Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызнаць памерлым Захаранку — паставіць у няёмкае становішча Лукашэнку


Ілюстрацыйнае фота. Мужчына з партрэтам Юрыя Захаранкі
Ілюстрацыйнае фота. Мужчына з партрэтам Юрыя Захаранкі

Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу Ўльляны Захаранкі на ранейшае азначэньне суду Кастрычніцкага раёну сталіцы.

Маці экс-міністра ўнутраных спраў, якога выкралі 7 траўня 1999 году, патрабавала, каб яе сына прызналі памерлым. Суд палічыў гэта немагчымым, бо не завершаная яшчэ крымінальная справа па факце зьнікненьня генэрала міліцыі і грамадзкага дзеяча, распачатая 17 гадоў таму.

Натальля Мацкевіч, адвакатка сям’і Захаранкаў, ужо бліжэйшым часам зьбіраецца абскардзіць вэрдыкт на імя старшыні Менскага гарадзкога суду, а калі спроба будзе бясплённая — у Вярхоўным судзе Беларусі. Самой Ульляны Рыгораўны на судзе не было — праваабаронцы, турбуючыся за яе здароўе, параілі ня езьдзіць.

Сёлета 24 траўня 92-гадовая Ўльляна Захаранка пры дапамозе юрыстаў Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру падала ў суд Кастрычніцкага раёну Менску заяву аб прызнаньні памерлым свайго сына Юрыя Захаранкі. Заяву жанчына абгрунтавала неабходнасьцю вырашыць пытаньні са спадчынай — найперш, з дагэтуль зарэгістраванай на яго менскай кватэрай. Апроч таго, увесь гэты час жанчына была пазбаўлена магчымасьці атрымліваць пэнсію па страце кармільца.

Маці зьніклага Юрыя Захаранкі Ўльляна, архіўнае фота
Маці зьніклага Юрыя Захаранкі Ўльляна, архіўнае фота

Праз тыдзень судзьдзя Вольга Біруля вынесла азначэньне аб узбуджэньні грамадзянскай справы, пасьля чаго аб’яднала яе са справай па аналягічнай заяве ад 2002 году, якую падавала жонка генэрала Вольга Захаранка. Адначасова з гэтым вытворчасьць была прыпыненая да вырашэньня крымінальнай справы, распачатай пракуратурай 17 верасьня 1999 году.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што расьсьледаваньне справы Захаранкі даўно ператворана ў імітацыю дзейнасьці, бо працэдуры зводзяцца выключна да падаўжэньня на 3 месяцы тэрміну папярэдняга расьсьледаваньня. Таму, як кажа кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Воўчак, было б дзіўна, каб сёньня сыстэма раптам пайшла насустрач:

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Прызнаньне памерлым Захаранкі — гэта асабістая параза Лукашэнкі. Таму сыстэма зробіць усё, каб толькі не прызнаць, што ён зьнік, што ён забіты. Пры такім раскладзе будзе над чым задумацца ў тым ліку супрацоўнікам міліцыі, якімі некалі кіраваў Юры Мікалаевіч. Бо выходзіць, што апазыцыя мела рацыю, заяўляючы, што яго гвалтам выкралі і забілі. Як на мой погляд, справа будзе цягнуцца да таго часу, пакуль прэзыдэнтам будзе Лукашэнка. Кажу як юрыст: паводле грамадзянскага заканадаўства і міжнароднага права ў гэтай сытуацыі Захаранку абавязаныя прызнаць памерлым. Вядома, абарона будзе рашэньне абскарджваць, але як прадстаўнік Вольгі Захаранкі ў 2002 годзе я таксама зьвяртаўся з аналягічным патрабаваньнем, дайшлі да Вярхоўнага суду, дзе нам сказалі: пакуль расьсьледуецца справа, мы працэс пачаць ня можам».

Шэраг праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звоскава, рух «Салідарнасьць», Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, цэнтар «Прававая дапамога насельніцтву» ды іншыя, ініцыявалі грамадзкую акцыю «Мама памятае. А ты?».

Пікет у падтрымку Ўльляны Захаранкі каля суду
Пікет у падтрымку Ўльляны Захаранкі каля суду

Да кампаніі далучыліся вядомыя людзі і актывісты як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Акцыя салідарнасьці ставіла за мэту прадэманстраваць, што Ўльляна Захаранка не застаецца самотнай у сваім імкненьні даведацца праўду пра лёс зьніклага сына. У Менскі гарадзкі суд перадалі некалькі сотняў подпісаў з просьбай выканаць волю маці паважанага чалавека. Але, як выявілася, марна.

Зрэшты, кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская, якая дапамагала Ўльляне Захаранцы з падрыхтоўкай хадайніцтва, таксама ня мела вялікіх спадзеваў:

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«Калі шчыра, я штосьці такое і прагназавала. На жаль, як паказвае практыка, ад нашага суду справядлівага рашэньня не дачакаесься, тым больш па такой справе. Адзінае, у глыбіні душы мы ўсё ж разьлічвалі на адмену рашэньня і разгляд суду першай інстанцыі — маю на ўвазе заяву Ўльляны Рыгораўны аб прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым. Таму што мы ня хочам папяровых судоў, падчас якіх справа пачынаецца, прыпыняецца, далучаецца да крымінальнай справы, і ўсё — тупік, заяўнік ня можа нават вылучыць сваё патрабаваньне. Натуральна, тактыка абароны — абскарджваць рашэньне Менгарсуду на больш высокім узроўні з тым, каб Ульляна Захаранка змагла рэалізаваць свае грамадзянскія правы».

У залі Менскага гарадзкога суду сабралася багата людзей, якія прыйшлі выказаць салідарнасьць і са зьніклым апанэнтам уладаў, і зь яго сям’ёй. Усіх прысутных фіксавалі на відэакамэры супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Падчас агучваньня вэрдыкту адзін зь іх сілай вырваў з рук 69-гадовай апазыцыянэркі Ніны Багінскай складзены бел-чырвона-белы сьцяг і хутка выбег з памяшканьня.

Неўзабаве пасьля заканчэньня судовага паседжаньня дэмакратычныя актывісты наладзілі пікет супраць палітычнай ангажаванасьці судовай сыстэмы. Па выніках было складзена пяць адміністрацыйных пратаколаў, пры гэтым адзін зь міліцыянтаў пагражаў удзельнікам, што ўсе яны сёньня «будуць сядзець у клетцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG