Расьсьледаваньне справы Захаранкі працягнулі яшчэ на тры месяцы. «Сьледзтва не вядзецца», — лічыць Алег Воўчак

Партрэт Юрыя Захаранкі

Сьледчы камітэт зноў працягнуў расьсьледаваньне забойства экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, гэтым разам на тры месяцы — да 24 сьнежня.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Алег Воўчак, які атрымаў ліст са Сьледчага камітэту.

Ці азначае падаўжэньне справы, што расьсьледаваньне вядзецца і будзе нейкі вынік? На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды Алег Воўчак, які прадстаўляе інтарэсы сямʼі Захаранкі, адказаў так:

«Ужо баліць язык штогод пра гэта казаць: канечне, сьледзтва не вядзецца. Мы ўжо цягам трох апошніх тыдняў вядзем праект „Беларуская праўда“ і выстаўляем усе матэрыялы па тэме зьніклых. Гэтыя справы былі ўжо расьсьледаваныя ў 2001 годзе. Засталося толькі прадʼявіць абвінавачаньне і справу накіраваць у суд. Таму тое, што расьсьледаваньне зноў працягнулі, — гэта толькі зацягваньне гэтай справы. І пра гэта ў 2010 годзе падчас беларуска-расейскай сваркі казаў нават расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў, што за дзесяць гадоў час ужо расьсьледаваць гэтыя справы. Таму тут ужо ўсё, што можна — усё было расьсьледавана. Магчыма, калі скончыцца прэзыдэнцтва Лукашэнкі, тады і будзе расьсьледаваная справа».

Алег Воўчак

Ці зьявілася нейкая новая інфармацыя ў грамадзкім расьсьледаваньні зьнікненьня Юрыя Захаранкі?

«Грамадзкая камісія працуе, але нейкай новай інфармацыі, апроч той, якую мы сабралі за мінулыя гады, няма. І ня зьявіцца. Зноў жа мы вяртаемся да 2001 году, і для нас усё ясна, хто і якім чынам ліквідоўваў палітыка. І цяпер справа за пракуратурай і судом».

Юры Захаранка зьнік увечары 7 траўня 1999 году па дарозе дадому ў раёне Магілёўскай вуліцы ў Менску. Справа па факце яго забойства было распачатая 17 верасьня 1999 году, але дагэтуль не завершаная. Расьсьледаваньне акалічнасьцяў зьнікненьня Захаранкі знаходзіцца на кантролі Камітэту ААН па правах чалавека.