З-за ўдараў Украіны па НПЗ у 2 абласьцях Расеі і на акупаванай Луганшчыне абмежавалі продаж бэнзіну

Ілюстрацыйнае фота

Расея перажывае дэфіцыт бэнзіну на фоне сваёй вайны ва Ўкраіне і атак Кіева па НПЗ у адказ на агрэсію, пры гэтым Масква пашырае закупкі паліва зь Беларусі.

Як паведаміла «Настоящее время», у Белгарадзкай вобласьці Расеі на запраўках сеткі «Роснефть» перасталі напаўняць палівам каністры, а аўтамабілі забараняюць запаўняць да поўнага баку. Міністар эканамічнага разьвіцьця гэтай вобласьці Максім Гусеў паведаміў, што ў іх рэгіёне і ў суседняй Курскай вобласьці такія захады былі ўведзены сеткай заправак, нібыта для «бясьпекі пры рэалізацыі паліва».

У акупаванай Расеяй частцы Луганскай вобласьці Ўкраіны таксама праблемы з палівам. 2 чэрвеня акупацыйныя ўлады так званай «ЛНР» прызналі рызыку паліўнага дэфіцыту і паведамілі, што на аўтазапраўках рэгіёну ў адны рукі будзе прадавацца ня больш за 20 літраў бэнзіну. «Абмежаваньні носяць часовы характар і будуць адмененыя пасьля паляпшэньня сытуацыі з пастаўкамі ГЗМ», — адзначаецца ў паведамленьні.

З 30 траўня аналягічныя абмежаваньні ўвялі ў анэксаваным Расеяй Крыме, дзе складанасьці з бэнзінам узьніклі з-за нападаў украінскіх бесьпілётнікаў на так званую фэдэральную трасу «Наваросія», якая злучае Крым з Расеяй праз акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі ў абыход Крымскага мосту.

Паводле расейскага выданьня «Коммерсант» на паліўным рынку пакуль выражаны дэфіцыт бэнзіну фіксуецца толькі ў Крыме, але «калі сытуацыя не наладзіцца», то да пачатку жніўня падобныя праблемы ўзьнікнуць у «вялікай колькасьці рэгіёнаў».

У Расеі расьце попыт на беларускі бэнзін

Сумарны аб’ём продажаў бэнзіну зь беларускіх НПЗ на расейскай Пецярбурскай біржы ў траўні сёлета дасягнуў 23,64 тысячы тон, што ў 26 разоў больш, чым годам раней (0,9 тысячы тон). Такія зьвесткі прыводзіць ТАСС з спасылкай на Нацыянальнае біржавое цэнавае агенцтва Расеі.

Пасьля ўкраінскіх удараў па НПЗ улады Расеі рыхтуюць пакет захадаў для насычэньня ўнутранага рынку палівам, у тым ліку абмяркоўваюць рост паставак з Беларусі.

Пры дэфіцыце паліва ў расейскіх рэгіёнах урад Расеі пачынае пазіраць на Беларусь як на патэнцыйнага пастаўніка паліва, паведамляе РБК.

Дырэктар Open Oil Market Сяргей Цярэшкін у размове з РБК адзначыў, што калі нават калі ўвесь беларускі бэнзін будзе паступаць на расейскі рынак, то гэта забясьпечыць менш за 10% патрэбаў Расеі. Вытворчасьць аўтабэнзіну ў Беларусі складае крыху больш за 3 млн т у год, тады як попыт расейскіх аўтаўладальнікаў — амаль 40 млн т, піша РБК.

У Беларусі працуюць два мадэрнізаваныя НПЗ — Мазырскі і Наваполацкі — сумарнай магутнасьцю 24 мільёны тон нафты ў год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля ўкраінскіх атак многія НПЗ у Расеі спынілі ці скарацілі вытворчасьць

Расея забараніла экспарт паліва

Раней урад Расеі забараніў вывозіць з краіны авіяцыйную ґазу. Аб гэтым паведамляецца на сайце расейскага ўраду. Забарона вывозіць паліва для рэактыўных рухавікоў, у тым ліку набытае на біржавых таргах, у пастанове названа часоваю. Яна мае дзейнічаць да 30 лістапада 2026 году.

Гэтая забарона не датычыць паставак з тэрыторыі Расеі ў рамках міжнародных міжурадавых пагадненьняў (у тым ліку ў дзяржавы — чальцы Эўразійскага эканамічнага саюзу, куды ўваходзіць Беларусь).

Цяпер таксама дзейнічае поўная забарона на экспарт з Расеі бэнзіну, закліканая, як сьцьвярджаецца, перадухіліць дэфіцыт у пэрыяд высокага попыту. Яна дзейнічае па 31 ліпеня. Надалей дзейнічае і частковая забарона на экспарт дызэльнага паліва. Выраб бэнзіну ў Расеі ўпаў у траўні 2026 году на 10 працэнтаў, што выклікана ўкраінскімі ўдарамі па НПЗ і іншых нафтавых абʼектах Расеі. Таму Расея цяпер купляе больш прадукцыі беларускіх НПЗ.

Як паведамляе «Коммерсантъ», апошнім часам продаж беларускага паліва ў Расеі павялічыўся ў разы.

«На расейскім рынку захоўваецца недахоп прапановы праз сэзонныя і няплянавыя рамонты НПЗ і рост попыту. Аналітыкі лічаць, што імпарт дапаможа лякальна згладзіць недахоп, але не пакрыць усе страчаныя магутнасьці», — паведамляе выданьне.

«Няплянавымі рамонтамі» НПЗ ў Расеі цяпер называюць аднаўленьне заводаў пасьля ўкраінскіх атак і пажараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларускі бэнзін і дызэль не ўратуюць». Улады анэксаванага Крыму ўвялі талёны на паліва

Пад атакі трапілі ўсе НПЗ ў эўрапейскай частцы Расеі

Практычна ўсе буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў цэнтральнай Расеі мусілі спыніць ці скараціць вытворчасьць пасьля ўдараў украінскіх дронаў апошнімі тыднямі, паведамляла Reuters. Спыненьне прывядзе да рэзкага зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці, што яшчэ больш пагоршыць няпэўнасьць у энэргетычным сэктары Расеі і ў галіне паставак паліва, адзначае агенцтва.

Атакаваныя ўжо ўсе НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі. Выданьне «Вот так» падлічыла, што з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня УСУ нанесьлі ня менш як 158 удараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах.

Пасьля нядаўніх удараў па Пермскім НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі не засталося буйных нафтазаводаў, якія раней не траплялі пад атакі. Па-за зонай удараў сярод такіх прадпрыемстваў застаюцца Омскі і Ангарскі НПЗ, яны за Ўралам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ аб’ём продажаў беларускага бэнзіну на Пецярбурскай біржы вырас у 26 разоў

Чаму гэта важна

Хоць закупкамі зь Беларусі немагчыма закрыць дэфіцыт паліва, які ўтварыўся ў Расеі пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ, пра што сьведчаць і расейскія аналітыкі, але беларускія пастаўкі могуць зьмякчыць дэфіцыт, даўшы расейскім заводам час на рамонт. У цяперашняй сытуацыі пры дэфіцыце бэнзіну расейскія рэгіёны зьвяртаюць увагу на Беларусь.

18 траўня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Дзянісам Пасьлерам гаворка ішла ў тым ліку пра пастаўкі ў Расею нафтапрадуктаў. Як паведамляла прэс-служба Лукашэнкі, на сустрэчы ён заявіў, што «нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік кірункаў для актывізацыі супрацоўніцтва» і што Беларусь гатовая пастаўляць свой бэнзін у Расею.

Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надаючы расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія НПЗ надалей спыняюць працу пасьля атак украінскіх бесьпілётнікаў