У Маскве на месцы Музэя гісторыі ГУЛАГу зьявіцца Музэй памяці, прысьвечаны «ахвярам генацыду савецкага народу».
Пра рашэньне паведаміў тэлеканал «Настоящее время».
Інфармацыя аб стварэньні новага музэя ўжо абвешчаная калектыву. У аснову музэя лягуць архіўныя матэрыялы праекту «Без тэрміна даўніны», ініцыяванага Пошукавым рухам Расеі.
На сайце музэя гаворыцца, што «экспазыцыя ахопіць усе этапы ваенных злачынстваў нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Адкрыць Музэй памяці плянуюць у 2026 годзе. Дырэктарам музэя прызначана Натальля Калашнікава, якая з красавіка 2025 года ўзначальвае музэй «Смаленская крэпасьць».
- Музэй гісторыі ГУЛАГу ў Маскве стварылі ў 2001 годзе.
- У лістападзе 2024 года музэй паведаміў аб прыпыненьні працы з-за парушэньняў патрабаваньняў пажарнай бясьпекі.
- У студзені 2025 года ўлады Масквы звольнілі з пасады дырэктара Рамана Раманава, які ўзначальваў яго з 2012 года.
- Паводле выданьня «Медуза» Раманава звольнілі пасьля адмовы цэнзураваць выставу аб савецкіх рэпрэсіях.