Раналду схаваў ад падаткаабкладаньня 68 мільёнаў даляраў на афшорах, Мурыньню – 13 мільёнаў

Паводле гішпанскай газэты El Mundo, нямецкай Spiegel і брытанскай Sunday Times, вядомы форвард мадрыдзкага «Рэалу» Крышціяну Раналду і цяперашні трэнэр ангельскага клюбу «Манчэстер Юнайтэд» Жазэ Мурыньню пераводзілі заробленыя грошы на рахункі афшорных кампаніяў, зарэгістраваных на Брытанскіх Віргінскіх выспах, каб пазьбегнуць падаткаабкладаньня.

Гэта стала вядома пасьля праверкі дакумэнтаў, у тым ліку кантрактаў, сакрэтных дамоваў і электронных лістоў, паведамляюць выданьні. Паводле крыніцаў, партугалец Раналду вывеў 68 мільёнаў даляраў у афшоры ў 2014 годзе, ягоны зямляк Мурыньню ​займаўся гэтым цягам 2010–2013 гадоў, у тым ліку калі трэнаваў лёнданскі футбольны клюб «Чэлсі».

Крышціяну Раналду і Жазэ Мурыньню абвінавачваньні журналістаў адкідаюць. Іх прадстаўнікі ўжо заявілі, што футбольныя зоркі цалкам выконвалі свае абавязкі перад падатковымі органамі Ангельшчыны й Гішпаніі.

Падатковыя скандалы ў футбольным сьвеце апошнім часам сталі ледзь не звычайнай зьявай. Летась фігурантамі падатковых разьбіральніцтваў былі форварды гішпанскай «Барсэлёны» аргентынец Ліянэль Мэсі і бразылец Нэймар да Сылва.