Уладзімір Пуцін, выступаючы 3 верасьня на Ўсходнім эканамічным форуме ва Ўладзівастоку, заявіў, што, на яго думку, «ёсьць шанцы» на канструктыўныя перамовы аб заканчэньні вайны. Аднак, на думку Пуціна, гэтыя перамовы мусяць весьці непасрэдна Расея і Ўкраіна.
Пуцін зазначыў, што такія краіны, як ЗША і Кітай, «усяляк садзейнічаюць таму, каб праблема была вырашаная і, перш за ўсё, мірнымі сродкамі». Ён падзякаваў тым, «хто спрабуе ўнесьці свой уклад ва ўрэгуляваньне гэтага пытаньня», але не выступіў з якімі-небудзь прапановамі або ўяўленьнямі аб тым, як магло б выглядаць такое ўрэгуляваньне.
Пуцін назваў «дзяржаўным тэрарызмам» папярэджаньні ўкраінскага боку аб пагрозах для самалётаў у расейскай паветранай прасторы. Ён таксама заявіў аб захаваньні кантактаў Масквы і Кіева па лініі спэцслужбаў, паведамляе Расейская служба Радыё Свабода.
«Наколькі яны [кантакты] вядуць да мірнай дамовы, мне цяпер цяжка сказаць, маючы на ўвазе тыя заявы, якія мы чулі ў апошні час з боку першых асоб Украіны. Але кантакты сапраўды ёсьць, яны працягваюцца ў бягучым рэжыме, таксама па лініі спэцыяльных службаў перш за ўсё», — сказаў Пуцін.
1 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскае неба становіцца «цалкам небясьпечным» з-за рэгулярных налётаў бесьпілётнікаў, і заклікаў авіякампаніі гэта ўлічыць. Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна не нясе пагрозы для грамадзянскай авіяцыі, але трэба ўлічваць, што ў небе Расеі будуць знаходзіцца дроны.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, выступаючы ў сераду, 2 верасьня, перад журналістамі ў Белым доме, зноў заклікаў Расею і Украіну «спыніць гэтую дурную вайну». Трамп зазначыў, што гатовы сустрэцца з Пуціным, але лічыць такую сустрэчу мэтазгоднай, толькі «калі вайна падыдзе да канца». «Я хачу, каб у нас былі добрыя адносіны з Расіяй, з Украінай, з усімі. Гэта было б вельмі добра для бізнэсу», — сказаў Трамп.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрвію Fox News заявіў на днях, што Вашынгтон «у бліжэйшыя тыдні» прыкладзе намаганьні для таго, каб дабіцца разуменьня, ці магчыма аднаўленьне перамоваў аб міры паміж Расеяй і Украінай. Паводле Рубіё ў ЗША разумеюць, «што ў абодвух бакоў ёсьць даволі дакладныя чырвоныя лініі», і намаганьні адміністрацыі прэзыдэнта Дональда Трампа будуць накіраваныя на тое, каб «гэтыя чырвоныя лініі зьблізіць».
- Папярэдняя сустрэча Трампа і Пуціна адбылася ў жніўні 2025 года ў Анкорыджы, штат Аляска.
- Пасьля гэтага расейскія чыноўнікі рэгулярна заяўлялі пра так званы «дух Анкорыджа» або пра дасягнутае там «паразуменьне».
- Канкрэтны зьмест гэтых «пагадненьняў» не раскрываўся, і яны не былі афіцыйна абвешчаныя пасьля саміту.
- З ініцыятывы Трампа былі прадпрынятыя дыпляматычныя захады і арганізаваныя перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны, але яны не далі выніку і цяпер фактычна прыпыненыя.