Пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ у Расеі ўвялі забарону на экспарт авіяцыйнай газы. Беларусі гэта не датычыць

Пажар на Разанскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Расеі. Архіўнае фота

У многіх рэгіёнах Расеі пачаўся дэфіцыт паліва, пры гэтым вырасьлі аб’ёмы рэалізацыі беларускага бэнзіну.

Урад Расеі забараніў вывозіць з краіны авіяцыйную ґазу. Аб гэтым паведамляецца на сайце расейскага ўраду. Забарона вывазу паліва для рэактыўных рухавікоў, у тым ліку набытага на біржавых таргах, у пастанове названа часовай. Яна мае дзейнічаць да 30 лістапада 2026 году.

Рашэньне, як гаворыцца ў паведамленьні, прынялі для забесьпячэньня «стабільнай сытуацыі на ўнутраным паліўным рынку» Расеі.

У пастанове расейскага ўраду запісана, што гэтая забарона не датычыць паставак з тэрыторыі Расеі ў рамках міжнародных міжурадавых пагадненьняў (у тым ліку ў дзяржавы — чальцы Эўразійскага эканамічнага саюзу, куды ўваходзіць Беларусь) у межах аб’ёмаў, прадугледжаных дамовамі і індыкатыўнымі балянсамі.

Гэта першы выпадак, калі ўлады Расеі ўводзяць падобную забарону, адзначае РБК.

Цяпер таксама дзейнічае поўная забарона на экспарт бэнзіну, закліканая, як сьцьвярджаецца, перадухіліць дэфіцыт у пэрыяд высокага попыту. Яна дзейнічае па 31 ліпеня. Надалей дзейнічае і частковая забарона на экспарт дызэльнага паліва. Выраб бэнзіну ў Расеі ўпаў у траўні 2026 году на 10 працэнтаў, што выклікана ўкраінскімі ўдарамі па НПЗ і іншых нафтавых абʼектах Расеі. Расея цяпер купляе больш прадукцыі беларускіх НПЗ.

Як паведамляе «Коммерсантъ», апошнім часам продаж беларускага паліва ў Расеі павялічыўся ў разы.

«Аб’ёмы рэалізацыі беларускага бэнзіну на Пецярбурскай біржы ў траўні вырасьлі ў разы, нягледзячы на заўважную прэмію да ўнутраных цэнаў. На расейскім рынку захоўваецца недахоп прапановы праз сэзонныя і няплянавыя рамонты НПЗ і рост попыту. Аналітыкі лічаць, што імпарт дапаможа лякальна згладзіць недахоп, але не пакрыць усе страчаныя магутнасьці», — паведамляе выданьне.

«Няплянавымі рамонтамі» НПЗ ў Расеі цяпер называюць аднаўленьне заводаў пасьля ўкраінскіх атак і пажараў.

Выданьне паведамляе, спасылаючыся на зьвесткі Нацыянальнага біржавога цэнавага агенцтва, што продажы бэнзіну зь беларускіх НПЗ на Пецярбурскай біржы 1–22 траўня павялічыліся да 17,34 тысячы тон супраць 0,3 тысячы тон за той жа пэрыяд годам раней.

У Беларусі працуюць два мадэрнізаваныя НПЗ — Мазырскі і Наваполацкі — сумарнай магутнасьцю 24 мільёны тон нафты ў год.

Пад атакі трапілі ўсе НПЗ ў эўрапейскай частцы Расеі

Практычна ўсе буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў цэнтральнай Расеі мусілі спыніць ці скараціць вытворчасьць пасьля ўдараў украінскіх дронаў апошнімі тыднямі, паведамляла Reuters. Спыненьне прывядзе да рэзкага зьніжэньня аб’ёмаў вытворчасьці, што яшчэ больш пагоршыць няпэўнасьць у энэргетычным сэктары Расеі і ў галіне паставак паліва, адзначае агенцтва.

Атакаваныя ўжо ўсе НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі. Выданьне «Вот так» падлічыла, што з пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня УСУ нанесьлі ня менш як 158 удараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах.

Пасьля нядаўніх удараў па Пермскім НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі не засталося буйных нафтазаводаў, якія раней не траплялі пад атакі. Па-за зонай удараў сярод такіх прадпрыемстваў застаюцца толькі Омскі і Ангарскі НПЗ, яны за Ўралам.

Чаму гэта важна

Хоць закупкамі зь Беларусі немагчыма закрыць дэфіцыт паліва, які ўтварыўся ў Расеі пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ, пра што сьведчаць і расейскія аналітыкі, але беларускія пастаўкі могуць зьмякчыць дэфіцыт, даўшы расейскім заводам час на рамонт. У цяперашняй сытуацыі пры дэфіцыце бэнзіну расейскія рэгіёны зьвяртаюць увагу на Беларусь.

18 траўня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Дзянісам Пасьлерам гаворка ішла ў тым ліку пра пастаўкі ў Расею нафтапрадуктаў. Як паведамляла прэс-служба Лукашэнкі, на сустрэчы ён заявіў, што «нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік кірункаў для актывізацыі супрацоўніцтва» і што Беларусь гатовая пастаўляць свой бэнзін у Расею.

Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надаючы расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларускі бэнзін і дызэль не ўратуюць». Улады анэксаванага Крыму ўвялі талёны на паліва

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля ўкраінскіх атак многія НПЗ у Расеі спынілі ці скарацілі вытворчасьць