Робаты пад Ваўчанскам. Рэпартаж аб працы апэратараў бесьпілётных наземных машын. ВІДЭА

Апэратар наземнага рабатызаванага комплексу УСУ

Украінская армія на фронце ўсё часьцей выкарыстоўвае робатаў — каб дастаўляць ежу, эвакуяваць людзей і зьніжаць рызыку для пяхоты.

Гэтыя машыны кіруюцца дыстанцыйна, часам іх апэратары знаходзяцца за дзясяткі кілямэтраў ад лініі фронту.

Рэпартаж тэлеканалу «Настоящеее время».

Павел і Ўладзімір кіруюць наземным рабатызаваным комплексам (НРК) 57-й брыгады УСУ. Па сутнасьці гэта вялізная машына на радыёкіраваньні. Сёньня яна едзе пад Ваўчанск.

«Гэта вялікая машынка, толькі яна крыху больш каштуе. Вялікая машынка для вялікага дзіцяці», — камэнтуе Ўладзімір.

У адной сакрэтнай кропцы ў НРК устаўляюць батарэю і грузяць у джып. Джып даяжджае ў іншае сакрэтнае месца, дзе ў рабатызаваны комплекс грузяць 200 кіляграмаў грузу. Ні Паўла, ні Ўладзіміра тут няма — яны ў трэцім сакрэтным месцы.

«Я і з Польшчы магу кіраваць. Сыстэма Starlink — і мне больш нічога ня трэба», — кажа Павел.

Такое дыстанцыйнае кіраваньне — навацыя ва ўкраінскай арміі. Для суперніка бесьпілётнікі і іх апэратары — прыярытэтная цэль, таму чым больш разсяроджаныя ўсе элемэнты лягістычнага ланцужку, тым лепш. Шлях да пазыцый няблізкі, збочыць нельга — апэратары эканомяць батарэю НРК.

«Там маячок наш, арыенцір. Там кавалак жалеза ляжыць, і мы па ім арыентуемся. Жалязяка, і праз два мэтры — поле», — камэнтуюць байцы прасоўваньне наземнага комплексу.

Від на разбураны Ваўчанск

Усе тутэйшыя дарогі апэратары ведаюць на памяць. Уладзімір пасьпеў паваяваць, «сьпісаўся» — і зноў прыйшоў у войска.

«Дома дах ехаў, — тлумачыць ён. — Тут ты разумееш, што табе трэба рабіць. Тут кожны з паўслова цябе разумее. Ты зірнуў на пабраціма — і вы зразумелі, што вам трэба рабіць. Дома ты сядзіш і глядзіш на ўвесь гэты бардак і мітусьню. Яно ня добра на псыхіку ўплывае».

Яшчэ месяц таму Ўладзімір трымаў пазыцыю ў Ваўчанску. Ягоны пабрацім Павел ваюе на гэтым кірунку ўжо некалькі гадоў. Раней быў у пяхоце і ведае, як гэта — утрымліваць пазыцыю па некалькі месяцаў:

«Я сядзеў тры месяцы [на пазыцыі]. Нармальна. А перад гэтым чатыры».

Лягістыка — гэта праблема ўкраінскай арміі каля Ваўчанска. На ўсё, што езьдзіць, палююць расейскія дроны. Таму малапрыкметныя рабатызаваныя комплексы падыходзяць выдатна: на іх і дастаўляюць прадукты, і вывозяць людзей.

Бітва за Ваўчанск доўжыцца ўжо ня першы год. Гэта горад на поўначы Харкаўскай вобласьці побач з мяжой Расеі. За апошні месяц расейскія войскі тут істотна рушылі наперад, практычна акупаваўшы горад. Салдаты канстатуюць: супернік увесь час павялічвае колькасьць сваіх дронаў.

«Плюс на кірунак заяжджаюць спэцыялізаваныя падразьдзяленьні, якія вылучаюцца сваёй эфэктыўнасьцю працы на фоне іншых расейскіх падразьдзяленьняў. Калі яны прыбываюць на кірункі, гэта становіцца адразу зразумела. Лягістыка становіцца нашмат складаней. Калі нашым моцным бокам зьяўляецца тое, што ў нас ёсьць магчымасьць карэктаваць частоты, дапілоўваць, дарабляць гэтыя FPV пад патрэбы асобнага кірунку, то ў іх апэратараў больш дронаў», — распавядае аб становішчы на гэтым участку фронту афіцэр 2-га батальёна 57-й асобнай мэханізаванай брыгады Аляксей.

Апэратары НРК час ад часу пазіраюць на карту, дзе бачныя выявы дронаў арміі Расеі. На экране зьверху — стрым з гораду. Дакладней, з таго, што ад яго засталося.

Від на разбураны Ваўчанск

Ваўчанск літаральна зраўнялі зь зямлёй, яго контуры засталіся толькі на мапе, а фота — у календары, падораным разьліку камандаваньнем.

«Тыя месцы, дзе мы раней былі, тыя месцы ў Ваўчанску — зараз іх няма. Зараз адны сьцены і руіны. Бывае, сядзім і глядзім: дзе яно, што за раён? Немагчыма зразумець. Ёсьць там адзін раён, дзе помнік самалёту, — вось тое адзінае, што можна апазнаць, таму што самалёт там яшчэ ляжыць. Шкада, канечне. За год, паўтара, якія мы тут стаім, зьнішчыць столькі ўсяго», — кажа Павел.

Праз паўтары гадзіны НРК даяжджае да пазыцый. Яго разгружаюць за паўхвіліны: Уладзімір пасьпявае толькі расьцягнуцца на крэсьле. Яшчэ паўтары гадзіны — і НРК едзе назад. У спэцыяльным месцы яму памяняюць батарэю і выпусьцяць на новую місію. Да пазыцый, лёс якіх залежыць ад вось такіх робатаў, як у фантастычных фільмах з 90-х гадоў аб вайне будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як і адкуль ляцелі дроны? Крыніца ў СБУ распавяла дэталі атакі на расейскія авіябазы