Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара менскага «Тарпэда» без тлумачэньняў выслалі з Беларусі


Андрэй Салангін

Дырэктар футбольнага клюбу «Тарпэда» Менск Андрэй Салангін вымушаны быў пакінуць Беларусь. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце клюбу.

2 сьнежня Салангіна, які зьяўляецца грамадзянінам Расеі, выклікалі ў аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС, дзе ён атрымаў пастанову аб прымусовай высылцы тэрмінам на 5 гадоў.
Са словаў Андрэй Салангіна, зь якім клюбу атрымалася зьвязацца толькі ў цягніку, яму не патлумачылі прычынаў такога рашэньня і не паказалі дакумэнтаў, якія б іх пацьвярджалі.

На сайце «Тарпэда» пішуць, што падчас апошняга матчу з клюбам «Зорка-БДУ», які адбыўся 5 лістапада, супрацоўнікі міліцыі на стадыёне РЦАР-БДУ затрымалі дырэктара менскага «Тарпэда» з-за просьбы растлумачыць прычыну забароны клюбнай атрыбутыкі на стадыёне. Сьведкамі канфлікту былі прадстаўнікі Беларускай фэдэрацыі футболу і спэцыяліст клюба па бясьпецы.

У выніку на Андрэя Салангіна склалі адміністрацыйны пратакол за невыкананьне законных патрабаваньняў прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Аднак правапарушэньне яшчэ не ўступіла ў сілу, паколькі было абскарджана.

Такім чынам аддзел па грамадзянству і міграцыі ня мае законных падставаў для прымусовай высылкі, і «Тарпеда» будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях, гаворыцца на сайце клюбу.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG