Як паведамляецца, Расея перадала Ўкраіне 252 целы загінуўшых, Расея атрымала 25 цел.
Украінскі Каардынацыйны штаб па пытаньнях абыходжаньня з вайсковапалоннымі піша, што, па сьцьвярджэньні Расеі, целы, якія вярнуліся ва Ўкраіну, належаць украінскім вайскоўцам.
Папярэдні абмен адбыўся 17 верасьня. У той жа дзень бакі абмяняліся цывільнымі асобамі, у асноўным гэта былі пэнсіянэры і маламабільныя грамадзяне.
Чаму гэта важна
Прапорцыя колькасьці целаў вайскоўцаў Украіны і Расеі не адпавядае суадносінам рэальных стратаў бакоў на вайне. Паводле экспэртаў, большыя страты нясе той бок, які наступае, а эвакуаваць з поля бою целы загінулых складаней войску, што адступае.
Раней украінскі бок паведамляў, што падчас такіх абменаў Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых расейцаў. У Расеі дагэтуль такія выпадкі не камэнтавалі. Колькасьць зьніклых бязь вестак і загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў афіцыйна невядомая.
Вядома сама меней пра двух загінулых беларусаў, целы якіх ня могуць эвакуаваць зь месца іх гібелі больш за тры гады.