, першы намесьнік Буданава Сяргей Кісьліца і намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Вадзім Скібіцкі.

«З эўрапейскімі партнэрамі мы правядзем асобныя каардынацыйныя сустрэчы. Для нас прынцыпова захоўваць шчыльную каардынацыю з усімі нашымі ключавымі партнэрамі, забясьпечваць узгодненасьць пазыцыяў і агульнае разуменьне далейшых крокаў у перамоўным працэсе», — адзначыў Рустэм Умераў.

Паводле зьвестак Euronews, NATO накіруе ў Абу-Дабі начальніка канцылярыі генэральнага сакратара альянсу Марка Рутэ Джофры ван Леэўвэна, а ад Эўракамісіі ў ААЭ прыедуць кіраўнік апарату старшыні Камісіі Б’ёрн Зайбэрт і галоўны дарадца ў вонкавай палітыцы старшыні Эўрапейскай рады Анна-Марыя Бура.

Начальнік Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штаба Узброеных сіл Расеі Ігар Касьцюкоў і памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі на трохбаковых перамовах паміж дэлегацыямі ЗША, Расеі і Украіны. Абу-Дабі, 10 лістапада 2026

Расейская дэлегацыя складаецца з памочніка Пуціна Ўладзіміра Мядзінскага. У яе склад таксама ўваходзяць намесьнікі кіраўніка МЗС Сяргей Рабкоў і Міхаіл Галузін, начальнік галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ігар Касьцюкоў і яго намесьнік Юрый Жыгарлоўскі. Усяго ад Расеі 11 чалавек.

Джарэд Кушнер, генэрал Алексус Грынкевіч і Стыў Уіткаф прысутнічаюць на сустрэчы эўрапейскай, украінскай і амэрыканскай дэлегацый на палях трохбаковых перамоваў паміж дэлегацыямі ЗША, Расеі і Ўкраіны, якія праходзяць у ААЭ; Абу-Дабі, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, 10 лістапада 2026

Ад ЗША будуць спэцыяльныя прадстаўнікі Дональда Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер. Перад трохбаковымі перамовамі яны сустрэнуцца з эўрапейскімі дыпляматамі. На перамовах ня будуць абмяркоўваць спыненьня агню, а сканцэнтруюцца на гарантыях бясьпекі, паведаміла The New York Times.

Эўрапейцы прыбылі на перамовы

Як паведаміў Reuters, міністар замежных справаў Францыі Жан-Наэль Баро заявіў у аўторак, што эўрапейцы будуць прысутнічаць на перамовах паміж Украінай і Расеяй у Абу-Дабі і што ніякія абмеркаваньні з Расеяй пытаньняў эўрапейскай бясьпекі немагчымыя, пакуль не будуць узгодненыя спыненьне агню і мір.

«Вялікая Брытанія, Нямеччына і Францыя сапраўды будуць прысутнічаць у перамоўным пакоі», — паведаміў ён у этэры радыёстанцыі Franceinfo.

Расея пакуль не паведамляла пра намер весьці простыя перамовы з эўрапейскімі прадстаўнікамі на гэтым тыдні.

Перамовы разьлічаныя на два дні. Гэта першая такая сустрэча зь лютага. Яна адбываецца пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на мінулым тыдні выказаў здагадку, што ў вайне, якая доўжыцца ўжо чатыры з паловай гады, магчымае заключэньне шырокага мірнага пагадненьня, якое магло б таксама ахапіць пытаньні эўрапейскай бясьпекі.

Крыніца ў дэлегацыі паведаміла, што сустрэча будзе прысьвечана распрацоўцы мэханізмаў перадухіленьня пагрозаў і ўмацаваньня рэгіянальнай стабільнасьці.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, які плянуе наведаць Абу-Дабі, паведаміў раней, што дасягнуты пэўны прагрэс у фармаваньні «інфраструктуры бясьпекі», якая можа зьявіцца ва Ўкраіне і Эўропе пасьля завяршэньня вайны з Расеяй.

«Мяркую, менавіта на гэта намякае прэзыдэнт: ёсьць пэўныя зрухі ў разуменьні таго, як можа выглядаць гэтая архітэктура пасьля канфлікту», — адзначыў Рубіё.

Ён дадаў, што «пакуль нічога канчаткова ня ўзгоднена, і, магчыма, у Абу-Дабі ўдасца дасягнуць далейшага прагрэсу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чаканьні перамоваў у Абу-Дабі Ўкраіна змагаецца за аднаўленьне энэргетыкі, якую атакуе Расея